Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла Вера Чуйко — актывістка БНФ часоў Адраджэньня


Вера Чуйко

Вера Чуйко

Вера Чуйко памерла пасьля працяглай і цяжкай хваробы. Яна была адданай актывісткай БНФ пачатку 90-х гадоў і ўдзельніцай ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет у 1992 годзе, сяброўкай Сойму БНФ, адной з заснавальніцаў Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская пэрспэктыва».

Пра сваю сяброўку і паплечніцу Радыё Свабода распавяла грамадзкая дзяячка, мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч.

Валянціна Трыгубовіч

Валянціна Трыгубовіч

«Гаварыць мне сёньня цяжка пра Веру Андрэеўну. Яе адыход чакаўся, бо яна вельмі цяжка і доўга хварэла. Але гэта такі сьветлы і значны для мяне чалавек, што перажыць гэта цяжка.

Яна была вельмі сьціплым чалавекам. Нарадзілася ў Менску, і дзяцінства яе прайшло ў Траецкім прадмесьці. Яна любіла часам туды схадзіць і паказаць нам: «Вось гэтае вакно, зь якога я бачыла зіму і лета. Асабліва, калі хварэла, заўжды сядзела пры вакне». Гэтае вакно выходзіла на сёньняшні Музэй прыроды. Яе бацькі прыехалі з Расеі як спецыялісты адбудоўваць Беларусь пасьля вайны. Сваякі яе засталіся ў Расеі. Але тут яна стала душой і сэрцам беларускаю.

Мы зь ёю пазнаёміліся ў канцы 80-х, калі пачаліся актыўныя грамадзкія рухі і ствараўся Беларускі народны фронт. У Сойме Беларускага народнага фронту, як памятаюць нашыя старэйшыя калегі, было вельмі няшмат жанчын. На пальцах адной рукі можна было пералічыць, і мы зь Верай Андрэеўнай як раз былі сярод іх. Нам не было часу неяк паміж сабой камунікаваць, мы былі ўвесь час занятыя іншымі клопатамі. Але бачылі і ведалі адна адну.

Разам мы працавалі і з дэпутатамі апазацыі ў Вярхоўным Савеце. Самі дэпутаты — гэта вяршыня айзберга, а за кожнай справай стаяла вялікая каманда аднадумцаў, памочнікаў, прафэсыяналаў, грамадзкіх актывістаў. І як раз тут мы зь ёю пазнаёміліся бліжэй.Потым, калі стваралася міжнародная грамадзкая арганізацыя «Беларуская пэрспэктыва», мы зь Верай Андрэеўнай былі сярод ініцыятараў і актывістаў. Разам змагаліся да канца за тое, каб гэтая арганізацыя легальна існавала, мела ўсе правы ў міністэрстве юстыцыі, пісалі шмат папераў.

Яна валодала такой здольнасьцю — схопліваць сутнасьць справы, што ня так часта бывае нават у мужчынаў-актывістаў. Была вельмі дакладная ў працы, у фармулёўках. Усё ж кандыдат хімічных навук, прывыкла мець справу з дакладнымі велічынямі. У БНФ яна прыйшла разам зь вялікай групай навукоўцаў Акадэміі навук. Згадаю хаця б Юрыя Хадыку, які быў нефармальным лідарам гэтай групы акадэмічных супрацоўнікаў. Гэтую навуковую дакладнасьць і жаданьне ўсё зрабіць як належыць Вера Андрэеўна пранесла праз усю сваю грамадзкую дзейнасьць.

Калі па волі лёсу і абставінаў мы зь ёю адыйшлі ад актыўнага грамадзкага жыцьця, то тут ўжо зрабіліся сардэчнымі сяброўкамі. Маглі гадзінамі сядзець у скайпе, абмяркоўваць тыя ці іншыя падзеі, дзяліцца сваімі ўражаньнямі. Гэтае нашае сяброўства працягвалася да апошніх дзён. Літаральна пару дзён таму, калі мы бачыліся, то спрабавалі гаварыць нават пра выбарчую кампанію, якая ідзе ў Беларусі і ў ЗША. І размова нашая датычылася таго законпраекту, які не пасьпелі прыняць у часы існаваньня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Асобныя палажэньні таго законапраекту актуальныя да сёньняшніх дзён.

Чалавек стаяў на парозе адыходу ў вечнасьць, але ўвесь яе клопат быў пра тое, як жыве краіна, як жывем мы, што можна зрабіць лепш. Гэта мяне ў ёй уражвала ўсё жыцьцё.. Яна змагалася са сваёй цяжкай невылечнай хваробай, але ўвесь клопат яе быў пра Беларусь. А сама яна этнічная руская. Але яна змагалася за Беларусь мацней, чым некаторыя беларусы.

Яна ўмела ставіць мэту перад сабою і яе дасягаць. Ужо ў даволі сталым веку ёй захацелася набыць машыну, каб падарожнічаць, бо ў маладыя гады яна была вельмі актыўнай турысткай. І яна купіла машыну, атрымала правы і аб’ехала на гэтай машыне паў Беларусі. Брала з сабою і знаёмых зь дзецьмі, і сяброў. Для яе шчасьце было падарожнічаць, і гэтую радасьць падзяляць зь людзьмі, якія ёй блізкія».

Разьвітаньне зь Верай Чуйко адбудзецца 31 жніўня ў рытуальнай залі крэматорыя на Паўночных могілках аб 11 гадзіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG