Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пасьля зьдзекаў у міліцыі і прымусовага псыхіятрычнага лячэньня маці не аддаюць дзіця


Алеся Садоўская

Алеся Садоўская

У жніўні суд Маладэчанскага раёну пачаў разглядаць пазоў Аддзелу адукацыі, спорту і турызму Маладэчанскага райвыканкаму аб адабраньні 8-гадовай Кацярыны Садоўскай у яе маці Алесі Садоўскай. За гэтай гісторыяй — гады судоў, несправядлівасьцяў, гвалту і адзіноты.

«Яна цудоўная маці — гэта я вам заяўляю як ёсьць, — кажа доктар Людміла Сякерская з РНПЦ псыхічнага здароўя („Навінкі“) — Так, яна магла з кімсьці канфліктаваць, але якое гэта мае дачыненьне да выхаваньня дзіцяці? Там аддзел апекі жорстка паставіў пытаньне. Звычайна ў нас увогуле пры выпісцы не ўзьнікае такіх пытаньняў. Гэта першы выпадак за доўгія гады».

«Я ж украінка, не магу трываць несправядлівасьць»

«Мы бачылі Алесю, нам цяжка меркаваць, што яна можа нанесьці нейкую шкоду сваёй дачцэ, — распавядае расейскі мэдыцынскі псыхоляг Любоў Вінаградава зь Незалежнай псыхіятрычнай асацыяцыі Расеі. — Гэта абсалютна дзіўныя рэчы. Тут справа ня ў тым, ёсьць у яе дыягназ ці не. Нельга чалавека дыскрымінаваць толькі на падставе дыягназу. Павінны быць нейкія паказаньні».

Алесі 28 год. Нарадзілася яна ў Данецку. Маці памерла, калі Алеся была яшчэ малая. У шэсьць год бацька прывёз яе на сваю радзіму —— у Беларусь. Тут Алеся скончыла школу, атрымала прафэсію прадаўца, нарадзіла дачку Кацю. У Каціным пасьведчаньні аб нараджэньні бацькі няма, хоць яны два гады пражылі разам.

Алеся — усьмешлівая, пазытыўная дзяўчына зь яскравай мовай і выдатным пачуцьцём гумару. Пры ўсім гэтым у Алесі ёсьць псыхіятрычны дыягназ — «арганічнае афэктыўнае расстройства». За гэтымі словамі можа хавацца ўсё — ад лёгкай дэпрэсіі да маніякальнага стану. У Беларусі — яшчэ і адчайнае адстойваньне сваіх правоў і надзвычайная цяга да справядлівасьці.

«Я ж украінка, у мяне кроў усё ж, я не магу ўсёй гэтай несправядлівасьці трываць, не разумею нават, як так можна», — кажа яна.

Алеся Садоўская — тая самая дзяўчына, якая заявіла пра катаваньні ў міліцыі ў навагоднюю ноч на 1 студзеня 2013 году. Відэазапіс пад назвай «Вяжут в дежурке» — як простыя беларускія міліцыянты робяць «ластаўку» маладой дзяўчыне — на youtube паглядзелі 38 000 чалавек.

Садоўская сьцьвярджала, што зьвярнулася да міліцыянтаў, бо ў начным клюбе ў яе скралі тэлефон. А міліцыянты яе зьбілі, не давалі вады, трымалі ў халоднай камэры і на 40 хвілінаў зьвязалі ў «ластаўку». Адміністрацыйную справу тады ўзбудзілі супраць самой Алесі, а 13 прызначаных паводле яе скаргаў праверак дзеяньняў міліцыі скончыліся нічым.

УУС Менскага аблвыканкаму нават выпусьціла прэс-рэліз, у якім абвінавачвала «апазыцыйную» прэсу ў перадузятасьці, а Алесю характарызавала як дзяўчыну з «агрэсіўнымі» і «неадэкватнымі» паводзінамі.

Увесь гэты час Алеся не пераставала скардзіцца.

«У адзін з такіх момантаў я прыйшла ў Сьледчы камітэт, дзе сустрэла начальніка дэпартамэнту аховы Косіка Івана Іванавіча, — распавядае яна. — Косік быў непасрэдным начальнікам тых людзей, якія зь мяне зьдзекаваліся ў тую ноч. Ён стаў у фае казаць, што навошта я сюды хаджу, што я нічога не даб’юся. Ён мяне вывеў да такой ступені, што я замахнулася на яго торбачкай. Я яго не змагла ўдарыць, бо ён захваціў маю руку, закруціў мяне. У мяне былі пабоі, а ў яго ніякіх пабояў не было, хоць ён паехаў іх здымаць. Па справе праходзіла, што я яго біла торбачкай па розных частках цела».

Будынак Маладэчанскага РУУС, дзе Алесі рабілі «ластаўку» Пад лёзунгам «Патриотизм. Законность. Гуманность».

Будынак Маладэчанскага РУУС, дзе Алесі рабілі «ластаўку» Пад лёзунгам «Патриотизм. Законность. Гуманность».

Супраць Алесі завялі крымінальную справу паводле арт. 364 КК — «Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах помсты за выкананьне службовай дзейнасьці». Прызначылі псыхіятрычную экспэртызу.

З вынікамі экспэртызы, у якой і зьявіўся дыягназ «арганічнае афэктыўнае расстройства», Алеся не пагадзілася і паехала да незалежных экспэртаў у Маскву. Там у грамадзкай арганізацыі «Незалежная псыхіятрычная асацыяцыя Расеі» камісія на чале з кандыдатам мэдычных навук Юрыем Савенкам высновы беларускіх дактароў абвергла.

Сябра камісіі, мэдычны псыхоляг Любоў Вінаградава кажа, што беларускае заключэньне «не вытрымлівае крытыкі».

«Гэта было зроблена, каб дагадзіць праваахоўным органам, — кажа псыхоляг Вінаградава. — Тое, што там было напісана, як яна сябе паводзіла, было расцэнена ў максымальна паталягічным ключы, без уліку сытуацыі, яе характару і гэтак далей. Усё гэта было сьпісана на яе сур’ёзнае псыхічнае расстройства. Мы з гэтым былі ня згодныя».

У тэксьце пастановы суду прыводзяцца паказаньні Івана Косіка на судовых паседжаньнях. Ён заяўляў, што Садоўская пагражала помстай і фізычнай расправай міліцыянтам, якія дастаўлялі яе ў РУУС у навагоднюю ноч. «Калі ён накіраваўся да выхаду з будынку, ззаду адчуў удар торбай па сьпіне. Разьвярнуўшыся, пабачыў Садоўскую А.П., якая працягвала наносіць яму па тулаве ўдары торбай, рукамі і нагамі. Усяго нанесла каля 10 удараў. У выніку ў яго на кіцелі быў адарваны гузік».

Кровападцёкі на руках Алесі суд палічыў лёгкімі цялеснымі пашкоджаньнямі, хоць і адзначыў, што яны маглі зьявіцца ў выніку «ціску пальцамі».

Да думкі расейскіх экспэртаў беларускі суд прыслухоўвацца ня стаў. Рашэньнем ад 23 ліпеня 2014 году суд Маладэчанскага раёну пастанавіў, што Садоўская зьдзейсьніла ўчынак у стане неадэкватнасьці, і прысудзіў ёй паўгода прымусовага псыхіятрычнага лячэньня.

У палаце да цябе падыходзіць і кажа: «А мяне Лукашэнка, Пуцін і Мядзьведзеў будуць казьніць на Паўночных могілках»

У Навінкі Алеся трапіла толькі ў лютым 2015-га — праз восем месяцаў пасьля прысуду. А 25 лютага дачку Кацю забралі ў прытулак.

«У Навінках мне загадчык сказаў, што яму ўсё адно, каго лячыць, калі ёсьць пастанова, — распавядае Алеся. — Некалькі дзён мяне проста „заколвалі“ да такога стану, што я часткова страціла памяць. Я не магла згадаць нават імя па бацьку. Калі яны пабачылі, што мой стан пагаршаецца, то сталі здымаць з гэтых лекаў. Я стала пісаць скаргі ў РНПЦ, і ў мяне зьмяніўся доктар. Пасьля гэтага я стала больш-менш нармальная».

У Навінках Алеся вяла дзёньнік

У Навінках Алеся вяла дзёньнік

Пра большасьць дактароў Алеся адгукаецца надзвычай добра. Кажа, што некаторыя нават ставяць сьвечкі ў царкве за сваіх пацыентаў. Але падыходы да лячэньня для ўсіх пацыентаў прыблізна аднолькавыя.

«У Навінках прымаюць усіх, і ўсіх праводзяць праз пэўную працэдуру наколваньня, каб сваякі, якія прыедуць праз пару дзён, сапраўды думалі, што чалавек звар’яцеў, — кажа Алеся. — Гэта дыязэпам, аміназін, іншым разам нэўлепціл. І вось ад нэўлепцілу я страціла памяць. Ён настолькі расслабляе, што ў цябе нетрыманьне ані мачы, ані калу. Дзяўчаткі ходзяць, а ў іх з рота сьліна цячэ. Рукі трымцяць. Яны нармальныя прыяжджаюць, а іх пераколваюць, яны ізноў туды трапляюць, бо, прайшоўшы праз гэтыя лекі, выходзіць доўга і складана. Я гэта на сабе ведаю. Ты адчуваеш стому, ляноту, такую штучна створаную, не таму, што ты хочаш спаць ці ляжаць — ты проста ня можаш нічога рабіць. Гэтыя лекі забіраюць сілы».

Але калі ў чалавека псыхіка не слабая, то ён не звар’яцее ў такіх месцах, сьцьвярджае дзяўчына.

«Там жанчына прыходзіць да цябе і кажа: «А мяне Лукашэнка, Пуцін і Мядзьведзеў будуць казьніць на Паўночных могілках». Я кажу: адкуль ты ведаеш? А яна: «Мне па тэлепатыі толькі што перадалі», — распавядае яна.

Людзі ляжаць з галасамі, з галюцынацыямі, калі ім падаецца, што сьцены разыходзяцца-сыходзяцца, што хтосьці зь імі гаворыць.

«Я сама стала за сваё здароўе хвалявацца. Але, дзякуй богу, выжыла», — кажа Алеся.

Двойчы на месяц Алеся мусіць назірацца ў маладэчанскім псыханэўралягічным дыспансэры

Двойчы на месяц Алеся мусіць назірацца ў маладэчанскім псыханэўралягічным дыспансэры

Праз чатыры месяцы, 25 чэрвеня, Садоўскую адпусьцілі дахаты на прымусовае амбуляторнае лячэньне. Цяпер яна абавязаная два разы на месяц хадзіць на назіраньне да маладэчанскага псыхіятра.

«Тое, што яна знаходзілася там (у Навінках. — РС) невялікі тэрмін, кажа пра тое, што дактары разумелі, што яна насамрэч не патрабуе прымусовага стацыянарнага лекаваньня, — кажа Любоў Вінаградава. — Цяпер яе выпісалі на амбуляторнае лячэньне, і гэта пацьвярджае, што яна не ўяўляе небясьпекі, што ў яе няма такіх псыхічных расстройстваў, якія б патрабавалі стацыянарнага лячэньня і пастаяннага назіраньня за ёй. І чаму ў гэтай сытуацыі вырашаецца пытаньне пра тое, што ў яе трэба забраць дзіця, гэта зусім не зразумела. Гэта ніяк ня можа быць патлумачана. Таму мы гэта разглядаем як працяг ціску на яе».

«Яна цудоўная маці, гэта я вам заяўляю»

«Я лічу, што Алеся цалкам можа выхоўваць сваю дачку, — кажа Людміла Сякерская, лекуючы доктар Алесі ў РНПЦ псыхічнага здароўя. — Мы яе назіралі тут. Яна вельмі добра ставіцца да сваёй Кацечкі. Яна тут эканоміла грошы, каб купіць дзіцяці падарункі, нешта зь ежы. Увесь час сазвоньвалася з прыёмнай сям’ёй, клапацілася, заўжды расстройвалася, калі Каця на нешта скардзілася. Яна цудоўная маці».

«Але мы псыхіятрыя, мы працуем у жорсткіх рамках, — працягвае Сякерская. — Калісьці Мінздраў прымаў пэўныя законы, Алеся трапіла ў гэты сьпіс. Там шмат дыягназаў».

16 сакавіка 2015 году аддзел адукацыі надаў Кацярыне Садоўскай статус дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў, з 17 лютага і на «пэрыяд знаходжаньня яе маці Садоўскай Алесі Пятроўны ў ДУ РНПЦ». І тым жа рашэньнем адправіў Кацю ў прыёмную сям’ю, хоць паводле заканадаўства дзіця можа знаходзіцца ў прытулку да паўгода. Да таго ж, сьцьвярджае Алеся, ніхто не пытаўся ані ў яе, ані ў дачкі, ці хочуць яны ў прыёмную сям’ю.

Фотаздымак дачкі Каці ў Алесі на застаўцы мабільнага тэлефона

Фотаздымак дачкі Каці ў Алесі на застаўцы мабільнага тэлефона

Камунікаваць з дачкой праз тэлефон у «Навінках» Алесі дазволілі ізноў жа пасьля скаргі. Алеся кажа, што пакуль Каця была ў прытулку, то ёй падабалася. Яна хадзіла ў школу, дзе працуе іх сваячка, да таго ж у адзін кляс са стрыечнай сястрой.

«Я пазваніла Каці, слухаўку ўзяла псыхоляг, сказала — мы вас ставім у вядомасьць, што сёньня па Кацю прыяжджае прыёмная мама і мы яе вызначаем у прыёмную сям’ю», — ужо са сьлязьмі распавядае Алеся.

У судзе Алеся распавяла, што, паводле словаў прыёмнай маці, у Каці пачаўся энурэз, якога не было з паўтарагадовага ўзросту.

«Празь некалькі дзён Каця мне паведаміла, што «ня хоча жыць», — казала Садоўская на судовым паседжаньні.

Яна зьвярнулася ў Міністэрства адукацыі з просьбай пракантраляваць сытуацыю. У адказ начальніца аддзелу адукацыі, спорту і турызму Маладэчанскага райвыканкаму Іна Драпеза напісала, што «дэпрэсіўныя настроі і жаданьне вярнуцца ў прытулак зьяўляюцца наступствам камунікацыі зь біялягічнай маці». Аддзел адукацыі вырашыў, што Каціна сустрэча з маці немэтазгодная, і забараніў ім камунікацыю на тры месяцы.

У Алесі цэлая тэчка разнастайных дакумэнтаў, якія тычацца лёсу дачкі Каці

У Алесі цэлая тэчка разнастайных дакумэнтаў, якія тычацца лёсу дачкі Каці

А 28 ліпеня зьвярнуўся ў суд з пазовам аб адабраньні дзіцяці ў маці на падставе яе дыягназу. Паводле Пастановы Міністэрства аховы здароўя № 36 ад 30.03.2010 афэктыўнае расстройства ўваходзіць у пералік захворваньняў, пры якіх бацькі ня могуць выконваць бацькоўскія абавязкі.

У Беларусі людзей з такім афіцыйна зарэгістраваным дыягназам больш за 7 тысяч. А агулам на пачатак 2015 году на дыспансэрным псыхіятрычным уліку стаяла каля 107 тысяч чалавек. Дыскусія пра тое, як менавіта прымяняць пастанову, вядзецца ўжо ня першы год.

Два гады таму намесьнік начальніка аддзелу па наглядзе за выкананьнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генэральнай пракуратуры Аляксей Падвойскі прызнаў, што сытуацыя выглядае праблематычнай у пляне аховы правоў людзей, якія маюць афіцыйны дыягназ, і іх дзяцей.

«З аднаго боку, мы разумеем, што сама па сабе псыхічная хвароба — не падстава, каб цалкам абмяжоўваць бацькоўскія правы чалавека. Але, зь іншага боку, мы сёньня ня маем прававой базы, каб градзіраваць стан такіх грамадзянаў паводле іх дзеяздольнасьці: адзін чалавек пры такім цячэньні хваробы цалкам можа забясьпечваць бацькоўскія функцыі, другі — ня ў поўнай меры, а трэці — зусім ня ў стане».

«Яна кампэнсаваная, сацыяльна адаптаваная і не ўяўляе ніякай шкоды для свайго дзіцяці, — кажа мэдычны псыхоляг Любоў Вінаградава. — Я думаю, што дактары павінны зрабіць на гэтым акцэнт, што яна не нясе небясьпекі для свайго дзіцяці і няма аніякіх падставаў, каб абмяжоўваць, а тым больш пазбаўляць яе бацькоўскіх правоў. Калі дактары гэтага ня робяць, то гэта парушэньне лекарскай этыкі. Бо дактары павінны найперш думаць пра дабро для свайго пацыента».

Наступнае паседжаньне суду адбудзецца 28 жніўня. Чаго ад яго чакаць, дзяўчына ня ведае.

Кіраўніца сэктару выхаваўчай і сацыяльнай працы Аддзелу адукацыі, спорту і турызму Маладэчанскага райвыканкаму Алена Ігнатовіч справу Алесі Садоўскай камэнтаваць для Радыё Свабода адмовілася.

«Я чакаю, што мне вернуць дачку, — кажа Алеся Садоўская. — Наяўнасьць дыягназу — гэта не падстава, каб адбіраць дзіця».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG