Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лепш, чым у Менску: 10 беларускіх гарадоў зь пешаходнымі вуліцамі (усе гарады з фота)


Актывісты БРСМ адзначаюць Дзень яднаньня Беларусі і Расеі 2 красавіка на пешаходнай вуліцы Савецкай у Горадні

Актывісты БРСМ адзначаюць Дзень яднаньня Беларусі і Расеі 2 красавіка на пешаходнай вуліцы Савецкай у Горадні

Пакуль у сталіцы Беларусі чарговым разам абяцаюць «аддаць цэнтар горада людзям», пешаходныя вуліцы ўжо ёсьць у дзесяці гарадах. Свайго «прамэнаду» з абласных цэнтраў ня маюць толькі Менск і Гомель. Свабода сабрала сьпіс пешаходных вуліц.

Сацыялістычная ў Бабруйску: «Сацыялку» не далі перайменаваць гараджане

У 1876 годзе ў Бабруйску была заснавана Мураўёўская вуліца. Назву яна атрымала ў гонар магілёўскага губэрнатара — таго самага Мураўёва-вешальніка, а ў савецкія часы стала Сацыялістычнай. У 1985 годзе Сацыялку меліся перайменаваць у вуліцу Перамогі. Ужо былі павесілі новыя шыльды, але людзі пачалі так абурацца, што вуліцы вярнулі папярэднюю назву.

Пасьля двух пажараў на пачатку 20 стагодзьдзя Мураўёўскую капітальна забудавалі камяніцамі. Выйшла 2-кілямэтровая вуліца крамаў, майстэрняў, банкаў, цырульняў, фотаатэлье й кавярняў. Большасьць будынкаў захавалася з таго часу. У тым ліку і некалькі сынагог стогадовай даўніны.

Увесь час ад заснаваньня гэта была цэнтральная гандлёвая вуліца горада. Сёньня, як і раней, на першых паверхах камяніц — адно крамы й кавярні. Была цяперашняя Сацыялістычная для бабруйцаў і месцам шпацыру. Традыцыйны маршрут пралягае ад плошчы Перамогі да скрыжаваньня з вуліцай Карла Маркса — бабруйскага базару. Пісьменьнік і рэжысэр з Бабруйску Саламон Шульман нават напісаў кнігу пра гэта — «Прамэнад па Сацыялцы». А таму нездарма ў 1999 годзе гэтую вуліцу вырашылі зрабіць пешаходнай. Падчас афіцыйных сьвяткаваньняў на плошчы Перамогі рамесьнікі запаўняюць Сацыялістычную. Час ад часу тут можна пачуць і музыкаў.

На скрыжаваньні вуліц Сацыялістычнай і Карла Маркса (таксама пешаходнай) стаіць сучасны сымбаль гораду — бабёр у чалавечы рост. Зрэшты, іх у горадзе некалькі. Але галоўны — на галоўнай вуліцы, Сацыялістычнай.

Савецкая ў Берасьці: тут працуе адзіны ў Беларусі ліхтарнік

Пешаходная вуліца Савецкая ў Берасьці — месца прагулянак моладзі, тут багата модных крамаў ды кавярняў. Калі спытаць у берасьцейцаў, куды падацца турысту, апроч крэпасьці, то многія параяць менавіта Савецкую. Аўтамабільны рух тут прыпынілі ў 2007 годзе. А да сьвяткаваньня 1000-гадовага юбілею ў 2009-м вуліцу сур’ёзна адрамантавалі.

Шмат якія дамы канца 19 — першай паловы 20 стагодзьдзяў на Савецкай лічацца архітэктурнай спадчынай, маюць адпаведныя шыльды. Аднак гэта не перашкаджае ўладам, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці, прызнаваць некаторыя аварыйнымі, зносіць ды будаваць там гатэлі.

Яшчэ некалькі год таму над Савецкай вуліцай узвышаўся каркас шматпавярховага гатэля, які будавалі, але не дабудавалі да Алімпіяды ў Маскве 1980 году. Некалькі паверхаў з даўгабуду зьнялі, цяпер тут бізнэс-цэнтар «Didas Persia», зроблены за іранскія інвэстыцыі. Нерухомасьць на Савецкай дарагая, таму тут у асноўным крамы модных брэндаў. Ёсьць на Савецкай і казіно, забаўляльныя ды гульнявыя клюбы. У параўнаньні зь іншымі абласнымі гарадамі тут даволі шмат кавярняў і бараў. Папулярны, самы вялікі ў Берасьці кінатэатар «Беларусь» — таксама на вуліцы Савецкай. Ён збудаваны на месцы былой галоўнай сынагогі.

Берасьце — адзіны ў Беларусі горад, дзе існуе пасада ліхтаршчыка. Штодня на Савецкай мужчына ў старадаўнім касьцюме запальвае ды гасіць ліхтары-газоўкі.

Віцебск: цэлы пешаходны квартал

З усіх абласных цэнтраў Віцебск мае, бадай што, самую вялікую пешаходную зону. Чатыры вуліцы — адна вялікая і тры малыя — вызвалены ад транспартнага руху. Зроблена гэта з разьлікам на турыстаў.

Самай першай у 2010 годзе ў пешаходную ператварылі вуліцу Суворава. Тут з 18 стагодзьдзя захаваліся ратуша і гандлёвыя рады.

Найбольш людна бывае на Суворава падчас фэстывалю «Славянскі базар» у Віцебску«. Зрэшты, для самадзейных артыстаў гэтая вуліца прывабная круглы год: тут часта ладзяцца танцавальныя выступы, граюць вулічныя музыкі. На Суворава можна набыць сувэніры ў вулічных гандляроў, пасядзець у кавярні, якіх тут мноства, у тым ліку зь летнімі тэрасамі.

Пасьля Суворава ў старажытнай частцы Віцебску стала пешаходнай і вуліца Крылова. Тут захавалася забудова 19 стагодзьдзя — таго часу, калі вуліца называлася Саборнай, а пазьней — Усьпенскай. Яна вядзе да адбудаванага Ўсьпенскага сабору, адкуль з высокага берагу Дзьвіны адкрываюцца самыя прыгожыя віцебскія краявіды. Яшчэ дзьве пешаходныя вуліцы з гістарычнай забудовай — Пушкіна й Талстога.

На скрыжаваньні дзьвюх пешаходных вуліц, Суворава і Талстога, стаіць помнік князю Альгерду на кані. Менавіта ў часы панаваньня Альгерда сярэднявечны Віцебск дасягнуў найбольшага росквіту.

Савецкая ў Гародні: самая старая пешаходная вуліца Беларусі — з 1964 году

Вуліца Савецкая ў Гародні мае даўжыню пяцьсот мэтраў. Яе пачалі забудоўваць ў 14-м стагодзьдзі. Гэта адна з найстарэйшых гарадзенскіх вуліц.

Журналісты і начальнікі любяць называць Савецкую «гарадзенскім Арбатам». Але на Савецкай у Горадні рух транспарту спынены яшчэ ў 1964 годзе, а Арбат у Маскве стаў пешаходным толькі ў 1986-м. Самыя старыя камяніцы на Савецкай — 18-га стагодзьдзя, але, як правіла, у зьмененым выглядзе. Большая частка забудовы паўстала пасьля моцнага гарадзкога пажару 1885 году. На Савецкай можна заўважыць унікальны брук «трылінка», зроблены пры польскай уладзе ў 1930-х гадах. Пра архітэктурныя ды гістарычныя помнікі вуліцы — асобная гаворка. Тут і палац князёў Сангушак, і гімназія, дзе вучыўся Віктар Каліноўскі, і кансьпіратыўная кватэра Кастуся Каліноўскага. Праўда, шыльдаў, якія б пра гэта распавялі, тут амаль няма.

Каля бюста Сакалоўскага штодня праходзіць кірмаш рамесьнікаў. А ў сакавіку на гэтым месцы адбываецца агульнабеларускі кірмаш майстроў «Казюкі».

У савецкія часы на вуліцы былі толькі «Блінная» і «Пяльменная». З былых часоў засталася «Чабурэчная». Доўгі час з харчаваньнем тут было зусім блага, і толькі ў апошнія гады паадкрываліся новыя кавярні, піцэрыі, корчмы і бары.

Суворава ў Кобрыне

Да рэспубліканскіх «Дажынак» у 2009 годзе займеў сваю пешаходную вуліцу й Кобрын. У гістарычным цэнтры горада перакрылі рух і паклалі плітку на вуліцы Суворава. Па ўсёй вуліцы паставілі новыя лаўкі і кветнікі, што зрабіла яе галоўным прамэнадам Кобрына і ўлюбёным месцам для фатаграфаваньня маладых на вясельлях. Каля цалкам перабудаванага Палаца культуры адкрылі новую кавярню.

На левым баку вуліцы засталася старая гарадзкая забудова — камяніцы пачатку 20-га стагодзьдзя. На правым — Палац культуры, музэй Суворава і ваенна-гістарычны музэй. У канцы новай пешаходнай вуліцы — плошча Леніна, дзе з 2009 году таксама закрыты рух для аўтамабіляў.

Ад плошчы Леніна вуліца Суворава вядзе да гарадзкога парку і аквапарку. Па словах мясцовых жыхароў, гэты кавалак і раней быў часткова пешаходны. Аднак праз тое, што частка вуліцы — прыватны сэктар, сюды й цяпер заяжджаюць аўтамабілі.

Бульвар Гедыміна ў Лідзе: улюбёным месцам гараджан ня стаў

Ліда

Ліда

У 2010 годзе бульвар Чапаева ў Лідзе быў перайменаваны ў бульвар Гедыміна. Было гэта зроблена да правядзеньня ў горадзе рэспубліканскіх Дажынак. Дарэчы, у гэты год адзначалі 600-годзьдзе Грунвальдзкай бітвы, а таму частку вуліцы Энгельса назвалі Грунвальдзкай.

Што да пешаходнай вуліцы, то бульвар Чапаева й раней ня быў адкрыты для аўтамабіляў — там не было праезнай часткі. Бульвар злучае Лідзкі замак і аўтавакзал, уздоўж яго стаяць жылыя дамы, дзе на першых паверхах — крамы. Афіцыйныя сьвяты сюды не даходзяць, кавярняў няма, вулічных музыкаў таксама. Зрэшты, як і помнікаў. Адзінае, што адметнага на лідзкім бульвары, — шыльда на жылым доме са згадкай пра князя Гедыміна.

Ніякіх зьменаў, акрамя зьмены назвы, на бульвары не адбылося. Улюбёным месцам шпацыру бульвар Гедыміна ня стаў — тут гуляюць адно толькі жыхары суседніх дамоў.

Ленінская ў Магілёве: «Зломіш, але не сагнеш» — вуліца з Зорнікам

Пешаходнай Ленінскую вуліцу зрабілі ў 2004 годзе. Тут сканцэнтравана тое, што цудам захавалася ад цэнтральнай часткі старога места — узоры цывільнай забудовы сярэдзіны 19 — пачатку 20-га стагодзьдзя. Некаторыя, праўда, пасьля рэстаўрацыі страцілі сваю адметнасьць ці захавалі толькі фасадныя сьцены. Тут і найстарэйшая камяніца гораду — будынак колішняга Фарнага касьцёла сярэдзіны 18-га стагодзьдзя.

Прагалы на Ленінскай памалу запаўняюць навабудамі «пад даўніну» альбо проста сучаснымі дамамі. Аднаго разу ў яміне пад фундамэнт археолягі адшукалі жытло сярэднявечнага маляра ці мастака.

Захаваліся на пешаходнай вуліцы і ўнікальныя магілёўскія двары-калодзежы. Гадоў трыццаць таму ў гэтых дварах, атуленых з усіх бакоў дамамі і злучаных са сьветам прахаднымі аркамі, было поўна зяленіва. Цяпер дваровую тэрыторыю закаталі ў асфальт.

Адно з самых улюблёных магілёўцамі месцаў на вуліцы — пляцоўка перад кінатэатрам «Радзіма». Па-іншаму яе называюць — плошча Зорак. Там стаіць помнік зорніку, дзе запісаны стары гарадзкі слоган часоў магдэбурскага права: «Зломіш, але не сагнеш». Вакол яго 12 мэталічных крэслаў пад кожны знак задыяку. Усё больш сувэніраў зь беларускім калярытам прапануюць гандляры на тутэйшым кірмашыку. Кажуць, што попыт на іх расьце

Час ад часу на Ленінскую выходзяць невялікімі гуртамі і сольна вулічныя музыкі.

Прытыцкага ў Маладэчне: «Брадвэй», які адкрылі яшчэ пры Саветах

Вуліца Прытыцкага пешаходная яшчэ з 1988 году. Міхась Казлоўскі, мясцовы краязнаўца, распавёў Свабодзе, што частку вуліцы Прытыцкага зрабілі пешаходнай да 600-годзьдзя Маладэчна. А ў 2011 годзе, калі горад рыхтавалі да Дажынак, пешаходную частку павялічылі ў два разы. Цяпер яна цягнецца ад чыгуначнага вакзалу да цэнтральнай плошчы. Вуліца вельмі шырокая, за што атрымала ад мясцовых жыхароў назву «Брадвэй».

Як кажуць маладэчанцы, вуліца была галоўным месцам сустрэч яшчэ да рэканструкцыі. А пасьля 2011 году і пагатоў. Праз кожныя 10 мэтраў тут стаяць лаўкі, апошнім часам актыўна адкрываюцца новыя крамы й кавярні. Менавіта на гэтай вуліцы адбываюцца галоўныя гарадзкія сьвяткаваньні.

У тым жа 2011 годзе на пачатку й у канцы Прытыцкага паставілі скульптуры архітэктара Жбанава — «Падарожніцу» каля вакзалу й «Купальле» на Цэнтральнай плошчы ў канцы вуліцы. Раней на месцы «Купальля» стаяў мэмарыяльны камень з надпісам «Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі». Цяпер яго перанесьлі ў гарадзкі парк.

Пінск: пешаходная і гістарычная, але непапулярная

Цалкам пешаходныя вуліцы зьявіліся ў Пінску толькі летась — пасьля буйной перабудовы цэнтру горада, які прымаў абласныя «Дажынкі». Пешаходнымі сталі вуліцы Першамайская, Леніна, а таксама плошча Леніна.

Аднак мясцовыя жыхары ўзгадваюць, што яшчэ ў 1990-я гады часткова пешаходнай была галоўная гістарычная вуліца Леніна. Гэта першая забудаваная камяніцамі вуліца, дзе дагэтуль захаваліся былыя касьцёл і кляштар францішканцаў, дом Калодных, гімназія, якую скончылі Хаім Вейцман (першы прэзыдэнт Ізраіля), Ісаак Шонбэрг (заснавальнік ангельскай сыстэмы тэлебачаньня). У канцы вуліцы — палац Бутрымовіча, пабудаваны ў 1784 годзе.

Хоць гэта галоўная вуліца старога гораду, па-за сьвятамі людзей тут ня так шмат: большасьць будынкаў аддалі пад адміністрацыйныя, а для шпацыру гараджане абіраюць Узьбярэжную, якая ідзе паралельна Леніна ўздоўж ракі Піны. Праўда, у часе гарадзкіх сьвятаў і плошча Леніна, і вуліца Леніна запаўняюцца людзьмі.

Таксама зь мінулага году перакрылі рух на вуліцы Першамайскай. Раней яна вяла аўтамабільную плынь у цэнтар горада. Цяпер Першамайскую вызвалілі ад аўтамабіляў і зрабілі пешаходнай. Тут шмат старой забудовы, але знакавых для Пінску будынкаў няма. Не адкрылася тут пакуль і новых кавярняў — вуліца так і не ажыла.

Васі Крайняга ў Слоніме: вуліца без кавярняў

На пачатку 2000-х у Слоніме ўжо была пешаходная вуліца. Да сьвяткаваньня 750-годзьдзя горада абнавілі брук на правай частцы вуліцы Першамайскай і забаранілі па ёй праезд аўтамабіляў. Але пазьней забарону на праезд зьнялі.

Новую пешаходную вуліцу Слонім займеў летась, калі частку вуліцы Васі Крайняга (былая Банкаўская) да абласных Дажынак перабудавалі пад пешаходную. Раней на гэтым месцы была стаянка. Каб яе пашырыць, нават разглядаўся варыянт зносу руінаў былога Народнага дома. Але сьцены руінаў выкарысталі для новага будынку драмтэатру, а навакольную зону аддалі пешаходам. Новая пешаходная зона, як здавалася летась, павінна была зьмяніць цэнтар старажытнага Слоніма, надаць яму неправінцыйны шарм, сабраць сюды моладзь, музыкаў і мастакоў, нагадаць, што некалі тут гучала музыка ў выкананьні самога Міхала Агінскага.

Але вуліца ня стала люднай, тут няма ніводнай кавярні, не знайшлося месца нават для сувэнірнай крамы.

Па ўсіх правілах сучаснага ідэалягічнага этыкету на пешаходнай частцы вуліцы Васі Крайняга шматлюдна толькі тады, калі ўлады ладзяць у горадзе чарговае мерапрыемства — тады тут шмат людзей, ёсьць і музыкі, і мастакі, нават прадаюць піва, воды і шашлыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG