Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадусар: «зоркі» першай велічыні ня едуць у Беларусь, каб не «замазацца»


Сёньня на «Менск-Арэне» дасьць адзіны ў Беларусі канцэрт культавы амэрыканскі гурт Linkin Park. Выступ адбудзецца ў рамках усясьветнага туру ў падтрымку апошняга студыйнага альбому The Hunting Party.

Зрэшты, мэляманы да апошняга не выключалі непрыемных сюрпрызаў —ужо бывала, што прыезд «зорак» першай велічыні зрываўся ледзь не ў апошні момант. Пачалося з амэрыканскай рок-легенды Лені Кравіца, які аб’ехаў усю Эўропу і нават даляцеў да Масквы, але перад Менскам нечакана захварэў.

Сьледам «капітуляваў» канадзкі майстар рок-балядаў Браян Адамс — тады ягоныя імпрэсарыё спаслаліся на складанасьці зь лягістыкай: маўляў, няма гарантыі, што ўдасца хутка перайсьці беларуска-літоўскую мяжу пасьля канцэртаў у краінах Балтыі.

Не ўдалося фанатам сустрэцца і з брытанскімі хард-рокерамі Def Leppard. Менскім канцэртам павінна была распачацца эўрапейская частка ўсясьветнага турнэ, але за пару дзён да прызначанай даты стартавым пунктам усё ж абралі Вільню.

Тым часам абвешчана пра адмену сьнежаньскага канцэрту канадзкага гурту Nickelback. Праўда, арганізатары не выключаюць, што ўдасца дамовіцца пра новыя тэрміны на наступны год. А калі не, то квіткі пачнуць вяртаць 4 верасьня.

Такім чынам, у лепшым выпадку да Беларусі даяжджае адзін зь пяці выканаўцаў ці гуртоў, статус якіх сягае ўсясьветнага ўзроўню. У чым прычына таго, што замежныя зоркі, адрозна ад расейскіх, ня надта імкнуцца на «астравок стабільнасьці»? Менскі прадусар Юры Халезін лічыць, што неўзабаве можа скарэктавацца і гэтая прапорцыя — наведваньне аўтарытарнай краіны не дадае музыкам павагі:

Юры Халезін

Юры Халезін

«Як на маю думку, інтарэс да Беларусі слабы ў тым ліку і з палітычных прычынаў, гэта адназначна. Паколькі беларускія гастролі ў масе сваёй фармуюцца „якарам“ з нашым суседам, „старэйшым братам“, то шмат якія артысты проста грэбуюць, ня хочуць, скажам так, замазацца.

Ужо былі выпадкі, калі вядомыя сьпевакі, ня буду іх пералічваць, зьезьдзілі ва Ўзбэкістан, у Азэрбайджан, выступілі там перад мясцовымі кіраўнікамі, якія ніколі ў жыцьці ня сыдуць са сваіх пасадаў, і атрымалі абструкцыю. У нашым выпадку, лічу, аналягічная сытуацыя. Linkin Park, падобна, у Беларусь даедуць, усё ж усясьветны тур. Але шмат хто з артыстаў буйнога калібру сто разоў падумае, перш чым ехаць у Беларусь ці Расею. І чым далей, тым больш актуальным будзе гэтае пытаньне; літаральна з кожным месяцам яго прынцыповасьць будзе падвышацца. Пры такім раскладзе пабачыць тут сапраўдных зорак ня ўдасца: будзем езьдзіць у Варшаву, Вільню, Рыгу, а сюды дарогу паступова забудуць».

Пры ўсёй знакавасьці амэрыканскіх хлопцаў з Linkin Park аншлягу на канцэрце не чакаецца. Галоўная перашкода — кошт квіткоў, які ў Беларусі мала адэкватны рэальным заробкам. Ніжні сэгмэнт вагаўся ў межах 1 мільёна рублёў, што на момант пачатку продажаў у сакавіку адпавядала 80 далярам. Верхняя плянка — 2,5 мільёна, і ва ўмовах сёньняшняй дэвальвацыі гэта тым больш адчувальна. Прадусар Юры Халезін лічыць, што пры такім цэньніку разважаць пра даступнасьць відовішча не выпадае, засталося б на хлеб:

«Натуральна, што народ схіліцца да таго, каб на пару кіляграмаў больш купіць сасісак, чым аддаць за квіткі ўсе грошы, заробленыя за месяц. Зразумела, што чалавек павінен выжываць фізычна. Культурка культуркай, а есьці хочацца пастаянна. Само сабой, ёсьць у нас і багатыя людзі, якім усё роўна, колькі каштуе квіток. Але такі падыход трэба зьмяняць. Можна толькі ўявіць, колькі людзей сабе такога дазволіць ня могуць. Я ўсё жыцьцё ў року, ад пачатку 1970-х, і яшчэ нядаўна квіткі былі 5–6 даляраў, 10 — гэта ўжо дорага! А калі цяпер на крутыя гурты выстаўляюць 100 даляраў — гэта бязьмежжа поўнае!

Як могуць трапіць на канцэрт маладыя людзі: студэнты, навучэнцы ПТВ, школьнікі — асноўныя фанаты? Хто зрабіў „Бітлз“? 14-гадовыя дзяўчаткі, яны распачалі тую бітламанію, а не дарослыя дзядзькі. Адкуль у 14-гадовых грошы на такія даражэзныя білеты? Ну гэта ж глупства. А выйсьця няма. Ганарары будзь здароў якія, што рабіць арганізатарам? Каб зрабіць канцэрт, адступацца, плаціць шалёныя грошы. У выніку ўсё адбіваецца на простым, шараговым гледачу, які запаўняе танцпол, а не VIP-месцы. Карацей, бяда ў року, бяда...»

____________________________________________

Linkin Park — альтэрнатыўная Nu-Metal-каманда, заснаваная ў ЗША амаль 20 гадоў таму. Першапачаткова мела назву Xero. Арганізавалі гурт аднаклясьнікі Брэд Дэлсан і Майк Шынода, якія дагэтуль выступаюць у калектыве. Творчасьць хлопцаў была ў той час падобная да дзясяткаў іншых альтэрнатыўных праектаў. Карэнным чынам зьмяніла сытуацыю зьяўленьне новага ўдзельніка — Чэстэра Бэнінгтана. У 2000 годзе прынцыпова зьмяняецца стылістычны фармат і назва гурту — Linkin Park. Тады ж прыйшоў і першы сапраўды посьпех — альбом «Hybrid Theory» трапіў у нацыянальныя і ўсясьветныя чарты, яго продажы склалі больш за 25 мільёнаў копіяў, пазьней яму прысвоілі тытул «мультыбрыльянтавы». На гэты момант альбомаў прададзена агульным лікам 75 мільёнаў асобнікаў, музыканты ня раз станавіліся ляўрэатамі музычнага «Оскара» — прэміі «Грэмі», таксама прэміяў American Music Awards і MTV Europe Music Awards.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG