Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сілавікоў каля Вярхоўнай Рады кінулі гранату: ёсьць параненыя


Як паведамляе карэспандэнт «Украінскай праўды», пратэстоўцы каля Вярхоўнай Радай выкарысталі выбуховыя пакеты і баявую гранату, параненыя некалькі дзесяткаў міліцыянтаў.

Па словах дарадцы кіраўніка МУС Антона Герашчанка, у вайскоўцаў, якія ахоўваюць Вярхоўную Раду, кінулі баявую гранату. «Некалькі вайскоўцаў Нацыянальнай Гвардыі атрымалі цяжкія раненьні. Іх жыцьцё ў небяспецы. МУС ажыцьцяўляе першачарговыя дзеяньні па пошуку і затрыманьні правакатараў» – напіcаў Герашчанка ў Фэйсбуку.

Пад Вярхоўнай Радай сабраліся некалькі тысячаў актывістаў партыяў, якія выступаюць супраць зьменаў у Канстытуцыю.

Прыхільнікі Радыкальнай партыі Ляшка, Усеўкраінскага аб’яднаньня «Свабода» і партыі «Ўкроп» пратэставалі супраць «асаблівага статусу Данбасу», хоць напярэдадні прэзыдэнт Парашэнка тлумачыў, што зьменамі прадугледжаны толькі асаблівы парадак мясцовага самакіраваньня ў межах паўнамоцтваў мясцовых радаў, а ня нейкі асаблівы статус для рэгіёну.

Таксама пад парлямэнтам стаяць прыхільнікі легалізацыі агнястрэльнай зброі для грамадзянаў. Яны скандуюць: «Вольныя людзі маюць зброю!».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG