Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Авакаў абвінавачвае партыю «Свабода» ў забурэньнях каля Вярхоўнай Рады


Міністр унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў вінаваціць партыю «Свабода» і яе лідэра Алега Цягнібока ў раненьні каля 90 праваахоўнікаў і сьмерці нацгвардейца падчас сутычак каля Вярхоўнай Рады 31 жніўня. Пра гэта ён заявіў на брыфінгу ў Кіеве.

«Сярод параненых — каля 20 салдат і афіцэраў, якія прайшлі антытэрарыстычную апэрацыю, узнагароджаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі, датэрміновымі званьнямі, Гэта рэальныя баявыя людзі. Мы павінны трымаць іх тут, каля Вярхоўнай Рады, каб плаціць цану за палітычныя амбіцыі некага?» - сказаў ён.

«Я наўпрост абвінавачваю Алег Цягнібока і яго партыю «Свабода». Я лічу, што гэта злачынства, а не палітычная пазыцыя», — заявіў Аваков.

«Цягнібок не прывёў пратэстоцаў пад Вярхоўную Раду. Ён прывёў бандытаў, якія забівалі і калечылі нашых салдат. Вось мая пазыцыя» — сказаў міністар унутраных справаў Украіны. Ён паведаміў, што чалавек, які кінуў гранату ў міліцыю і Нацгвардыю каля Вярхоўнай Рады — чалец партыі «Свабода» Ігар Гумянюк.

Лідэр партыі «Свабода» Алег Цягнібок ўпэўнены, што людзі, якія дэманстравалі агрэсію і ўжывалі зброю пад Вярхоўнай Радай, былі ня нацыяналістамі, а правакатарамі ад улады.

Пра гэта ён заявіў у камэнтары «Украінскай праўдзе».

«Свабодаўцы, якія прыйшлі на акцыю пратэсту пад сьцены ўкраінскага парлямэнту, гэта былі людзі, якія прыйшлі пратэставаць з партыйнай сымболікай і ўкраінскай сымболікай. Нашы людзі не прыходзілі з каламі, нашы людзі не прыходзілі зь міліцэйскімі палкамі і гранатамі» — падкрэсьліў ён.

Паводле словаў Цягнібока, першымі сілу ўжылі праваахоўнікі, якія, на яго думку, атрымалі адпаведны загад.

«Зразумела, што калі пайшла агрэсія з боку праваахоўных органаў, рэакцыя грамадзтва адназначная была. І гэтая ўлада павінна дакладна разумець, што грамадзтва ня будзе чакаць і ня будзе трываць, калі ўлада зьдзекуецца з людзей і падманвае. Гэта ўжо ўсё наступствы» — лічыць палітык.

На яго думку, зброю з боку мітынгоўцаў ўжылі нанятыя уладай правакатары.

«Першымі правакатарамі» ён лічыць 265 дэпутатаў, якія ў панядзелак прагаласавалі ў першым чытаньні за ўнясеньне зьменаў у Канстытуцыю.

Цягнібок таксама заявіў, што асабіста ратаваў праваахоўнікаў, якія траплялі ў атачэньне разьюшанага натоўпу.

Адказваючы на пытаньне аб тым, ці спрабаваў ён спыніць мітынгоўцаў, якія ўжывалі гвалт, лідэр «Свабоды» заявіў, што яму не пад сілу спыніць пратэст людзей.

«Ёсьць гнеў людзей і пратэст людзей. І пратэст людзей нікому не спыніць, ні Цягнібоку, ні Авакаву, нікому іншаму. Гэта народ выказвае свой пратэст супраць ганебнай, здрадлівай ўлады» — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG