Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч: Пасьля выбараў мы маем права на мірны пратэст


Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

У інтэрвію Свабодзе Тацяна Караткевіч пракамэнтавала выпады на свой адрас ад Зянона Пазьняка і Міколы Статкевіча і распавяла, што будзе рабіць увечары 11 кастрычніка пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня.

— Спадарыня Тацяна, даводзіцца чуць, як людзі выказваюць вам падтрымку, таму што вы жанчына. Як вы ставіцеся да такога? Вас не абражае, што зьвяртаюць увагу на ваш пол, а не на якасьці палітыка?

— Вельмі спакойна да гэтага стаўлюся. Я нават заўважыла: мы адыходзім ад стэрэатыпаў пра тое, што жанчына ня здольная займаць кіроўныя пасады. Ёсьць статыстыка, паводле якой у Беларусі 48,5% кіроўных пасад займаюць жанчыны. Я ўвогуле мала сутыкалася з тым, каб мяне ацэньвалі паводле полу — проста людзям патрэбныя перамены, яны хочуць паспрабаваць пажыць у краіне, дзе кіраўнік іншы чалавек, а магчыма — і жанчына.

— Статыстыка — гэта добра, але ня верыцца, што падчас вашых шматлікіх выездаў для збору подпісаў вы не сутыкаліся з інтарэсам да вашых пікетаў на той падставе, што вы палітык, але не мужчына.

— Гэта толькі першае ўражаньне. Чалавек глядзіць і адразу суадносіць: гэта мужчына ці жанчына, які ўзрост, як выглядае — гэта ўсё першаснае. Далей ідзе размова пра іншыя рэчы — і яны не зьвязаныя з гендэрам кандыдата.

— У Беларусі мала публічных жанчын. Адна з самых вядомых ужо шмат гадоў — старшыня Цэнтральнага выбарчага камітэту Лідзія Ярмошына. Якая, дарэчы, нядаўна выказалася на ваш адрас, скарыстаўшы словы «гэтая баба». Ці такое дапушчальна?

— Тое, што Ярмошына назвала мяне «бабай», асабліва мяне не закранула. Я ж жанчына, для кагосьці — дзяўчына, хтосьці мяне дачкой называе, хтосьці — мамай. Хтосьці можа і бабай назваць. Я на гэта не зьвяртаю ўвагі. Мяне больш турбуе іншае: у гэтай кампаніі старшыня ЦВК грае дзіўную ролю. Роля Ярмошынай — адміністратыўная праца, зьвязаная з арганізацыяй выбарчага працэсу. А яна робіць палітычныя суб’ектыўныя ацэнкі. Гэта няправільна. Чыноўнік такога рангу і з такім досьведам не павінен сябе так паводзіць. Старшыня ЦВК павінна быць стрыманай у сваіх выказваньнях, якія павінны тычыцца толькі выбарчага працэсу. А станавіцца палітыкам чалавеку на гэтай пасадзе — недапушчальна.

— Зянон Пазьняк сказаў пра вас так: «Ролю для псэўдаапанэнта і спарынг-партнэра Лукашэнкі даручылі нікому невядомай спадарыні зь незьнікальным адбіткам асаблівасьцяў органаў бясьпекі ў паводзінах і на абліччы». Што адкажаце спадару Пазьняку?

У мяне няма ніякіх падставаў сумнявацца ў сваіх мэтах і ў сваёй камандзе і ў тым, што я раблю.

— Адразу скажу, што цяпер мне штодня даводзіцца знаёміцца зь вялікай колькасьцю выказваньняў пра мяне, якія робяць нашы палітыкі. Я вельмі ўважліва стаўлюся да гэтага, усіх слухаю. Але найперш я канцэнтруюся на тым, што галоўная мэта кааліцыі «Народны рэфэрэндум» — барацьба за падтрымку ў грамадзтве. Сёньня нельга дасягнуць ніякіх пераменаў бяз гэтай падтрымкі. Гэта самае галоўнае. У мяне няма ніякіх падставаў сумнявацца ў сваіх мэтах і ў сваёй камандзе і ў тым, што я раблю. Апроч такіх выказваньняў, якое зрабіў Зянон Пазьняк, я штодня атрымліваю лісты са словамі падтрымкі, прапановамі ў праграму.

— Напэўна ж, атрымліваеце ня толькі словы падтрымкі. Быць кандыдатам небясьпечна, вось Віктар Цярэшчанка ледзь не атруціўся маркоўным сокам у рэстаране. Вам ня страшна за сябе?

— Я жадаю Віктару хутчэй ачуняць і працягнуць сваю працу. Што да мяне, ды я стараюся трымацца бадзёра. Наперадзе — падрыхтоўка і падача дакумэнтаў на рэгістрацыю, падрыхтоўка да праграмных выступаў. Вельмі важна быць у тонусе, высыпацца і нармальна харчавацца.

— Якім чынам уплывае на падрыхтоўку да наступнага этапу выбараў разлад у кааліцыі «Народны рэфэрэндум»? Юрась Губарэвіч патрабуе пераліку галасоў, ваш штаб нібыта пагадзіўся...

— Я ўпэўненая ў сваіх подпісах, бо бачыла, як іх зьбіралі, і актыўна зьбірала сама. Але мы заявілі, што гатовыя прадставіць подпісы на праверку. Гэтым займаецца кіраўнік штабу Андрэй Дзьмітрыеў. Ён разам зь Сяргеем Вазьняком вядуць перамовы з тымі, хто дамагаецца праверкі. А ўвогуле цяпер дзіўна за гэтым назіраць. Бо на пачатку выбарчай кампаніі ўсе палітыкі і прадстаўнікі грамадзкасьці казалі пра важнасьць таго, каб выкарыстаць выбары для працы з насельніцтвам, паказаць альтэрнатыву — а цяпер, калі такая магчымасьць можа здарыцца, спрабуюць перашкодзіць. Людзі не давяраюць сёньня партыям і грамадзкім арганізацыям. Нам трэба гэта вярнуць. І мы шмат чаго робім, каб гэтага дамагчыся.

— Ці сустракаліся вы зь Міколам Статкевічам пасьля яго вызваленьня?

— Пакуль ня бачыліся. Але вельмі рада, што гэты чалавек, як і іншыя палітычныя вязьні, нарэшце на свабодзе. Статкевіч шмат пакутаваў, гэта вельмі сьмелы, мужны чалавек. На жаль, пакуль мы не сустрэліся. Ён сказаў, што яму трэба час, каб вызначыцца са сваёй стратэгіяй.

— Разам з тым у інтэрвію Радыё Свабода Мікола Статкевіч кажа, што ўсе вашы дзеяньні кіруюцца чалавекам «цалкам амаральным, які сваю амаральнасьць прадэманстраваў публічна», маючы на ўвазе Андрэя Дзьмітрыева і яго выступ пасьля разгону Плошчы ў 2010 годзе...

У выступе Дзьмітрыева не было нічога, што падстаўляла б каманду. Мы захавалі каманду цягам 5 гадоў. Гэта самае важнае.

— У мяне няма права судзіць, але ёсьць права выбару — працаваць ці не працаваць з гэтым чалавекам, сябраваць зь ім ці не сябраваць. Свой выбар я раблю, зыходзячы з рэальнай сытуацыі. Пасьля таго выступу Андрэя Дзьмітрыева і іншых апазыцыйных палітыкаў па тэлебачаньні ў 2010 годзе большасьць людзей зразумела, што гэтыя заявы прагучалі вымушана. Вядома, яны павінны несьці цяжар адказнасьці за свой учынак. Але ў выступе Дзьмітрыева не было нічога, што падстаўляла б каманду. Мы захавалі каманду цягам 5 гадоў. Гэта самае важнае. Калі вызвалілі Ўладзімера Някляева, у «Гавары праўду» была сур’ёзная размова на гэты конт, і мы вырашылі ісьці далей. Мы гэта перажылі.

— Напэўна, самым папулярным пытаньнем у выбарнікаў, якія ставілі за вас подпіс, была Плошча. Што рабіць пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня?

— Сапраўды, гэтае сур’ёзнае пытаньне вельмі часта задавалі ў пікетах і на форумах. Калі мяне зарэгіструюць у якасьці кандыдата, для мяне будзе важна атрымаць вынік, але ў сваіх ацэнках я буду арыентавацца на высновы назіральнай кампаніі «Права выбару». Цяпер ідзе фармаваньне ўчастковых выбарчых камісіяў. Мы прапанавалі 373 чалавек, уключылі толькі шэсьць. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлады не зьбіраюцца зьмяняць мэханізм падліку галасоў. Ужо ёсьць падставы думаць, што вынікі выбараў будуць сумнеўнымі. Калі надыдзе гэты момант, я буду выкарыстоўваць усе заканадаўчыя нормы, каб аспрэчыць вынікі выбараў, але разам з гэтым людзі маюць права на мірны пратэст. Тут ужо на мне будзе вялікая адказнасьць, каб нікога не арыштавалі і ня зьбілі. Пратэст павінен быць у такой форме, каб я як сапраўды палітык несла адказнасьць за сваіх выбаршчыкаў. Усе памятаюць абвінавачваньні, якія гучалі на адрас палітыкаў у 2010 годзе за тое, што яны ня здолелі абараніць людзей. Сёньня людзі хочуць пераменаў, але разумеюць, што яны атрымаюць за сваё хаценьне.

— Што для вас мірны пратэст?

— Людзі выйшлі, прайшліся, сфармулявалі свае думкі, перадалі. Мірны пратэст — гэта дыскусія, дыялёг і пазыцыя. Сёньня ўсе шукаюць спосаб выказаць сваю пазыцыю. Выбары — не варыянт, бо галасы не падлічаць, будуць фальсыфікацыі. Варта думаць над спосабам. Але думаць такім чынам, каб людзі былі ў бясьпецы і каб мы ня страцілі той давер, які атрымалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG