Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Горадні: «Да ўлады павінны прыходзіць маладыя»


Карыкатура Радыё Рацыя

Карыкатура Радыё Рацыя

Як вы ацэньваеце цяперашняе эканамічнае становішча Беларусі? З кім ці з чым зьвязваеце спадзяваньні на яе паляпшэньне? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Малады хлопец: «Цяпер наагул ва ўсёй краіне няма стабільнасьці, невядома, што будзе заўтра. Усё ж наша эканоміка цалкам завязаная на Расею, і санкцыі, якія цяпер уплываюць на іх эканоміку, адбіваюцца і на нас…»

Маладая жанчына: «Я думаю, у нас усё добра, усё выдатна. Асабліва гледзячы на тое, што творыцца ў іншых краінах, то ў нас усё ў норме. Былі б яшчэ большыя заробкі – наагул было б супэр…»

Жанчына сярэдняга веку: «У Беларусі стан вельмі цяжкі, а з кім ці з чым зьвязваць надзеі на паляпшэньне – ня ведаю. Зараз вунь выбары будуць, магчыма, пасьля выбараў нешта палепшыцца, хаця… Я працую на «Радыёхвалі», і мы супрацоўнічаем з Расеяй, Польшчай, Нямеччынай і кожны месяц гуляем у месяц па два тыдні, бо работы няма. Але мы найболей завязаныя з Расеяй…»

Мужчына перадпэнсійнага веку: «Стан нашай эканомікі – гэта бардак. А з кім зьвязваць надзеі на яго паляпшэньне – цяжкае пытаньне. Мне здаецца, што да ўлады павінны прыходзіць маладыя, а ўсіх гэтых старых грыбоў трэба папросту гнаць. Пакуль моладзь да ўлады ня прыйдзе, толку ніякага ня будзе».

Малады мужчына: «Я лічу, што ў эканоміцы даволі складаная сытуацыя, але ня думаю, што за гэта адказная сёньняшняя ўлада, бо Беларусь – краіна маленькая і недастаткова багатая рэсурсамі. Думаю, што больш цеснае збліжэньне з Расеяй магло б нам дазволіць хаця б часткова рашыць гэтыя праблемы».

Мужчына пэнсійнага веку: «Мы залежым ад атачэньня і ад таго, што вакол нас адбываецца ў сьвеце. Мы краіна маленькая, але мы цярплівы народ, мы выстаім, мы выжывем…»

Малады мужчына: «Сытуацыя ў нас сярэдняя, але яна залежыць ад таго, што адбываецца ў сьвеце. Цяпер незразумела, што тут будзе з гэтай Украінай, бо Расея сабе, Захад сабе, а мы ў цэнтры – і незразумела, у які бок глядзець…»

XS
SM
MD
LG