Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польшча: паліцыя ахоўвае «залаты цягнік»


У нядзелю, 30 жніўня, мясцовыя жыхары каля гораду Валбжых на поўдні Польшчы заўважылі вайсковую паліцыю.

Як перадае карэспандэнт расейскай службы Радыё Свабода Пётр Чаромушкін, жыхары Валбжыху ўпэўненыя, што каля гораду знойдзены бронецягнік часоў другой Сусьветнай вайны з золатам, нарабаваным нацыстамі.

Паводле ранейшых паведамленьняў у польскай прэсе, бронецягнік знайшлі паляк і немец, якія не паведамляюць сваіх імёнаў і маюць зносіны з уладамі праз адваката, патрабуючы гарантый выплаты належных па законе 10 працэнтаў ад кошту знойдзенага. Што менавіта знаходзіцца ў цягніку, невядома.

Віцэ-міністар культуры Польшчы Пётр Жухоўскі заявіў у суботу ў эфіры польскага радыё, што ацэнкі экспэртаў адназначныя — цягнік і тое, што ў ім знаходзіцца, гэта ўласнасьць дзяржавы.

«Калі, вядома, ня зьявяцца асобы, якія будуць у стане даказаць сваё права ўласнасьці на гэтую знаходку», — сказаў Жухоўскі і дадаў, што раскопкі пачнуцца, хутчэй за ўсё, вясной наступнага году.

Між тым у польскай прэсе зьявілася інфармацыя аб тым, што на знаходку могуць прэтэндаваць спадчыньнікі габрэяў, якія жылі ў рэгіёне да вайны, і нават Расея, як афіцыйны правапераемнік СССР.

XS
SM
MD
LG