Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: «Час адкрыцьця ў Беларусі буйных радовішчаў нафты мінуў»


Ці можна ўспрымаць паведамленьне пра адкрыцьцё нафтавага радовішча як сэнсацыю і выратавальнае выйсьце для беларускай эканомікі?

Афіцыйныя СМІ абнародавалі заяву кіраўніка Мінпрыроды Андрэя Каўхуты пра тое, што на Гомельшчыне «адкрыта новае радовішча нафты, якое мае значныя запасы». Паводле міністра, гэтае радовішча будзе апэратыўна перададзена здабыўной арганізацыі «Беларуснафта».

У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры па геалёгіі, які займаўся вывучэньнем нетраў на Гомельшчыне і адкрыў радовішча, адмаўляюцца камэнтаваць паведамленьне пра буйную знаходку.

«Гэта закрытая інфармацыя пакуль. Тое, што ёсьць у сродках масавай інфармацыі, гэта пакуль усё. Больш я нічога не магу сказаць», — патлумачыў карэспандэнту БелаПАН галоўны інжынэр НПЦ Сяргей Жараў.

Гомельскія спэцыялісты ў галіне здабычы і ацэнкі нафтавых радовішчаў крытычна паставіліся да заявы кіраўніка Мінпрыроды, лічачы, што час адкрыцьця буйных радовішчаў мінуў:


«Толькі ж прабурылі адну сьвідравіну! Трэба паглядзець матэрыялы, трэба пры неабходнасьці рабіць дадатковыя выведачныя сьвідравіны, вызначыць памеры радовішча. Нельга казаць на ўсю краіну, што, дапусьцім, шмат. Трэба разьбірацца. Нельга адразу так секчы з-за пляча, бо шмат усялякіх нюансаў можа быць. Трэба пераканацца, зрабіць разьлікі, а потым ужо казаць. Час буйных радовішчаў ужо мінуў».


Суразмоўца кажа, што цяпер прамысловая здабыча нафты вядзецца з прымяненьнем найноўшых тэхналёгіяў. Сутачны прыток нафты можа быць і адносна невялікі: трыццаць, дваццаць, дзесяць тон — гэта залежыць ад радовішча і тэхналёгіяў здабычы:

«Залежыць ад радовішча, памераў яго, тэхналёгіяў, якія прымяняюцца. Тое, што ў савецкі час, мы лічылі, ня мае прамысловых прытокаў, пры цяперашніх тэхналёгіях ператвараецца ў нармальную сьвідравіну з дэбітам дзесяць, дваццаць, трыццаць тон за суткі. Патрэбныя тэхналёгіі — і можна здабываць.

Калісьці ў нас сьвідравіны давалі 200–300 тон за суткі. Былі й такія, што давалі й болей. У свой час здабыча нафты ў Беларусі даходзіла амаль да 8 мільёнаў тон за год. Цяпер здабыча стабільна трымаецца на мільёне 645 тысячах тон».

У аб’яднаньні «Беларуснафта», якому нібыта хутка зьбіраюцца перадаць для эксплёатацыі новае нафтавае радовішча, адмаўляюцца камэнтаваць заяву пра значныя запасы нафты. Здабыўцам наагул патрэбны час, каб высьветліць, што рэальна дае сьвідравіна:


«Пакуль сьвідравіна ня будзе ўведзена ў эксплёатацыю, нейкіх ацэнак РУП „Беларуснафта“ даваць ня будзе, бо мы сваю ацэнку не рабілі. Будзе весьціся пробная эксплёатацыя радовішча, па выніках яе і будуць вызначаны парамэтры і, адпаведна, магчымасьці здабычы нафты. А пробная эксплёатацыя сьвідравіны цягнецца каля трох гадоў».


Спэцыяліст кажа, што нафтавікі і сёлета, і раней таксама знаходзілі новыя радовішчы, але аднесьці іх да значных складана:

«У Прыпяцкім прагіне мы нядаўна адкрылі Карташоўскае радовішча, некалі яно называлася Заходне-Калінінскае. Раней адкрылі запасы на Рэчыцкім радовішчы. Аднесьці іх да буйных складана».

Адкрыцьцё новага радовішча са значнымі запасамі нафты, анансаванае кіраўніком Мінпрыроды, некаторыя экспэрты адкрыта называюць перадвыбарчай трукам.

У прыватнасьці, генэральны дырэктар Фонду нацыянальнай энэргетычнай бясьпекі Канстанцін Сіманаў нагадаў, што Аляксандар Лукашэнка нядаўна сустракаўся з новым кіраўніком Мінпрыроды і наўпрост заявіў, што ня верыць, што ў Беларусі няма буйных радовішчаў нафты. Тым самым намякнуў, што калі Каўхута іх ня знойдзе, то могуць быць наступствы.

Таму, маўляў, і пакацілася шуміха, бо перад прэзыдэнцкімі выбарамі людзям патрэбны добрыя навіны, а ня толькі паведамленьні пра амаль штодзённае абясцэньваньне рубля, рост цэнаў на харчы і адзеньне, скарачэньне працоўнага тыдня на прадпрыемствах.

«Калі людзям расказаць, што прэзыдэнт сілай думкі знайшоў яшчэ й нафтавае радовішча, то, пэўна, камусьці будзе прыемна. Дарэчы, гэта стыль ня толькі Лукашэнкі», — падкрэсьлівае экспэрт Сіманаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG