Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвастраюцца дыскусіі ў апазыцыі наконт фармату далейшага ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі. Пра што сьведчаць вынікі фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў? Чаму ў апазыцыйным асяродзьдзі пачалася кампанія супраць Тацяны Караткевіч? Ці магчымая нейкая новая эфэктыўная тактыка апазыцыі?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць за круглым сталом «Экспэртызы Свабоды» мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч і кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

Вынікі фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў

Валер Карбалевіч: «Ад апазыцыі ва ўчастковыя камісіі ўвайшлі толькі 32 асобы. Было вылучана ўсяго ад грамадзкіх арганізацыяў дэмакратычнай скіраванасьці 516 чалавек. Нават на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах іх было 183.

То бок, ніякай унутрыпалітычнай лібэралізацыі не назіраецца, хоць вызваленьне палітвязьняў давала сякія-такія надзеі. Як гэта можна пракамэнтаваць?»

Уладзімер Мацкевіч: «Ніякіх падставаў для зьменаў у палітычнай сыстэме, часткай якой зьяўляюцца выбары, няма. Вызваленьне палітвязьняў зьвязанае ня столькі з выбарчай кампаніяй, колькі з станам эканомікі і неабходнасьцю наладжваць стасункі з Захадам».

Андрэй Паротнікаў: «Вынікі чаканыя. Бо цяперашні рэжым няздольны да палітычнай трансфармацыі, акрамя імітацыйных крокаў».

Карбалевіч: «Але нават з гледзішча імітацыі можна было б колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчых камісіях захаваць на ўзроўні мінулай прэзыдэнцкай кампаніі».

Паротнікаў: «Ва ўмовах эканамічнага крызісу ўлады ня пойдуць на рызыку пашырэньня прасторы для апазыцыі».

Чаму ў апазыцыйным асяродзьдзі пачалася кампанія супраць Тацяны Караткевіч?

Апазыцыйныя структуры ўтварылі грамадзкую камісію па праверцы правільнасьці подпісаў за Тацяну Караткевіч. Чым вы патлумачыце такія дзіўныя хады і дзеяньні апазыцыі? Гэта адзінае, чым яна можа заняцца падчас выбарчай кампаніі?«

Мацкевіч: «Ёсьць дзьве прычыны такіх паводзінаў апазыцыі. Па-першае, структуры, якія створаны і ня маюць рэалістычных мэтаў, прыдумляюць сабе працу. Гэты закон Паркінсана, які тычыцца бюракратычных структур, тычыцца і апазыцыі.

Па-другое, у беларускім грамадзтве існуе высокая ступень недаверу. Паводле апытаньняў НІСЭПД, 83–85% беларусаў нікому не давяраюць. У апазыцыйным асяродзьдзі гэтая лічба нават і большая. Вось і ня вераць, што каманда Тацяны Караткевіч сабрала 100 тысяч подпісаў. У што, папраўдзе кажучы, ніхто ня верыць».

Паротнікаў: «Па-першае, гэтая кампанія ня супраць Тацяны Караткевіч, а супраць Андрэя Дзьмітрыева. Па-другое, я не пагаджуся з тэзай, што гэта імітацыя дзейнасьці. Гэта самая наўпроставая дзейнасьць і барацьба, але ўнутрывідавая. Кампанія супраць Тацяны Караткевіч — гэта барацьба за ўласнае выжываньне пасьля выбараў.

Калі лідэры дзьвюх найстарэйшых і, па іхніх словах, найбуйнейшых партыяў не змаглі набраць 100 тысяч подпісаў, то гэта сьведчыць альбо пра тое, што іхнія лідэры — ніякія ня лідэры, альбо пра тое, што гэтыя партыі дэградавалі, яны недзеяздольныя. Я схіляюся да другога варыянту. Думаю, да такой жа высновы прыйшлі і вонкавыя донары. Валтузьня вакол подпісаў Караткевіч — гэта спроба захаваць сваю кармавую базу пасьля выбараў. Маўляў, і яна не сабрала, мы ўсе ў роўнай меры ўбогія».

Мацкевіч: «Маўляў, калі тануць, дык усім разам».

Чым вымяраецца моц палітыкаў?

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: «Але ўва ўсіх краінах моц той ці іншай палітычнай сілы ці палітыка вымяраецца па выніках выбарчай кампаніі. Здавалася б, каб прадэманстраваць сваю моц, у тым ліку і вонкавым спонсарам, трэба было б пайсьці ў кампанію, сабраць 100 тысяч подпісаў. А тут моц даказваецца неяк па-іншаму».

Мацкевіч: «У нас шмат што па-іншаму. Мы ніяк ня можам зразумець, што беларускі рэжым — гэта ня нейкая недарэчнасьць, а досыць прасунутая форма аўтарытарызму і нават таталітарызму, прыстасаваная да сучасных дэмакратычных умоваў у сьвеце і да інфармацыйнага грамадзтва. Таму тут, у Беларусі, удзел у выбарах не дае ніякай моцы. Напрыклад, у камуністычнай Польшчы ці ГДР, акрамя кіроўнай партыі, былі і іншыя партыі. Але ці маглі яны ўплываць на палітыку? Так і тут. У нас працуюць паліттэхналёгіі трэцяга пакаленьня. І маніпулятыўныя тэхнікі дазваляюць імітаваць прысутнасьць нібыта незалежных палітычных сілаў. Але яны ўплываюць ня болей, чым дазваляюць улады».

Карбалевіч: «Але ранейшы досьвед сьведчыць, што толькі тыя апазыцыйныя палітыкі маюць рэйтынгі, якія былі кандыдатамі ў прэзыдэнты».

Уладзімір Мацкевіч

Уладзімір Мацкевіч

Мацкевіч: «Гэта рэйтынгі, якія трохі перавышаюць статыстычную хібнасьць. Праблема ў тым, што ад выбараў да выбараў не захоўваецца пераемнасьць кандыдатаў. У нас аднаразовыя кандыдаты. Дзе сёньня Мілінкевіч, Казулін? Таму ўсе гэтыя рэйтынгі сьведчаць пра сэзоннае абвастрэньне палітычнай зацікаўленасьці».

Паротнікаў: «Справа ў тым, што ніхто з апанэнтаў Лукашэнкі ня ставіць задачу прыходу да ўлады. Гэтае аб’яднаньне апазыцыі супраць Караткевіч накіравана на тое, каб ня даць Дзьмітрыеву высунуцца наперад і засяродзіць на сваёй арганізацыі ўвагу вонкавых партнэраў».

Ці магчымая нейкая новая эфэктыўная тактыка апазыцыі?

Карбалевіч: «Цяпер у апазыцыі пэўная разгубленасьць. Невядома, што рабіць, якую тактыку ўзяць на ўзбраеньне нават падчас гэтай выбарчай кампаніі. Вось на прэсавай канфэрэнцыі 28 жніўня Ўладзімер Някляеў запатрабаваў вярнуць Міколу Статкевічу статус кандыдата ў прэзыдэнты. У адваротным выпадку трэба прызнаць гэтыя выбары несапраўднымі, а хто працягвае ў іх удзельнічаць — той здраднік. Іншыя казалі, што трэба спыніць выбары ці ігнараваць іх. Як вы гэта ацэніце?»

Паротнікаў: «Палітыкі, якія давалі прэсавую канфэрэнцыю (Някляеў, Статкевіч, Лябедзька, Севярынец) — гэта палітыкі ўзору 1990-х гадоў. Іх час скончыўся. Яны нічога іншага ня ўмеюць рабіць, як ствараць блёкі, прымаць стратэгіі, пра якія самі забываюць праз два тыдні. Таму і гэта чарговае трызьненьне».

Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў

Карбалевіч: «Чаму на зьмену гэтым, як вы кажаце, „палітыкам старога ўзору“ ня прыйдуць маладыя, моцныя, эфэктыўныя? Прырода ж не цярпіць пустаты. Гэта ж закон прыроды: маладое і эфэктыўнае выцясьняе старое і неэфэктыўнае. Або гэты закон у Беларусі ня дзейнічае? Ці, можа, гэтыя палітыкі зусім не састарэлыя ў палітычным сэнсе?»

Паротнікаў: «Бо старая генэрацыя мёртвай хваткай учапілася ў свае пасады. Яны абапіраецца на вонкавыя рэсурсы, дзе таксама два дзясяткі гадоў сядзяць бюракраты. І яны працуюць з тымі, з кім звыклі працаваць».

Мацкевіч: «У апазыцыі не хапае салідарнасьці і ўзаемакарыснай дапамогі. Кемлівыя маладыя патэнцыйныя лідэры проста не высоўваюцца. Бо разумеюць, што ня час, ня хочуць падстаўляцца. Пры іншых умовах яны высунуцца наперад».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG