Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злачынцу, які зьбіў гея Пішчэўскага, рыхтуюць да амністыі


Дзьмітры Лукашэвіч у залі суду, 2014 год
Дзьмітры Лукашэвіч у залі суду, 2014 год

Сваякі Дзьмітрыя Лукашэвіча, які адбывае 2 гады і 8 месяцаў зьняволеньня за нанясеньне траўмаў гею Міхаілу Пішчэўскаму, узялі ў судзе даведкі для падачы ў калёнію адносна амністыі. Выйсьці на волю Дзьмітры Лукашэвіч можа празь некалькі месяцаў. Тым часам зьбіты ім Міхаіл Пішчэўскі ўсё яшчэ ляжыць у менскім шпіталі, гаварыць і рухацца ён па-ранейшаму ня ў стане. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла сястра пацярпелага Міхаіла Пішчэўскага Тацяна.

Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота
Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота

«Пра магчымую амністыю Лукашэвіча мы даведаліся ад нашага адваката, якой стала вядома, што Лукашэвічы кампэнсавалі ўсю суму нанесенай нам шкоды і ўзялі пра гэта даведку ў судзе. Гэта робіцца, каб атрымаць права на амністыю. Відаць, цяжка яму стала сядзець, вырашыў пайсьці дамоў па амністыі», — сказала Тацяна пра асуджанага за зьбіцьцё яе брата Дзьмітрыя Лукашэвіча.

Ці атрымалі яны ўсе грошы ад Лукашэвіча?

«У нас зь іхнімі грашыма ўзьнікла вялікая праблема. Тыя 55 мільёнаў, якія Лукашэвіч паводле рашэньня суду адправіў нашай маці ў якасьці кампэнсацыі, яна атрымала. А вось яшчэ 130 мільёнаў, якія суд пастанавіў спагнаць Міхаілу, завісьлі на пошце. Справа ў тым, што яны адпраўленыя непасрэдна яму, на адрас кватэры, у якой Міша жыў да інцыдэнту. Зьняць іх Міша сам ня можа, бо ён па-ранейшаму ня рухаецца, ляжыць у шпіталі ў стане, які блізкі да комы. Зрабіць даверанасьць на імя іншага чалавека, які б змог атрымаць гэтыя грошы за Мішу, таксама, аказваецца, немагчыма. Галоўны лекар не бярэ на сябе адказнасьці, каб даць даведку, што Міша знаходзіцца ў прытомнасьці і давярае атрымаць гэтыя грошы іншаму чалавеку. У натарыяльнай канторы нам сказалі, што чалавек сам мусіць заявіць натарыюсу, што ён згодны, каб за яго атрымаў грошы іншы. А Міша гэтага сказаць ня можа, бо ён не размаўляе: у яго ў роце стаіць трубка і мала імпульсаў у галаўным мозгу, каб размаўляць. Мы ўжо спрабуем пачаць навучаньне, але цяпер толькі на пачатковай стадыі. Недзе, магчыма, праз год-два ўдасца навучыць нешта гаварыць зноў. То бок мы цяпер у тупіку».

Карэспандэнт: «У вас жа яшчэ ёсьць варыянт, што грошы ад Лукашэвіча вернуцца яму, калі Міхаіл іх не атрымае, і хай бы сям’я Лукашэвіча проста вам перадала гэтыя грошы. Такое магчыма?»

«Тэарэтычна — так. Але праблема ў тым, што мы ніяк не кантактуем, і калі ўдасца гэта наладзіць, невядома, а грошы нам патрэбныя ўжо цяпер. Пасьля суду Лукашэвіч заяўляў, што плаціць кампэнсацыю будзе паступова, бо ўсёй сумы ў яго няма. Але, аказваецца, як „засьвяціла“ амністыя, дык грошы знайшліся. Гэта ў любым выпадку добра, але пакуль мы грошай ня бачым».

Карэспандэнт: «Ці ёсьць зьмены да лепшага ў стане вашага брата? Міхаіла не зьбіраюцца выпісваць са шпіталя?»

«Збольшага ўсё па-ранейшаму. Але зьявілася надзея, што — так, мы яго ўсё ж забяром дамоў, і гэтак будзе лепш для ўсіх. Галоўнае, што ён змагаецца, ня стала горш, як некаторыя ўжо чакалі. Глядзіць за ім у асноўным маці, мы з братам на некалькі гадзінаў прыходзім, дапамагаем. Шмат людзей цікавяцца лячэньнем Мішы, ягоным станам, падтрымліваюць. Гэта для нас вельмі важна, ім вялікі дзякуй».

У траўні 2014 году мянчук Міхаіл Пішчэўскі, які мае нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю, быў зьбіты Зьмітром Лукашэвічам. Канфлікт здарыўся каля менскай кавярні «Андэрволд», дзе 25 траўня 2014 году зьбіраліся асобы нетрадыцыйнай арыентацыі, сярод якіх быў і Міхаіл Пішчэўскі.

Позна ўвечары ён выходзіў з кавярні сьледам за двума сябрамі, на адрас якіх жыхар гэтага раёну Дзьмітры Лукашэвіч выказаўся абразьліва. «Хто тут п......ы?», — пасьпеў спытаць Міхаіл Пішчэўскі былога настаўніка фізкультуры, баксёра Дзьмітрыя Лукашэвіча, і атрымаў ад яго моцны ўдар у твар, пасьля чаго паваліўся і страціў прытомнасьць. Цэнтральны раённы суд, спачатку ў адным складзе, потым у іншым, калі справа пераглядалася, так і не прызнаў, што Лукашэвіч ударыў Пішчэўскага з прычыны нянавісьці да геяў. Паводле суду, усё адбылося празь неасьцярожнасьць Лукашэвіча. Не зьмянілі яму і тэрмін пакараньня.

У ліпені 2015 году сям’я Міхаіла Пішчэўскага падала чарговую скаргу на прысуд у Менскі гарадзкі суд, гэтая скарга зноў была адхіленая.

Зьміцер Лукашэвіч адбывае пакараньне ў жодзінскай калёніі № 8.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG