Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі Алеся Чаркашына: «Ніхто сына не заменіць. Герой ці не герой»


Алесь Чаркашын ля мэмарыяльнага знаку Міхаілу Жызьнеўскаму

Алесь Чаркашын ля мэмарыяльнага знаку Міхаілу Жызьнеўскаму

У Берасьці рыхтуюцца да пахаваньня загінулага ў баях на Данбасе Алеся Чаркашына, які ваяваў на баку ўкраінскіх войскаў. Карэспандэнт Свабоды пагутарыў зь яго бацькамі — Мікалаем ды Сьвятланай.

Дамоў да Чаркашыных журналіст Свабоды трапіў разам зь сябрамі Алеся Чаркашына. Бацькі пазьбягаюць увагі журналістаў, кажуць, што знаходзяцца ў шоку.

Дома сустракаюць бацька Мікалай ды маці Сьвятлана. У Алеся ёсьць яшчэ два браты — старэйшы ды малодшы за яго. Сьвятлана ў чорнай хусьцінцы, у шафе стаяць фатаздымкі Алеся.

Сябры абмяркоўваюць з бацькамі дэталі неабходнай дапамогі ў пахаваньні, потым бацькі згаджаюцца крыху пагутарыць пра Алеся з карэспандэнтам, катэгарычна адмаўляючыся фатаграфавацца.

Фатаздымкі Алеся ў шафе бацькоў

Фатаздымкі Алеся ў шафе бацькоў

— Вы ня ведалі, што Алесь знаходзіўся ў зоне баявых дзеяньняў?

Мікалай: Не, вядома. Ён казаў, што знаходзіцца на вучобе, рыхтуецца да іспытаў на апошнім курсе хрысьціянскага інстытуту.

— Вы кажаце, што апошні раз на сувязь выходзіў у ліпені. Пра што ён распавядаў тады?

Сьвятлана: Мне патрэбна была апэрацыя, то ён тэлефанаваў, пытаўся ў мяне пра апэрацыю. Я казала, што пакуль адкладваецца, бо грошай 7 мільёнаў трэба было назьбіраць. Вось толькі пра здароўе пытаўся, болей абсалютна нічога.

Мікалай: Каротка — усё нармальна, ды ўсё...

Сьвятлана: Спасылаўся, што дорага гаварыць, казаў, што ўсё парадку, ён жывы ды здаровы.

— І не было нават думак пра вайну?

Мікалай: Ды не, ён казаў, што ў Кіеве знаходзіцца, рыхтуецца да іспытаў у сваіх сяброў. А сяброў у яго, як вядома, і там, і там... Казаў, восеньню здача, абарона дыплёму.

— То бок, вы даведаліся пра здарэньне ўпершыню, калі да вас прыйшлі яго берасьцейскія сябры?

Мікалай: Канешне, гэта быў шок! Як кажуць, як гром сярод яснага неба...

Сьвятлана: Я нават у хату не пускала, на калідоры стаялі, потым зайшлі ды просяць: «Дайце сказаць». Зайшлі ды сказалі, я ня верыла...

Мікалай: Ды я і цяпер не магу паверыць, пакуль ня ўбачу. Калі ўбачым, сэрца ёкне па-іншаму.

Дом у Берасьці, дзе жыў Алесь Чаркашын

Дом у Берасьці, дзе жыў Алесь Чаркашын

Побач з домам – алея памяці Дзьмітрыя Гвішыяні, загінулага пры спробе патушыць цягнік

Побач з домам – алея памяці Дзьмітрыя Гвішыяні, загінулага пры спробе патушыць цягнік

— У інтэрнэце многія людзі называюць яго героем. Як вы ставіцеся да такога меркаваньня?

Сьвятлана: Для нас — сын.

Мікалай: Тут ніякага гераізму я ня бачу...

Сьвятлана: Ніхто сына не заменіць мне. Герой ці не герой.

— Але вы выхавалі сына, які пайшоў адстойваць свабоду, тую, якую ён лічыў правільнай?

Мікалай: Можа, гэта гучныя словы, але ён быў сапраўды патрыётам сваёй радзімы. За гэта і змагаўся.

Сьвятлана: Ён хадзіў і ў праваслаўную царкву, і ў іншыя, хацеў, каб усе ў міры былі. У яго такая энэргія, каб усіх злучыць у адно.

— А якім было яго дзяцінства, чым захапляўся?

Мікалай: З самага дзяцінства ён быў шпаркі хлопец. На футбол 10 год хадзіў у юнацкую спартовую школу. У гэты ж пэрыяд займаўся яшчэ каратэ і дзюдо. Я яго пытаўся, ці ня цяжка яму ўсё гэта. Не, казаў.

Бацька трымае фота з замежнай вандроўкі Алеся Чаркашына

Бацька трымае фота з замежнай вандроўкі Алеся Чаркашына

— Адначасова такія нагрузкі?

Мікалай: Адначасова! Футбол, дзюдо, каратэ. А калі патрапіў у Менск, то там ужо рукапашны бой. У акадэмію спартовую паступаў, здаў усе спартовыя нарматывы, але потым сказалі, што аднаго балу не хапіла.

— А ці былі вы супраць таго, што ён займаўся палітыкай? Ці ён быў вольны ў поглядах?

Мікалай: Ну няўжо гэта можна забараніць? Гэта ж не пацан нейкі...

Сьвятлана: Ён выбраў такі шлях сабе.

Мікалай: Страху ў яго нейкага не было. Калі я гаварыў наконт КДБ, ён казаў: «Са мной Бог, я не баюся». І былі «добразычліўцы», якія аднойчы яму ў машыне ўсе чатыры колы парэзалі. Ён некуды павінен быў выяжджаць, а яны ўсё гэта адсочвалі, і чатыры колы... А так, наконт яго ніколі пытаньняў у нас не ўзьнікала. Усюды хвалілі — спартовая школа ці звычайная. Дзякавалі за выхаваньне сына.

Сьвятлана: Зь ім ніякіх праблемаў у школе не было. Я зь ім не сядзела, з братамі то сядзела да пятай клясы.

Мікалай: Вось уявіце — урок беларускай літаратуры. Ён вывучваў верш на беларускай мове і ў канцы ўрока расказваў. Такая памяць у яго была.

Стэлефаноўваўся зь яго настаўніцай з Херсону. Яму аднаму дазволілі вучыцца завочна. У іх не было ніякага завочнага навучаньня. Яна была ў захапленьні ад яго, бо ён такі ва ўсім. І пляны ў яго былі яшчэ далей вучыцца, ня памятаю, у якой краіне.

Сьвятлана: Але не дажыў да дня народзінаў адзін месяц.

Мікалай: Так, 27 верасьня яму 33 будзе. Узрост Хрыста.

Бел-чырвона-белы бранзалет, які насіў на руцэ Алесь

Бел-чырвона-белы бранзалет, які насіў на руцэ Алесь


Алесь Чаркашын быў паранены ў баі пад Белакаменкай на Данбасе і памёр у шпіталі ў Запарожжы пасьля некалькіх тыдняў комы. Беларус ваяваў пад пазыўным «Сябар Тарас» у тактычнай групе «Беларусь» у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару».

Сваякі ды сябры Алеся Чаркашына кажуць, што ў сувязі зь некаторымі цяжкасьцямі з афармленьнем дакумэнтаў ды транспарціроўкай цела, час пахваньня будзе вызначаны ў першай палове дня 1 верасьня. Але, верагодна, што пахаваньне адбудзецца 2 верасьня ў сераду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG