Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Караткевіч пра рашэньне БНФ: «Гэта непасьлядоўная палітыка зь іх боку»


Сёньня Сойм Партыі БНФ прагаласаваў за выхад з выбарчай кампаніі Тацяны Караткевіч.

Магчымая кандыдатка на прэзыдэнта Тацяна Караткевіч гэтак пракамэнтавала прэтэнзіі лідэра партыі БНФ Аляксея Янукевіча адносна яе пазыцыі што да беларускай мовы, нацыянальнай сымболікі і міжнароднага становішча Беларусі.

Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

«Хачу на гэта заўважыць, што мы ў кааліцыі «Народны рэфэрэндум» ужо вызначыліся з гэтымі пазыцыямі. Што тычыцца міжнародных адносінаў, у нас два асноўныя прынцыпы: гэта адказнае суседзтва і разьвіцьцё эканамічных, культурніцкіх, адукацыйных стасункаў з краінамі Эўразьвязу, і з Украінай таксама. Мы за збалянсаваную палітыку, якая падтрымае незалежнасьць Беларусі — і з гэтым заўсёды была згодная партыя БНФ. Што тычыцца мовы, дык я і ўся кааліцыя заўсёды выступалі за разьвіцьцё беларускай мовы. Адносна сымболікі — я сама выступаю за бел-чырвона-белы сьцяг. Вось учора мы былі ў музэі дзяржаўнасьці і заўважылі ды ўнесьлі прапанову, што гэтая сымболіка і там павінна быць. Лічу сумнеўнымі вынікі рэфэрэндуму 1995 году, на якім сымболіка была зьмененая, і мяркую, што калі прыйдзем да ўлады, іх трэба пераглядзець і прыняць адпаведнае рашэньне. А зараз вельмі важна зрабіць гэтак, каб бел-чырвона-белы сьцяг быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, як і Пагоня. Вось калі мы зьбіралі подпісы, лунаў бел-чырвона-белы сьцяг, і я вельмі спадзяюся, што гэтая тэндэнцыя свабоды захаваецца, што мы зможам стаяць з сымболікай, якая адпавядае нашым каштоўнасьцям, і пасьля выбараў. Вельмі важна захаваць гэтую тэндэнцыю, а гэта трэба рабіць разам.

Увогуле, што да прэтэнзій да мяне, яны мяне трошкі здзіўляюць, бо мы толькі ў аўторак сустракаліся з Аляксеем Янукевічам і ніякіх вострых пытаньняў перада мной не паўстала зь ягонага боку. Мы вельмі добра паразмаўлялі, і ён нічога не казаў, што ёсьць такая прапанова зь ягонага боку выходзіць з прэзыдэнцкай кампаніі Тацяны Караткевіч. Трошкі дзіўна. Падаецца, што гэта непасьлядоўная палітыка.

Затое хачу сказаць, што ў нас вельмі добра атрымалася зьбіраць подпісы разам, і я вельмі ўдзячная ўсім тым сябрам, актыву партыі БНФ за тое, што мяне падтрымлівалі. Яшчэ на тым пікеце, дзе я казала, што мы ўжо сабралі 100 тысяч подпісаў, я зрабіла акцэнт на тым, што калі мы занятыя працай з грамадзтвам і ідзем да сваіх мэтаў, мы больш аб’яднаныя. І больш зразумелыя для грамадзянаў. Вось гэта самае галоўнае, што трэба захаваць. Цяпер ня час унутраных разборак».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG