Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкі летапісец: Гэта не апошні дзень нараджэньня Лукашэнкі ў Драздах


Мікола Жыгоцкі
Мікола Жыгоцкі

30 жніўня 61-ы дзень нараджэньня спраўляе Аляксандар Лукашэнка, прычым 22 апошнія разы — у рангу кіраўніка краіны. Ці можа сёлетняе сьвяткаваньне стаць апошнім на прэзыдэнцкай пасадзе? Чаму, дасягнуўшы пэнсыйнага ўзросту, Лукашэнка не выказвае асаблівага жаданьня адпачыць ад дзяржаўных спраў?

Былы музэйны супрацоўнік, 83-гадовы Мікола Жыгоцкі — добраахвотны летапісец жыцьця і дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Нягледзячы на адданасьць, асабіста павіншаваць героя сваіх кніжак за прамінулы час так і не ўдалося — толькі аднойчы задаволенасьць ягонай працай ад імя Лукашэнкі выказала тагачасная намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч.

За імклівай кар’ерай земляка Мікола Рыгоравіч пачаў сачыць два дзясяткі гадоў таму, калі стала зразумела, што той узяў уладу ў свае рукі ўсур’ёз і надоўга. Спадар Жыгоцкі ня бачыць падставаў, каб ламаць «эфэктыўны мэханізм» і ў часе чарговага электаральнага выбару беларусаў — з Лукашэнкам ці без. Выглядае, што ён староньнік таго, каб свае дні нараджэньня Лукашэнка і надалей гуляў у Драздах?

«Так, відаць, што будзе адзначаць і надалей, гэтым годам ня скончыцца. Але, мабыць, гэта і да лепшага. Ну, раз ён стараецца, спраўляецца, то, як і многія ў нашай краіне, я лічу: можа і нядрэнна, што Аляксандар Рыгоравіч выпраўляецца на пяты тэрмін? Таму што справы ў нас ідуць добра, вакол ціха, спакойна. Усё, як кажуць, стабільна. Вазьміце Ўкраіну — што там творыцца? А ў Беларусі ўсё ж можна жыць, і жыць нядрэнна. Лукашэнка і сам неяк сказаў: беларус ніколі ня жыў так, як цяпер».

Прэзыдэнцкі летапісец: Можа і някепска, што ён ідзе на пяты тэрмін
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:16 0:00
Наўпроставы лінк

Спадар Жыгоцкі больш за паўстагодзьдзя адпрацаваў у Літаратурна-мэмарыяльным музэі Якуба Коласа, але ад сярэдзіны 1990-х увесь вольны час прысьвячаў пералапачваньню зьвестак пра свайго палітычнага куміра Адметна, што вялікіх дывідэндаў такое служэньне не прыносіць — часьцяком даводзіцца кампэнсаваць друкарскія выдаткі з уласнай пэнсіі:

«Я пачаў працаваць над біяграфіяй Аляксандра Рыгоравіча літаральна ад першых дзён, калі яго абралі прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. На той час я ўжо выдаў некалькі кніг пра Якуба Коласа і думаю: дай паспрабую напісаць пра Аляксандра Лукашэнку! Я ўсё ж ягоны зямляк, са Шклоўшчыны, добра ведаю тыя мясьціны і тамтэйшых людзей. Разоў шэсьць ці нават болей я езьдзіў у Александрыю, у Рыжкавічы, сустракаўся зь ягонай жонкай Галінай Радзівонаўнай, пачаў зьбіраць матэрыялы».

Спадар Жыгоцкі ўпэўнена ўзначальвае гонку сярод аўтараў, якія ў розныя гады адзначыліся панэгірыкамі на адрас Лукашэнкі. Пачаўшы сьпяваць дыфірамбы 20 гадоў таму, спыніцца ўжо ня можа — сёлета выйшаў чарговы збор рэляцыяў на адрас «унікальнага кіраўніка»:

«Усяго, разам зь перавыдадзенымі, выйшла пяць кніжак. Праўда, калі адны выдаваліся шматтысячнымі накладамі, то іншыя зусім невялікімі, нават па паўсотні штук. Бракавала сродкаў, даводзілася ўкладацца нават сваімі грашыма. Але, калі лічыць агулам, ужо ёсьць пяць кніжак пра Аляксандра Лукашэнку у маім аўтарстве. Мабыць, ніхто больш не напісаў».

Ці не галоўная адметнасьць Міколы Жыгоцкага на фоне іншых штатных і саматужных біёграфаў у тым, што свае прэзыдэнцкія кніжкі ён «штампуе» пераважна па-беларуску. Як кажа сам, каб падкрэсьліць тутэйшасьць свайго героя:

«Першая біяграфічная кніга пра Аляксандра Рыгоравіча зьявілася ў 1997 годзе. Але яна была калектыўная і я падумаў: трэба рабіць асобную. І пачаў пісаць на беларускай мове. Дарэчы, Лукашэнка сам некалі сказаў: без беларускай мовы няма нацыі, няма беларуса. То бок, пачатак быў пакладзены на расейскай мове — „Александр Лукашенко — первый президент Республики Беларусь“ (кніга выйшла ў Маскве вялікім накладам, было распаўсюджана 25 тысяч асобнікаў). Але потым ужо быў беларускамоўны варыянт, а зусім нядаўна, у гэтым годзе, я выдаў яшчэ адну кнігу па-беларуску: „Аляксандар Лукашэнка. Жыцьцё і дзейнасьць“. Там адлюстравана значнасьць ягонай асобы для Беларусі за 20 апошніх гадоў».

Зрэшты, паміж думамі пра Лукашэнку спадар Жыгоцкі не забываецца і на сваё асноўнае прызваньне — прапагандаваць творчасьць клясыка беларускай літаратуры Якуба Коласа:

«Зусім нядаўна скончыў кнігу пра Якуба Коласа пад назвай „Прыйшоў у жыцьцё дзеля нас“. Досыць доўга над ёй працаваў, шмат трэба было перагарнуць матэрыялу. Мне гэтая тэма, зразумела, таксама блізкая, я адпрацаваў у коласаўскім музэі ажно 57 гадоў! Там сабраныя новыя матэрыялы, фотаздымкі і самога майстра, і мясьцінаў, зь якімі быў зьвязаны ягоны лёс. Так што мой кніжны багаж папаўняецца і ў гэтым кірунку».

___________________________________________

31 жніўня сьвята ў прэзыдэнцкай сям’і працягнецца — 11-ы дзень нараджэньня адзначыць малодшы сын Мікалай, якога Аляксандар Лукашэнка выхоўвае ў статусе бацькі-адзіночкі. Некалькі гадоў таму зьяўленьне на сьвет абодва пачалі сьвяткаваць менавіта ў апошні дзень лета, была перапісаная нават біяграфія кіраўніка дзяржавы на афіцыйным сайце.

Тады Лукашэнка зьмены патлумачыў новымі зьвесткамі, атрыманымі ад маці – маўляў, насамрэч ён нарадзіўся ў ноч з 30 на 31 жніўня. Але потым зь невядомай прычыны прынялі іншае рашэньне, і Лукашэнкі зноў сьвяткуюць паасобку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG