Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кавярня на колах» зьявілася ў Магілёве (ВІДЭА)


У Магілёве прадаюць каву з ровара. Беларускамоўная назва і водар кавы ад адзінай пакуль у Беларусі незвычайнай вулічнай установы абслугі, прыцягваюць кліентаў. Такі сэрвіс на ровары, кажуць прадпрымальнікі, дужа папулярны ў гарадах эўрапейскіх краінаў.

“Кавярня на колах” зьявілася ў Магілёве (Сafe on wheels appeared in Mahilioŭ)
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:45 0:00

Суўладальнік «Кавярні на колах» магілёўскі прадпрымальнік Віктар Саламеньнікаў заўважае: задума арганізаваць продаж кавы з ровару ў Магілёве зьявілася пасьля таго, як убачылі падобнае ў Эўропе. Папулярная такая паслуга, кажа бізнэсовец, і ў Кіеве. Паводле яго, такі сэрвіз зьмяняе інтэр’ер гарадзкой вуліцы і мяняе звычкі гараджан.

«Ніхто ж ня будзе спрачацца, што водар кавы падабаецца бальшыні людзей, — даводзіць прадпрымальнік. — І калі ідзеш па вуліцы, і адчуваеш пах сьвежасмажанай кавы, дык ён вабіць да сябе. І замест таго, каб пайсьці ў краму і купіць алькаголь, набудзеш кубачак кавы. Яна падыме настрой. І нашаму кліенту будзе добра і нам таксама».

«Ля нашай кавярні шмат прыпыняецца раварыстаў, — працягвае Віктар. — Купляюць сабе кубак кавы і едуць далей. Ім ня трэба кідаць сваю тэхніку ля крамаў. Яна застаецца пры іх».

Суразмоўнік запэўнівае, што беларусы ўсё больш схіляюцца да адпачынку з кавай на вуліцы. Наведнікі мясцовых кавярняў, кажа ён, часьцей замаўляюць каву і не сьпяшаючыся падоўгу бавяць зь ёю час.

«Беларусы становяцца знаўцамі кавы, — зазначае Віктар. — Напрыклад у Расеі бальшыня людзей п’е распушчальную каву. У Беларусі ж больш за шэсьцьдзесят працэнтаў людзей аддаюць перавагу сьвежамолатай каве, ці набываюць зерневую. Такім чынам мяняюцца звычкі беларусаў і іхныя прыхільнасьці. Гэтак культура кавы ў Беларусі і разьвіваецца».

Суўладальнік “Кавярні на колах” Віктар Саламеньнікаў
Суўладальнік “Кавярні на колах” Віктар Саламеньнікаў

Віктар тлумачыць прыхільнасьць беларусаў да кавы тым, што яны сталі больш выяжджаць за мяжу і бачаць тамтэйшае стаўленьне людзей да адпачынку з каваю. Уплываюць на прызвычаеньне беларусаў да кавы, на яго думку, і фільмы. Амаль у кожным фільме, даводзіць Віктар, ёсьць фрагмэнты, дзе людзі ідуць з кубкамі кавы.

«І тыя хто глядзіць такія фільмы, думаюць: „А што, добра. Трэба і мне так кавы пакаштаваць“. Гэтак уцягваюцца ў іншую культуру паводзінаў», — кажа прадпрымальнік.

Калі гаворка зайшла пра беларускамоўную назву кававай паслугі, то Віктар адразу зазначыў: ад пачатку хацелі, каб назва іхняй кавярні была на беларускай мове. Сам жа суразмоўца не хаваў, што па-беларуску толькі вучыцца гаварыць. Прызнаецца: у жыцьці ён расейскамоўны.

«Але ж мы беларусы і мусім трымацца сваёй мовы, вучыць яе і гаварыць на ёй, — зазначае Віктар. — Таму і назва такая ў нас беларуская „Кавярня на колах“. Сам жа спрабую гаварыць па-беларуску, але выходзіць пакуль кепска».

«Нямала спрэчак выклікае такая назва, яна троху нязвыклая для Магілёва. — кажа далей бізнэсовец. — Моладзь звычайна кажа, што назва прыкольная. Адзначаюць яе сугучча. Некаторыя шукаюць нейкі падвох. Той хто выяжджаў ў Польшчу ці Літву, кажа, што назва альбо польская, альбо літоўская. Калі ж мы падавалі дакумэнты на ўзгадненьне назвы ў гарвыканкам, то такіх назваў у горадзе не было».

Віктар Саламеньнікаў прызнаецца, што зарэгістраваць «Кавярню на колах» было ня проста. Нямала, кажа, давялося прайсьці ўзгадненьняў. Найбольш прэтэнзіяў было з боку санэпідэмстанцыі.

І хоць кавярня лічыцца на колах вольна перасоўвацца ў Магілёве, як у іншых гарадах Эўропы, ёй пакуль нельга. Яна застаецца ўвесь час на адным месцы пешаходнай вуліцы Ленінскай. Уладальнікі кавярні спадзяецца, што такія абмежаваньні часовыя. Яны таксама спадзяюцца, што такіх кававых паслуг у Беларусі будзе станавіцца ўсё болей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG