Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі ахвяраў аб’ядноўваюцца з роднымі асуджаных


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нефармальная група людзей, якія змагаюцца за справядлівасьць у судах, існуе недзе гадоў дзесяць. У яе на сёньня ўваходзяць 33 чалавекі зь Менску, з Гомеля, Салігорску, Магілёва, Берасьця — з усяе Беларусі. Гэта ў тым ліку сваякі асуджаных за забойствы і родныя забітых. Матывацыяй для аб’яднаньня стала ня столькі патрэба ў хрысьціянскім прымірэньні, колькі тая акалічнасьць, што дзейсных мэханізмаў абароны як пацярпелых, так абвінавачаных няма — а таму і тыя, і другія ў роўнай меры становяцца ахвярамі.

Стоячы ў адной чарзе ў грамадзкіх прыёмных Вярхоўнага суду, Генпракуратуры, Адміністрацыі прэзыдэнта, гэтыя людзі спадзяюцца дамагчыся ад чыноўнікаў, сьледчых, пракурораў, судзьдзяў большай увагі да сваіх спраў. Але надзеі найчасьцей так і застаюцца безвыніковымі.

«Мы аб’ядналіся, бо нічога не застаецца рабіць, як аб’ядноўвацца», — кажа адзін з удзельнікаў групы. Ягоную 16-гадовую дачку згвалцілі і жорстка забілі. Прайшло пятнаццаць гадоў, а забойца так і гуляе на волі.

«Падтрымка няшчасных бацькоў нявінна забітых дзяцей дапамагае нам лягчэй перажыць наша гора — несправядлівы прысуд нашым родным за нязьдзейсьненае забойства», — кажа маці аднаго такога асуджанага. Ужо больш за дзесяць гадоў, як яе сын за кратамі, а сапраўдныя злачынцы пры сустрэчы з жанчынай нахабна ўсьміхаюцца ёй у вочы.

Сярод удзельнікаў нефармальнага аб’яднаньня акрамя тых, чые справы зьвязаныя з забойствамі, ёсьць і колішнія асуджаныя па эканамічных артыкулах, а таксама грамадзяне, якія не маглі дамагчыся справядлівасьці па грамадзянскіх справах. У некаторых пытаньні вырашыліся, іншыя памерлі, нічога не дамогшыся і не дачакаўшыся.

«Нас усіх зьвялі суд і пракуратура»

«Нас усіх зьвялі суд ды пракуратура. Можна сказаць, што яны нас пазнаёмілі ды злучылі», — сьмяецца Людміла Кучура. Пра справу яе мужа Пятра Кучуры, асуджанага на 18 гадоў нібыта за забойства дзяржінспэктара па ахове прыроды ў свой час шмат пісалі СМІ, у тым ліку і Свабода. Нягледзячы на недаказанасьць многіх эпізодаў сваякам зьняволенага адмаўляюць у правядзеньні новага расьсьледаваньня. Паводле спадарыні Людмілы, у яе ёсьць усе падставы лічыць, што да гісторыі маюць непасрэднае дачыненьне некаторыя высокія чыноўнікі.

Людміла Кучура
Людміла Кучура

Кучура: «За гэтыя амаль дзесяць гадоў, як мы аб’ядналіся, мы самі пры дапамозе адзін аднаго, можна сказаць, сталі сьледчымі. Глыбока ўлезьлі ў справы нашых родных. Мы разумеем ужо, што павінен рабіць сьледчы. Таксама разумеем, як гэта ўсё зроблена, і да таго ж — як сфальсыфікаваная справа».

Галіна Мамедава
Галіна Мамедава

«На сёньняшні дзень нам засталася пераважна «самапомач», — зазначае другая «старажылка» нефармальнага аб’яднаньня, Галіна Мамедава з Гарадзеншчыны. Яе сын Раміз, якому цяпер 30, за кратамі ужо 11 з паловай гадоў. Яму далі 24 гады і адзін месяц за забойства стрыечнай сястры, нягледзячы на паказаньні сьведак, што ў момант злачынства хлопец знаходзіўся ў іншым месцы. Сам Уладзімер Макей, калі быў на пасадзе кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, настойліва рэкамэндаваў перагледзець справу за адсутнасьцю неабходных доказаў, але нічога з гэтага ня выйшла.

Мамедава: «Калі ў чалавека бяда, то яму нельга быць аднаму. Нягледзячы на тое, што жывём у розных месцах, мы ў кантакце, сазвоньваемся. Вось хтосьці зь менскіх кажа: неўзабаве будзе прыём у міністра ўнутраных спраў, рыхтуйся, прыяжджай. Тэма прыдатная, выходзіць. Могуць быць нейкія навіны па справе. Строчыш нешта хутчэй і едзеш. Мы ўжо падрабязнасьці гэтых спраў ведаем, прозьвішчы ўсіх сьведак нават павывучвалі. Таму што кантактуем пастаянна».

Паводле жанчын, перад мінулымі выбарамі пракуратура адгукнулася на звароты ўдзельнікаў групы, пачалі пераглядаць некаторыя справы. У выніку выйшаў на волю адзін хлопец, які сядзеў у Ваўкавыску за наркотыкі. Сёлета зноў прэзыдэнцкія выбары, зноў уладзе нібы трэба паказаць, што яна за справядлівасьць. Але гэтым разам асаблівага імпэту не заўважаецца.

Людміла Кучура падкрэсьлівае: чаму мы ўсе аб’ядналіся? Таму што людзі ў групе ня вераць у правасудзьдзе, у сьледзтва, не давяраюць гэтай уладзе.

Калі б яе муж быў хоць бы ўскосна вінаваты, яна б паводзіла сябе інакш, хадзіла б па інстанцыях, кланялася б начальнікам, прасіла б скасаваць тэрмін (60-гадовы Пётар Кучура інвалід па сэрцы).

«У такім выпадку я б ня бачыла за сабой маральнага права ўваходзіць у гэтую групу, весьці такую актыўную дзейнасьць, якую мы вядзем ад самога пачатку... Калі вінаваты — адказвай за тое, што зьдзейсьніў. Упэўненасьці ў тым, што справа мужа сфальсыфікаваная, надало вельмі кваліфікаванае расьсьледаваньне адваката. Ня кожны абаронца сёньня на гэта здатны».

Насіць ярлыкі «сям’я забойцы» і «ахвяра» аднолькава цяжка

Жонка асуджанага за забойства Людміла Кучура ўзгадвае, як напярэдадні выбараў 2006 году яна прыйшла ў штаб Лукашэнкі і, упэўненая ў сваёй праўдзе, сказала ўсё, што думае пра забойства на паляваньні, пра сапраўдных вінаватых, пра фальсыфікацыю, пра тое, што па справе не праведзена належнага расьсьледаваньня.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:03 0:00
Наўпроставы лінк

«Мяне пыталіся: ці не баялася я казаць такія рэчы? Бо я мела рацыю. Ды ўвогуле ў мяне не было часу баяцца за сябе. Бо бяда ня ходзіць адна. Адчуў на сябе перасьлед мой сын. Мне прыйшлося змагацца ўжо за абодвух. Я насілася па ўсіх магчымых інстанцыях, пісала скаргі прэзыдэнту, у Вярхоўны суд, пракуратуру, у КДБ. Хоць раней у мяне адна думка пра гэтую арганізацыю выклікала страх...

А Галя Мамедава — у яе больш мяккі характар, ёй гэта давалася цяжэй. Яна ўжо пасьля нашага знаёмства ўзгадвала, што, пачуўшы адну з такіх маіх прылюдных палымяных прамоў у Вярхоўным судзе, нават раскрыла рот... Кажа, яна нават баялася недзе пры незнаёмых казаць, што яе сын сядзіць за забойства... Паверце, гэта вельмі нялёгка прылюдна казаць, што твой родны сядзіць за забойства, бо аўтаматычна на цябе вешаюць ярлык „сям’я забойцы“. Але тым, на якіх навешаны ярлык „ахвяры“, я маю на ўвазе сваякоў забітых дзяцей з нашай групы, ім у гэтых бюракратычных інстанцыях ніколькі не лягчэй. Іх гэтак жа, як і сямейнікаў асуджаных, адфутбольваюць у судах ды пракуратуры, а на дадатак могуць яшчэ і сказаць: хто загінуў, сам вінаваты».

...Жыхарцы Менску, пэнсіянэрцы Ніне Цімафееўне Курнушцы, у якой 15 гадоў таму забілі на паляваньні сына, у розных высокіх кабінэтах даводзілася чуць прыкладна тое ж: «сам сябе забіў, няшчасны выпадак». Калі жанчына пазнаёмілася зь людзьмі з нефармальнай групы, зразумела, што яе гісторыя ніколькі не ўнікальная. Нечакана высьветлілася, што Людміла Кучура — жонка чалавека, якога ў 2004 абвінавацілі ў забойстве дзяржінспэктара. Аказваецца, трагедыя адбылася непадалёк ад вёскі, дзе знаходзіцца дача Курнушак. Тамтэйшы работнік фэрмы быў запрошаны так званым «панятым» на месца здарэньня, і ён расказваў спадарыні Ніне і яе мужу, што «пасадзілі зусім не таго, каго трэба», што асуджаны за забойства відаць дачыненьня да яго ня мае... Ніна Цімафееўна мяркуе, што так, як цяпер праводзяцца расьсьледаваньні, у прынцыпе любога невінаватага можна засудзіць, а вінаватага — наадварот апраўдаць. Яскравы прыклад — гісторыя яе сына.

«Забойства, інсцэніраванае пад няшчасны выпадак на паляваньні»

Курнушка: «У 2000 мой сынок паехаў на паляваньне ў Бярэзінскі раён і адтуль не вярнуўся. Забілі а 12 гадзіне дня. Нам паведамілі толькі а 6 гадзіне вечара. А што яны рабілі? Падраблялі самастрэл. Мы паехалі ў гэтае Беразіно. Калі мы прыехалі, то я зьдзівілася: гаварылі пра самастрэл, а ў яго была зьнесеная толькі ніжняя сківіца. Таксама яны зьдзерлі скуру з правай далоні, як быццам ужо цягнуў стрэльбу зь берага і апёк руку. Я кажу: хто вам даў права да прыезду бацькоў чапаць? І да прыезду экспэрта. Яны ўсё парушылі. І там я толку не дабілася. Волкаў, намесьнік пракурора ў Беразіно, прапанаваў зайсьці ў морг. Калі мы зайшлі ў морг, я ўбачыла, што губа абрэзаная, з рукі зьнята скура. Адзежа ляжала ў моргу ў куце, і ніхто яе не дасьледаваў.

Стрэльбу сына аднак быццам бы дасьледавалі , а ў Працэнкі, які быў зь ім на паляваньні , узяліся дасьледаваць яе толькі праз сем гадоў. Аднак гэта не атрымалася — калі сталі прасіць у яго стрэльбу, то ён сказаў, што быў п’яны і адну частку стрэльбы выкінуў недзе ў закінутым доме, а другую — пад Менскам».

Спадарыня Ніна адзначае, што забойства сына — ня проста яе здагадкі, пра гэта ёй паведамілі ў пракуратуры:

«Мне ў пракуратуры вобласьці казаў адзін мужчына: Ніна Цімафееўна, забілі сына, але вам будзе вельмі цяжка даказаць, і ці дакажаце вы... І ў Генпракуратуры рэспублікі тое ж самае гаварылі. Прус, намесьнік генэральнага пракурора напісаў у сваёй пастанове: забойства інсцэніравана пад няшчасны выпадак на паляваньні. Я абышла Савет міністраў, Дзяржкантроль, пракуратуру рэспублікі, вобласьці, горада Менску. Ніхто нічога. Адзін падман, прыніжэньне, абразы, спыненьне перапіскі і не пускаюць на прыём».

Ніна Курнушка мае ўсе дакумэнты, якія датычаць справы яе сына:

«І самы галоўны дакумэнт, дзе пракурор піша: забойства, інсцэніраванае пад няшчасны выпадак... Што самае важнае, адзначаецца, што экспэрт, які сьцьвярджае, што сын сам сябе забіў, нават не апісала сьляды стрэлу з блізкай адлегласьці. Я пыталася і ў міліцыянтаў знаёмых, і ў паляўнічых, яны казалі: каб пацягнуў і стрэліў зблізку ў сябе, то разьнесла б увесь твар, а так, кажуць, гэта быў чыйсьці бакавы, рэшткавы стрэл. І там быў трэці чалавек, а яны ва ўсіх адказах не паказваюць яго. Спаслаліся, што сам сябе забіў».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:27 0:00
Наўпроставы лінк

Крымінальная справа паводле наноў адкрытых акалічнасьцяў так і не распачатая, Больш за тое, чыноўнікі ўжо не дапускаюць жанчыну на прыём і спынілі зь ёй усялякае ліставаньне.

«Маёй дачцэ ўжо было б 32 і я ўжо меў бы ўнукаў»

Яшчэ адзін лёс. Жыхар Салігорску, былы вайсковы сувязіст Мікалай Лебедзь таксама трымаецца нефармальнай групы, што змагаецца за справядлівы суд, а ў яго выпадку — за пакараньне забойцаў. У 1999 яго дачка Вера паступіла ў Наваградзкі гандлёва-эканамічны каледж, а праз паўгода яна загінула. Ёй было 16 год. Мікалай Мікалаевіч кажа: яе згвалцілі і забілі, зрабіўшы няўклюдную інсцэніроўку гібелі ў аўтааварыі.

Аднакурсьніца, зь якой Вера жыла ў адным пакоі, стала запрашаць дзяўчыну да сябе ў Карэлічы. Пасьля Новага году, 13 лютага 2000-га, яны паехалі. Веру
завезьлі ў вёску непадалёк ад Міра, кажа бацька:

«Там яе гвалцяць увечары і разьбіваюць галаву. Першая рана на галаве — тры з паловай на сем, другая — чатыры з паловай на адзінаццаць. І кідаюць у машыну, дзе яна сыходзіць крывёй. А на раніцу, сямі гадзін яшчэ не было, разыгралі прымітыўную аўтааварыю. У раёне вёскі Загор’е. Сустрэчная машына з Карэлічаў ішла. Кіроўца, як я лічу, датычны да забойства, пасадзіў яе ў машыну. Ён падвярнуў машыну. Дарога была нядрэнная. Той на „масквічы“ ехаў, Бародзька Міхаіл Ёсіфавіч. Гэты падвярнуў машыну і ўдарыў яму ў задняе кола. Хуткасьць сорак-пяцьдзясят кілямэтраў у гадзіну. Машына не перакульвалася. І дзьве дзіркі такія ў галаве, вы разумееце? Я празь дзень падышоў да машыны, уся была залітая крывёю. У кіроўцы пад нагамі цэлы сантымэтар крыві. Ззаду таксама крывёй заліта. Мы паставілі пытаньне: як жа так, яна й пяці хвілін не пабыла ў машыне, а ўся кроў там? Гэта быў, вядома, „розыгрыш“. І ўсё, і пачалася фальсыфікацыя. Я кажу: дзе пратаколы агляду салёна аўтамашыны? Няма. Дзе ў моргу пячатка — перад ускрыцьцём і пасьля? Таксама няма. Ну, і закруцілася. Я тут у Салігорску пайшоў да юрыстаў, мне падказалі — едзьце ў Карэлічы ў пракуратуру, пішыце заяву».

Праўда, зрабіў гэта Мікалай Лебедзь толькі ў сьнежні. Сьледчы пракуратуры адмовіўся распачаць крымінальную справу. Мікалай Лебедзь тлумачыць:

«Вось таму мы аб’ядналіся. Ну як жа так? Сьмерць дзіцяці, ні ў чым не павіннага! Ужо было б 32 гады, я б ужо ўнукаў меў бы, магчыма. А так нейкія бандыты зьдзекаваліся, згвалтавалі, забілі, і калі ласка... А гэты прэтэндэнт на прэзыдэнта — дайце паўнамоцтвы, як у 1996 годзе прасіў паўнамоцтваў „у імя будучыні дзяцей і ўнукаў“, „супраць мяне, супраць вашага прэзыдэнта мафіёзныя структуры аб’ядналіся“. Дык я ж вам даю гэтыя мафіёзныя структуры, што падрываюць ваш аўтарытэт. Ніякай рэакцыі! Я яму пісаў, разоў дзесяць выходзіў на прэзыдэнта. Дык мне адказваюць, што прэзыдэнт ня можа прыняць, ён заняты! Гэта ўвогуле абсурд. Таму мы аб’ядналіся, нічога не застаецца рабіць, як аб’ядноўвацца. Нават дайшло да таго, каб дзяцей свабодна забіваць... У свой час Зянон Пазьняк правільна сказаў (я да яго з павагай стаўлюся і ў свой час за яго галасаваў і за іншых, але толькі не за гэтага) — што прыйдзе час, і жыцьцё чалавека нічога ня будзе каштаваць. Так яно і ёсьць, вазьміце прыклад маёй дачкі».

«Ня трэба крыві, расстрэлаў, пажыцьцёвага. Абы толькі кожны пры нашым жыцьці атрымаў належнае»

«Самае цікавае, — кажа Людміла Кучура, — што і Курнушка, і Лебедзь, і іншыя бацькі ня вераць, што мой муж ці сын Галі Мамедавай — забойцы. Яны расказваюць іншым пра Пятра ды Раміза як пра невінаватых. Калі раней такое магло быць?»

— Якога задавальненьня ад правасудзьдзя, ад уладаў чакаюць людзі з вашай групы? Як трэба абысьціся з тымі, хто насамрэч вінаваты і прынёс вашым сем’ям столькі пакутаў?

«Нам ня трэба крыві, расстрэлаў, пажыцьцёвага, — кажа Людміла Кучура. — Мы толькі хочам, каб кожны вінаваты пры нашым жыцьці атрымаў належнае. Ніна Курнушка аднойчы сказала: каб забойца (яна мяркуе, што ведае яго) аднойчы прыйшоў ды папрасіў прабачэньня — якая б гэта была палёгка».

— А калі б да вас у групу папрасіліся сваякі тых, чые сыны сапраўды зьдзейсьнілі асабліва жорсткія забойствы і былі расстраляныя? Вы б узялі іх да сябе? Ці гатовыя вы да такога прымірэньня? — пытаюся ў маёй суразмоўцы

Кучура: «Думаю, што — не. Хаця, калі б размова ішла пра тую ж маці Кавалёва, то тут ніякіх пытаньняў. Ніхто з нас ня верыць у яго вінаватасьць. А вось наконт іншых маці расстраляных — хоць тым жанчынам і шчыра спачуваеш, але пакуль да такога прымірэньня наўрад ці гатовыя і той жа Лебедзь, і тая ж Курнушка, іншыя бацькі. Хаця была адна маці, яна ўжо памерла. (У нашай групе, так і не дачакаўшыся вынікаў, памерлі чатыры чалавекі.) У той жанчыны быў жорстка забіты сын. Але, наколькі я ведаю, яна шмат пісала Лукашэнку, каб забойцу не расстрэльвалі, пакуль ёй проста не перасталі адказваць».

Ці могуць ахвяры прымірыцца са злачынцамі?

Такое апытаньне «Свабода ў турмах» правяла на вуліцах Магілёва. Большасьць апытаных адказалі: наўрад ці.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:37 0:00
Наўпроставы лінк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG