Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі жыць на пэнсію, то хопіць на хлеб і малако — і больш нічога»


«Як вы ацэньваеце цяперашняе эканамічнае становішча Беларусі? З кім ці з чым зьвязваеце спадзяваньні на яго паляпшэньне?» На гэтыя пытаньні адказвалі жыхары Менску.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:59 0:00
Наўпроставы лінк

Спадар пэнсійнага веку: «Дрэннае становішча, канечне, дрэннае. Мы ніколі ў Беларусі добра не жылі, заўсёды былі маленькія заробкі, асабліва ў інжынэрна-тэхнічных работнікаў. А „памяркоўныя“, ціхія беларусы ходзяць вось навокал, нібыта нічога ніякага. Трэба лепш працаваць усім людзям без выключэньня — бягом на працу бегчы. А то прыяжджае брыгада рамантаваць трубаправод: двое працуюць, а астатнія сядзяць».

Юначка: «Ой, цяжкае становішча. Штодня расьце курс даляра, поўная нестабільнасьць. Штодня чакаеш і ня ведаеш, што будзе далей, чаго чакаць. Спадзяюся, што Нацыянальны банк нешта перагледзіць у сваёй палітыцы і гэта ўсё неяк спыніцца нарэшце».

Спадар сярэдніх гадоў: «Складанае эканамічнае становішча, вядома. ЗША і Эўразьвяз пашыхтаваліся супраць Расеі, а мы ідзем у яе фарватэры, а таму і на нас гэта ўплывае. Спадзяюся, што ўсё паціху разруліцца. ЗША ўзялі на сябе ролю жандара, як у свой час Расейская імпэрыя. Расея ў супрацьвагу ЗША дамаўляецца з Кітаем, Бразыліяй, і рана ці позна ўсё палепшыцца і ў нас».

Спадарыня сярэдніх гадоў: «Вы задаяце пытаньне ў нялёгкі пэрыяд. Нялёгкі для нас і для іншых краін. Спадзяюся на ўнёсак кожнага чалавека, калі кожны будзе працаваць сумленна на сваім месцы».

Юнак: «Які сэнс казаць пра тое, што і так бачна? Эканамічнае становішча становіцца горшым. Людзі становяцца напружаныя, злыя, і гэта ўплывае на агульнае становішча. Думаю, што паляпшэньне магчымае ад саміх людзей, а таксама ад тых, хто кіруе гэтымі людзьмі. Бо нельга асобна разглядаць уладу і народ. Калі народ ня хоча, то нічога не атрымаецца. Таму трэба, каб усе пастараліся, каб стала лепш».

Карэспандэнтка: «Ці добра жывецца, ці набывае тата ўсё, што хочаш?»

Хлопчык: «Не, ня ўсё. Трэба эканоміць, каб было за што жыць — сьвет цяпер такі».

Тата хлопчыка: «Ну што тут яшчэ дадаць? Хіба толькі, што ўсе мы баімся праўды — запалоханыя, зашуганыя і жывем у страху. І спадзявацца нам на што? Ніхто не спадзяецца на выбары, і, напэўна, усе ўжо прывыклі, што нічога ня зьменіцца».

Спадарыня пэнсійнага веку: «Калі жыць на пэнсію, то хопіць на хлеб і малако — і больш нічога. Тое, што мы адпрацавалі ўсё жыцьцё на дзяржаву, то вось дзяржава нам гэтак аддзячыла. Калі яшчэ зь дзецьмі жывеш, то яны дапамагаюць. А адной — немагчыма, таму бабулькі і выходзяць жабраваць.

А спадзяваньняў на лепшае і няма. Бо мы за сваіх дзяцей плацім за ўсё, а ў Галяндыі, да прыкладу, дзяцей кормяць бясплатна. Гэта яшчэ добра, што праезд адмянілі. А раней жа пэнсіянэрам, дзецям і студэнтам праезд быў 50%. Ды хаця б пасьля 70 гадоў зьнізілі, калі людзі ўжо ня ў стане падпрацоўваць — ня так шмат і езьдзім, а праезд жа дарагі. Паліклінікі ў нас — нулявыя, ня лечаць, а калечаць. Няхай бы страхавая мэдыцына была.

І няхай бы нарэшце пачалі правяраць Дразды. За што яны там будуюцца — хіба за свае грошы? Зладзейства, зладзейства.

А мы, якія атрымалі адукацыю, адпрацавалі — і ня маем нічога. Мой тата з вайны прыйшоў зранены, адпрацаваў таксама ўсё жыцьцё, і што ён меў? Калі і надалей будуць красьці і будаваць палацы, то нашым дзецям — простым сьмяротным — долі не пабачыць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG