Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заклікаў беларусаў насіць айчынныя штаны бязь дзірак, а ня «Гучы»


Падчас сустрэчы з працаўнікамі ААТ «Белавескі» і жыхарамі вёскі Расна Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці Аляксандар Лукашэнка зноў заклікаў беларусаў набываць айчынныя тавары і адпачываць у сваёй краіне. На думку Лукашэнкі, калі беларусы будуць аддаваць перавагу айчыннай прадукцыі, то і пытаньне з валютай ня будзе стаяць так востра:

«Давайце наша, беларускае паносім. Няхай лепш яно будзе крыху ня тых мод, бязь дзірак на каленях. Як цяпер штаны носяць? Трэба працерці дзірку. У тым, у чым раней мы саромеліся на вуліцу выходзіць, цяпер ходзяць», — цытуе прэзыдэнта дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

«Давайце ўжо ня будзем праціраць гэтыя дзіркі, будзем хадзіць у беларускай, нармальнай бялізьне, вопратцы, ручнікі будзем выкарыстоўваць беларускія і ежу беларускую. Па ежы ўжо праблем няма. Ужо ўсе зразумелі, што значыць беларускае, нават далёка за нашымі межамі. Не, трэба „Гучы“! У нас жа чыстая прадукцыя, мы дзяржаўныя стандарты захавалі. Бо харчаваньне і адзеньне — гэта здароўе чалавека», — працягнуў Аляксандар Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка заклікаў беларусаў адпачываць у сваёй краіне, а ня ехаць за мяжу. «Навошта даляр? Купіць імпартнае і паехаць у Эгіпет адпачыць? Перажывём. Вазьміце Белавескую пушчу — задухі ніякай, выдатнае паветра. Браслаўскія азёры. Азёраў хапае, абмялелі трохі, але вады хапае. Адпачнём як-небудзь у гэты цяжкі час дома».

Што да становішча на валютным рынку, Лукашэнка заявіў:

«У нас ёсьць група спэкулянтаў, як і ў любой краіне, якія прывыклі гуляць: сёньня куплю, заўтра перапрадам. Не, зь дзяржавай у азартныя гульні ня раю гуляць. Зараз адпусьцілі курс. Хочаце купіць даляр — плаціце той кошт, які складваецца на рынку. Мы яго не трымаем, проста назіраем за коштамі. І трымаць небясьпечна», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка падкрэсьліў, што пры стрымліваньні курсу можна нанесьці шкоду і тым, хто прывозіць валюту ў краіну.

«Калі ён прывёз даляры і хоча прадаваць, а мы будзем заціскаць і трымаць, дзікі рынак зьявіцца (мы гэта ўжо праходзілі), будуць два курсы — гэта катастрофа», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG