Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакейны клюб «Дынама-Менск» можа выйсьці з КХЛ


Асацыяцыя «Беларуская фэдэрацыя хакея» разгледзіць пытаньне аб мэтазгоднасьці далейшага знаходжаньня ў расейскай Кантынэнтальнай хакейнай лізе, у якой прадстаўлена хакейным клюбам «Дынама-Менск». Пры гэта заявіў старшыня асацыяцыі БХК Ігар Рачкоўскі, камэнтуючы рашэньне Мінспорту Расеі аб прызнаньні беларускіх хакеістаў легіянэрамі ў КХЛ. Раней, хакеісты зь Беларусі, якія гулялі ў клюбах КХЛ, не лічыліся легіянэрамі і на іх не распаўсюджваўся ліміт, усталяваны на колькасьць легіянэраў у расейскіх клюбах КХЛ.

«Адным з захадаў у адказ ня выключаны разгляд пытаньня аб мэтазгоднасьці ўдзелу ў КХЛ менскага „Дынама“. На каманду мы выдаткоўваем вельмі шмат беларускіх грошай, гэта не сакрэт, яна адна з самых наведвальных у КХЛ. Аднак варыянт зь Лігай чэмпіёнаў, дзе зараз выступае толькі гарадзенскі „Нёман“ вельмі цікавы. Магчыма, лепш заявіць туды 3-4 нашых клюбаў і разьвівацца далей», — прыводзіць БелТА словы Ігара Рачкоўскага, які выступіў на прэсавай канфэрэнцыі 28 жніўня.

Ігар Рачкоўскі

Ігар Рачкоўскі

Загадам міністэрства спорту Расеі ад 27 жніўня ў расейскіх клюбах КХЛ можа быць ня больш за 5 легіянэраў — замежных гульцоў, якім забаронена выступаць за зборную краіны. Тое, што статус хакеістаў з краін Мытнага саюзу асобна ў загадзе не прапісаны, азначае, што хакеісты зь Беларусі разглядаюцца Мінспортам Расеі ў якасьці легіянэраў. Паводле Ігара Рачкоўскага, кіраўніцтва КХЛ не падтрымлівае рашэньне Мінспорту Расеі пра новыя правілы адносна легіянэраў і зараз працуе над юрыдычнай ацэнкай гэтага рашэньня.

Менскі хакейны клюб «Дынама» гуляе ў КХЛ з 2008 году. За гэты час каманда тройчы даходзіла на чвэрцьфіналу канфэрэнцыі, але прайгравала. Зэзон 2015-2016 гадоў «Дынама-Менск» пачало з двух пройгрышаў.

XS
SM
MD
LG