Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У адміністрацыі Парашэнкі прадставілі новыя доказы ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны


Доказы названыя «неабвержнымі».

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Таранаў і кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак прадставілі журналістам чарговыя пацьверджаньні ўдзелу Ўзброеных сілаў Расеі ў баявых дзеяньнях на Данбасе і парушэньняў менскіх дамоўленасьцяў, якія сабрала ўкраінская выведка і, паводле іх словаў, пацьвердзілі выведкі іншых замежных краінаў-партнэраў Украіны.

Па словах украінскіх сілавікоў, якія прыводзіць прэс-служба прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, на працягу лета гэтага году адбыліся кардынальныя зьмены ў характары расейскага ўдзелу ў ваенных дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны: Узброеным сілам Украіны цяпер супрацьстаяць не аб’яднаныя расейска-сэпаратысцкія групоўкі, як гэта было ў пачатку расейскай агрэсіі, а структураваныя вайсковыя падразьдзяленьні рэгулярнай арміі Расеі. Пры гэтым, нагадалі сілавікі, рэжым у Крамлі працягвае катэгарычна адмаўляць датычнасьць Расеі да канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, а таксама ўдзел у ім расейскіх Узброеных сіл і спэцслужбаў.

У прыватнасьці, паводле інфармацыі старшыні СБУ, на акупаванай тэрыторыі Данбасу ваеннае кіраўніцтва Расеі завяршыла стварэньне магутнага акупацыйнага сухапутнага злучэньня, аснову якога складаюць два вайсковыя корпусы, якія гатовыя да правядзеньня актыўных наступальных дзеяньняў, але вывучаюць правядзеньне абарончых апэрацыяў. Агульнае апэратыўнае кіраўніцтва гэтай групоўкай, а таксама каардынацыю яе дзеяньняў непасрэдна ажыцьцяўляе Генэральны штаб Узброеных сілаў Расеі, заяўляе Васіль Грыцак. Паводле ягоных слоў, за фармаваньне, камплектаваньне, падрыхтоўку і лягістыку расейска-акупацыйных войскаў у Данбасе адказваюць штаб Паўднёвай ваеннай акругі і дванаццатае камандаваньне рэзэрву. Штабы 1-га і 2-га армейскіх карпусоў ажыцьцяўляюць непасрэднае кіраваньне дзеяньнямі падпарадкаваных ім частак, штаб 1-га корпуса разьмешчаны ў Данецку, 2-га — у Луганску.

«Такім чынам, сілам АТА супрацьстаяць паўнавартасныя ваенныя фарміраваньні Ўзброеных сілаў Расеі; на акупаваных тэрыторыях Украіны сканцэнтраваная вялікая колькасьць цяжкага ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі. Адбываецца эшалянаванае назапашваньне значных аб’ёмаў гаруча-змазачных матэрыялаў і боепрыпасаў, якія павінны забясьпечыць вядзеньне актыўных наступальных дзеяньняў, якія, паводле пляну расейскага Генэральнага штабу, будуць падтрыманыя увядзеньнем на тэрыторыю Ўкраіны дадатковых падразьдзяленьняў Узброеных сілаў Расеі», — заявілі ўдзельнікі прэс-канфэрэнцыі.

Паводле іх інфармацыі, арганізацыйна-штатная структура злучэньняў, частак і падразьдзяленьняў абодвух армейскіх карпусоў пабудаваная паводле расейскіх узораў. Батальён тэрытарыяльнай абароны складаецца з добраахвотнікаў з акупаваных тэрыторыяў Украіны, а таксама наймітаў з Расеі і іншых краінаў. Расейскія генэралы і афіцэры выконваюць заданьні на акупаваных тэрыторыях Украіны на ратацыйнай аснове з заменай праз 3-6 месяцаў.

«Зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што з пачатку 2015 году ўсе афіцэры і генэралы Ўзброеных сілаў Расеі, якія прымаюць удзел у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны, а таксама ажыцьцяўляюць кіраўніцтва расейска-акупацыйнымі войскамі з расейскай тэрыторыі, маюць адпаведныя прозьвішчы-прыкрыцьці, якімі падпісваюць баявыя дакумэнты. Гэта ажыцьцяўляецца з мэтай утойваньня расейскіх вайскоўцаў і вываду іх з-пад крымінальнай адказнасьці ў будучыні», — перадае прэс-служба Парашэнкі словы Грыцака і Таранава.

Усяго ў складзе расейскіх войскаў на тэрыторыі Ўкраіны налічваецца больш за 33 000 чалавек, а таксама каля 9000 вайскоўцаў рэгулярных падразьдзяленьняў Узброеных сілаў Расеі — усяго 21 тактычная група Ўзброеных сілаў Расеі (15 батальённых і 6 ротных). Акрамя таго, паблізу межаў Украіны сканцэнтравана яшчэ 53 тактычныя групы Узброеных сілаў Расеі (39 батальённыя і 14 ротных) колькасьцю 50.500 вайскоўцаў, паведамілі на прэс-канфэрэнцыі.

Значную частку доказаў складаюць касьмічныя здымкі раёнаў канцэнтрацыі расейскіх войскаў на тэрыторыі Ўкраіны.

Гэтыя матэрыялы, гаворыцца ў паведамленьні, таксама былі прадстаўленыя дыпляматычнаму корпусу, акрэдытаванаму ва Ўкраіне.

Расея, якая адмаўляе сваю датычнасьць як дзяржавы да падзеяў у частцы Данбаса, яшчэ не камэнтавала гэтыя паведамленьні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG