Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын Уладзіміра Беражкова зьехаў зь Беларусі: «Хачу засьцерагчы сябе і сваю сям’ю»


Мікіта Беражкоў перакананы, што бацька ня краў. У інтэрвію «Комсомольской правде» в Белоруссии»​ Мікіта Беражкоў распавёў:

«У дадзены момант (каля 14.00 27 жніўня) я перасякаю беларускую мяжу, каб засьцерагчы сябе і сваю сям’ю. Ведаю дакладна: мой бацька ня злодзей і ніколі ім ня быў. Можа, ён і нанёс нейкую шкоду, але ўжо пэўна ня краў, і асабістай выгады ў ягоных дзеяньнях быць ня можа. Я лічу, гэта справа заказная, і нават здагадваюся, хто за ім стаіць. І тыя, хто лье бруд на майго бацьку, пра гэта яшчэ пашкадуюць. Тыя грошы, 1 мільярд 800 мільёнаў, якія арыштавалі на рахунку ў бацькі, — гэта грошы ад продажу кватэры. Бацька яе прадаў у ліпені, а праз тыдзень яго затрымалі. Хачу адзначыць: гэтая кватэра была набытая да прыходу ў хакейны клюб».

Затрыманьне былога генэральнага дырэктара хакейнага клюбу «Дынама-Менск» Максіма Суботкіна і экс-мэнэджэра Ўладзіміра Беражкова выклікала вялікі рэзананс. Падрабязнасьці крымінальных спраў сьледзтва не агучвала, але ў чацьвер прадстаўнікі Сьледчага камітэту і МУС сабралі журналістаў, каб распавесьці, чаму Беражкоў і Суботкін апынуліся за кратамі.

Начальнік упраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі Алег Ларын паведаміў, што яны абвінавачваюцца па розных артыкулах Крымінальнага кодэксу.

«Што тычыцца Беражкова, то ён працаваў па даволі банальнай схеме. Да прыкладу, як калі ў дзіцячы садок працаўладкоўваюць «мёртвыя душы» — дворнікаў. У гэтай схеме няма нічога арыгінальнага.

Сутнасьць абвінавачваньня зводзіцца да таго, што ён ініцыяваў фармальнае працаўладкаваньне ў клюб свайго знаёмага з акладам 15 мільёнаў у месяц. У далейшым Беражкоў зь ліпеня 2014 па чэрвень 2015 году здымаў грошы з карткі, аформленай на яго аднаго. У нас ёсьць доказы, фота- і відэафіксацыя таго, як ён гэта рабіў. У тым ліку і ў банкамаце «Менск-Арэны», — кажа Алег Шандаровіч, начальнік галоўнага сьледчага ўпраўленьня Сьледчага камітэту. — З ініцыятывы Беражкова гэтай асобе рэгулярна выплачваліся прэміі ад 80 да 160 мільёнаў у месяц. Асабіста Беражкоў пісаў заяву ад гэтай асобы на адпачынак, матэрыяльную дапамогу і сьвяткаваньне юбілею. Усяго з карт-рахунку асабіста Беражковым было зьнята 1 мільярд 90 мільёнаў (каля 60 тысяч даляраў). Дарэчы, ягоная афіцыйная зарплата ў год у хакейным клюбе складае адзін мільярд.

Канчатковае абвінавачаньне Беражкову паводле часткі 4 артыкула 210 Крымінальнага кодэксу «Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі» выставілі 26 жніўня. Як кажуць у СК, ён працуе са сьледзтвам і гатовы пакрыць шкоду.

Што ж тычыцца Максіма Суботкіна, то яго абвінавачваюць паводле часткі 3 артыкула 424 — «Злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі».

XS
SM
MD
LG