Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Навошта падымаць заробкі, калі выбары ўжо адбыліся...» — апытаньне ў Горадні


Раней перад выбарамі ўлады актыўна падвышалі заробкі і пэнсіі і ўтрымлівалі курс рубля, а цяпер гэтага ня робяць. Чаму? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Мужчына сярэдняга веку: «Вы ж ведаеце, што ўсе прадпрыемствы працуюць няпоўны тыдзень. А адсюль і пэнсіі, і заробкі, і паступленьні ў бюджэт. Дык думаю, што цяпер няма такой неабходнасьці падвышаць заробкі, грошы ж няма адкуль браць...»

Мужчына пэнсійнага веку: «Ён ужо ведае, што пройдзе на выбарах і стане прэзыдэнтам. Выбары, калі так можна сказаць, ужо адбыліся. А што там казаць пра пэнсію, калі я адпрацаваў 45 год і атрымліваю 2 мільёны 800...»

Малады мужчына: «Мне здаецца, тут усё зьвязана з эканамічнымі праблемамі, якія цяпер ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі і Амэрыцы, праўда, пра гэта ніхто чамусьці не гаворыць. Заеліся буржуі, і грошай ні ў кога няма».

Мужчына сярэдняга веку: «Ад выбараў пэнсіі і заробкі не падымуцца. Вось калі вытворчасьць стане стабільнай, тады ўсё запрацуе. Але мы ня можам так адразу ўзяць і ўсё перабудаваць. На ўсё патрэбны час і — працаваць, працаваць, працаваць. А пакуль у нас ідуць рэканструкцыі ў вытворчасьці і ня так усё проста».

Малады хлопец: «А можа, Лукашэнка ўжо зразумеў, што яму на гэтай пасадзе доўга не сядзець, і таму няма сэнсу падвышаць заробкі, каб за яго і не галасавалі? Можа, ужо ўрэшце дасьць дарогу маладым...»

Малады мужчына: «Ды ўлада, відаць, зразумела, што і так прагаласуюць. Дый расейцы нам, відаць, не дапамагаюць фінансава і няма грошай».

Ягоная жонка: «Нестабільная сытуацыя ва ўсім сьвеце...»

Маладая жанчына: «Так, насамрэч гэта дзіўна. Альбо ўлады заранёў ужо ўпэўненыя ў выніках выбараў, альбо эканамічны крызіс так даецца ў знакі».

Жанчына перадпэнсійнага веку: «Цяжка нешта тут сказаць. Напэўна, грошай няма, таму і заробкі не падвышаюцца, эканомія паўсюль. Відавочна, прэзыдэнт так вырашыў, але нашы беларусы — людзі цярплівыя, зразумеюць сытуацыю...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG