Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь аказалася на 3 месцы сярод краінаў былога СССР паводле росту спажывецкіх цэнаў за студзень-ліпень 2015 году. За паўгодзьдзе спажывецкія цэны ў Беларусі вырасьлі на 7,3%. Большы рост зафіксаваны ва Ўкраіне і Расеі, там спажывецкія тавары сталі даражэйшыя адпаведна на 39,3% і 9,4%. Ніжэй за Беларусь аказаліся паводле інфляцыі Малдова (5,2%), Туркмэністан (4,7%), Таджыкістан (2,7%), Азэрбайджан (2,5%), Грузія і Армэнія (па 2,2%), Казахстан (1,5%), Латвія (1,1%), Эстонія (0,9%), Літва (0,3%), Кыргізстан (0,2%). Узбэкістан зьвестак не прадаставіў.

Ва Ўкраіне адбываецца ўзброены канфлікт, Расея аказалася пад міжнароднымі санкцыямі за свой ўдзел у гэтым канфлікце. А з чым зьвязаны імклівы рост спажывецкіх цэнаў у Беларусі і якой можа быць інфляцыя па выніках году?

З гэтымі пытаньнямі карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да экспэрта ў справах эканомікі, прафэсара Барыса Жалібы.

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

«За год валавы ўнутраны прадукт зьнізіўся на 4%, а грашовая маса расьце — крэдытная эмісія з пачатку году павялічылася на 20%. Кажучы простымі словамі, тавараў стала меней, а грошай на руках — болей. Гэта першае.

Другі фактар — як вядома, днямі адбылася можна сказаць чарговая абвальная дэвальвацыя. З пачатку жніўня рубель адносна даляра і эўра патаньнеў ня менш як на 10%, а гэта істотна. У выніку, калі да гэтага моманту з інфляцыяй было больш-менш цярпліва, дык зараз можна чакаць рэзкага пагаршэньня. Бо пасьля хуткай дэвальвацыі лягічна чакаць павелічэньня інфляцыі. Днямі Аляксандар Лукашэнка сказаў у Баранавічах, што цэны трымаць ня будуць, хаця Мінгандлю заявіла, што будзе трымаць цэны.

Незразумела, каго слухаць. Але я думаю, што цэны цяжка будзе стрымаць і рост цэнаў працягнецца. Якой ў выніку будзе інфляцыя за год? Нагадаю, Нацыянальны банк спачатку прагназаваў гадавую інфляцыю ў 18% плюс-мінус 2%, потым даваў меней, нават 16%. Мяркую, недзе на такія лічбы мы і выйдзем ў канцы году — гэта 16-18 працэнтаў інфляцыі за год».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG