Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аналітык Свабоды Валер Карбалевіч ацаніў магчымасьць рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта на выбарах 11 кастрычніка 2015 году.

Пры рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты Цэнтравыбаркам будзе кіравацца ня якасьцю здадзеных подпісаў, а палітычнай мэтазгоднасьцю. Такой думкі прытрымліваецца палітоляг Валер Карбалевіч, чый артыкул апублікаваў БелаПАН.

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

«Перш за ўсё, з пункту гледжаньня ўладаў неабходна, каб у бюлетэнях для галасаваньня быў сапраўдны апазыцыянэр, а не, напрыклад, Гайдукевіч. Інакш не зразумее ня толькі Эўропа, але і беларускае насельніцтва. Маўляў, апазыцыянэры заўсёды былі на фінішы кампаніі, а цяпер — не. Значыць, нешта ня так, значыць, выбары нейкія не такія, не сапраўдныя. Дый для самога Лукашэнкі псыхалягічна важна „перамагчы“ менавіта прадстаўніка апазыцыі.

І тут ва ўладаў няма выбару, застаецца толькі Караткевіч. Нябачаная справа: улады сталі яе абараняць ад прэтэнзіяў астатняй апазыцыі. Сам Лукашэнка паблажліва пахваліў актывістку кампаніі „Гавары праўду“ ў інтэрвію незалежным журналістам. І кіраўнік Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына раптам накінулася на апанэнтаў Караткевіч, прыстрашыла пракуратурай.

Справа ў тым, што ўлады ня бачаць у Караткевіч суперніцу, не адчуваюць небясьпекі. Бо лічаць, што электарат ня ставіцца да гэтай пэрсоны сур’ёзна. Таму што яна жанчына, пачатковец у палітыцы, ня мае вопыту кіраваньня. Зьвярніце ўвагу, за што Лукашэнка яе пахваліў. За тое, што ў выбарчай кампаніі выкарыстоўвае беларускую мову. У тым сэнсе, што гэта яе адзіная добрая якасьць. А зь іншага боку, прыгожая жанчына. Можна і замежнікам паказаць. Маўляў, глядзіце, да якой ступені прагрэсу мы дайшлі, у нас амаль як у Эўропе», — адзначае Карбалевіч.

Аднак пры гэтым апазыцыя вырашыла адмежавацца ад Караткевіч, патрабуючы, каб яна зьнялася з выбараў.

«З слаўнай тройкі: Гайдукевіч, Улаховіч, Цярэшчанка — мяркуючы па ўсім, будуць прыбіраць апошняга. У дзьвюх абласьцях адразу раптам выявілі несапраўдныя подпісы ў падтрымку Цярэшчанкі, што дзіўным чынам супала зь яго нібыта атручэньнем. Таму, як можна меркаваць, традыцыйную ролю спарынг-партнэраў будуць выконваць Гайдукевіч і Ўлаховіч», — лічыць Карбалевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG