Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Подпісы за Цярэшчанку маглі быць надрукаваныя на каляровым прынтары — назіральнікі


У Магілёве Ленінская раённая выбарчая камісія выявіла больш за 20 працэнтаў несапраўдных падпісных лістоў вылучэнца на прэзыдэнцтва Віктара Цярэшчанкі.

Паводле незалежнага назіральніка, акрэдытаванага ў камісіі, праваабаронцы Аляксея Колчына, на праверку ініцыятыўнай групай прэтэндэнта было здадзена 216 лістоў, на якіх было 2606 подпісаў выбарцаў. У выніку 531 подпіс прызнаны несапраўдным. Зь іх 529 надрукаваныя на каляровым прынтары.

«Дадзеныя выбарцаў проста былі раздрукаваныя. Мо і подпісы таксама былі не сапраўдныя, але пра гэта цяжка казаць. Экспэрт ніякіх высноваў на гэты конт не зрабіў», заўважае назіральнік.

Ён зазначае, што выбарчая камісія правядзе яшчэ адну праверку сапраўднасьці падпісных лістоў за Цяпэшчанку.

«Там два этапы праверкі. На першым этапе, калі выяўляюцца праблемныя подпісы больш за 15 працэнтаў, то прызначаецца дадатковая праверка. Правяраць будуць ужо 15 працэнтаў подпісаў ад усіх здадзеных у камісію. Гэта камісія адабрала яшчэ 1861 подпіс на 163 лістах і будуць іх правяраць да 31 жніўня», тлумачыць Аляксей Колчын.

Паводле яго выбарчая камісія правярала подпісы ўсіх вылучэнцаў на прэзыдэнцтва, але найбольшая колькасьць несапраўдных падпісных лістоў было за Віктара Цярэшчанку.

«Я думаю, што самі зборшчыкі подпісаў хацелі іх гэткіх чынам сфальшаваць, — выказвае меркаваньне Аляксей Колчын. — Адкуль жа яны ўзялі дадзеныя тых выбаршчыкаў. Аднекуль жа яны іх узялі? То бок яны былі раней напісаныя. Але якая была патрэба іх раздрукоўваць? Там яшчэ і вялікае, я думаю, пытаньне, да ўласна подпісаў, якія стаяць насупраць дадзеных выбаршчыкаў. Было б цікава іх праверыць».

Падчас кампаніі збору подпісаў у Магілёве адзіны пікет, на якім зьбіралі подпісы ў падтрымку Цярэшчанкі, выстаўляўся на пешаходнай вуліцы Ленінскай.

Радыё Свабода папрасіла пракамэнтаваць сытуацыю кіраўніка выбарчага штаба Віктара Цярешчанкі Алега Несьцяркова:

«Пакуль я абвяргаю дадзеную інфармацыю. Мне цяжка нешта казаць на гэты конт. Я ведаю, што ўсе подпісы ў нас праходзілі праверку. Я нічога ня ведаю пра надрукаваныя подпісы і адкуль такая інфармацыя».

XS
SM
MD
LG