Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» пакажа подпісы за Тацяну Караткевіч. Але ня ўсе


Кампанія «Гавары праўду» ня зможа прадставіць грамадзкай камісіі копіі ўсіх подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Тацяны Караткевіч.

Пра гэта Радыё Свабода паведаміў каардынатар працоўнай групы грамадзкай камісіі па праверцы подпісаў Юрась Меляшкевіч па выніках сустрэчы з прадстаўнікамі выбарчага штабу Тацяны Караткевіч.

«Сёньня я меў сустрэчу зь Сяргеем Вазьняком наконт праверкі подпісаў — гэта была арганізацыйная сустрэча, мы прэзэнтавалі вынікі першага паседжаньня камісіі. Сяргей Вазьняк заявіў, што сёньня на працягу дня ён зможа прадставіць інфармацыю пра колькасьць подпісаў, копіі якіх мы можам прагледзець. То бок у іх ня ўсе подпісы ёсьць у капіраваным выглядзе. Усю колькасьць подпісаў прадставіць нам ня могуць, і, на мой погляд, тая папярэдняя колькасьць, якую яны могуць нам прадставіць — яна яшчэ недастатковая. Але я спадзяюся, што іх усё ж такі будзе больш», — заявіў ён.

Губарэвіч: камісія павінна мець доступ да ўсяго аб’ёму подпісаў

Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду», ініцыятар стварэньня грамадзкай камісіі Юрась Губарэвіч расказаў у інтэрвію Радыё Свабода, што недахоп копіяў подпісаў, безумоўна, стварае праблемы для працы камісіі.

— Так, было агучана, што нестае копіяў подпісаў, і была спасылка на тое, што ня ўсе копіі прыйшлі з рэгіёнаў, дзе людзі павінны іх зьбіраць і дасылаць. Я думаю, што ў такім выпадку камісія можа запытаць пра копіі, якія былі сабраныя ў горадзе Менску — тут не павінна ўзьнікнуць ніякіх праблемаў, бо яны рабіліся непасрэдна ў самім цэнтральным штабе Тацяны Караткевіч. У выпадку, калі ёсьць такія копіі, можна пачаць праверку зь іх. У адваротнай сытуацыі камісія зьбярэцца і будзе ўжо рабіць нейкія высновы, ці магчымая наагул у гэтай сытуацыі далейшая праверка.

— Якой наагул павінна быць мэтодыка працэдуры праверкі подпісаў, сабраных за Караткевіч?

— Дзеля таго каб насамрэч пераканацца ў сапраўдным стане подпісаў, даведацца, ці яны падробленыя, ці яны рэальна сабраныя, неабходна прайсьці празь некалькі працэдураў.

Па-першае, камісія павінна мець доступ да ўсяго аб’ёму подпісаў — гэта значыць, мець магчымасьць візуальна агледзець кожны аркуш або яго ксэракопію, падлічыць агульную колькасьць, і гэтая колькасьць павінна адпавядаць той, якая заяўлена пры здачы ў выбарчыя камісіі.

Па-другое, камісія павінна мець магчымасьць адсартаваць подпісы па рэгіёнах, гарадах, вуліцах аж да канкрэтных дамоў, каб мець магчымасьць прааналізаваць, ці ёсьць дублі, ці ёсьць подпісы, якія трапляюцца некалькі разоў у гэтых копіях.

Па-трэцяе, мець магчымасьць выбарачна пратэлефанаваць людзей з падпісных аркушаў.

Гэта асноўныя крытэры, па якіх можна рабіць папярэднія высновы наконт якасьці і сапраўднасьці подпісаў.

— Ці зьбіраецеся вы прытрымлівацца крытэраў ЦВК — калі больш за 15% правераных подпісаў несапраўдныя, то несапраўднымі прызнаюцца ўсе подпісы?

— Не, натуральна, што мэтодыка ЦВК у дадзеным выпадку ня будзе брацца за аснову, бо стаіць задача даць агульную ацэнку: ці не трапляецца ў заяўленай лічбе значная колькасьць подпісаў, якія не былі сабраныя, а былі падробленыя адмыслова?

— А «значная колькасьць» — гэта колькі?

— Я думаю, што ў выпадку, калі гэтая колькасьць будзе перавышаць 7 тысяч, то бок сапраўдных будзе меней за 100 тысяч, то тут ужо можна казаць пра тое, што ў дадзеным выпадку кандыдатура Тацяны Караткевіч ня можа быць зарэгістраваная.

— Вы заклікалі ўзяць удзел у працы камісіі канкрэтных асобаў — вядомых палітычных і грамадзкіх дзеячаў. Ці былі сярод іх тыя, хто адмовіўся ад удзелу ў працы камісіі?

— Так, ёсьць тыя, хто адмовіўся, прычым зрабілі гэта людзі з розных меркаваньняў. Некаторыя казалі, што ня маюць часу. Трапляліся і тыя, хто казаў, што і так усё зразумела — яны маюць глыбокае ўнутранае перакананьне, што падпісныя аркушы за Тацяну Караткевіч былі сфальсыфікаваныя. Гэта, напэўна, самая горшая сытуацыя, якая сёньня ёсьць у беларускай апазыцыі, калі публічна выказваецца ўзаемны недавер і калі гэты недавер будуецца не на канкрэтных фактах, а на ацэначных меркаваньнях. Праца камісіі якраз паклікана паставіць кропку ў гэтым пытаньні і зрабіць сытуацыю максымальна празрыстай.

— Што вы будзеце рабіць, калі высьветліце, што каманда Караткевіч сапраўды падрабляла подпісы? Што далей?

— У любым выпадку атрыманую інфармацыю пра тое, ці гэтыя подпісы сапраўдныя, ці несапраўдныя, мы плянуем давесьці да грамадзкасьці. Ну, а грамадзкасьць ужо павінна сама рабіць высновы па атрыманай інфармацыі. Зьвяртацца ў ЦВК і рабіць нейкія юрыдычныя захады мы не зьбіраемся. Задача палягае ў тым, што трэба даць ацэнку таго, што адбываецца, і спыніць любыя спэкуляцыі на гэтай тэме. Бо на сёньня, не прайшоўшы праз падобную працэдуру праверкі, сьцьвярджаць нешта адназначна абсалютна немагчыма.

— Сёньня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала «самаўпраўствам» стварэньне грамадзкіх камісіяў па праверцы подпісаў і нават паабяцала зьвярнуцца з гэтай нагоды ў пракуратуру. Як вы пракамэнтуеце гэтую заяву?

— Тут цяжка сказаць, што гэта такое. Ці гэта спроба падгуляць кандыдату, ці гэта такі тонкі тролінг з боку спадарыні Ярмошынай, бо яна, напэўна, адна зь нешматлікіх асобаў у дзяржаўным апараце, якая можа дазволіць сябе такое незалежнае меркаваньне. Таму цяжка пракамэнтаваць яе словы. Адзінае, што тычыцца сутнасьці яе прэтэнзіяў наконт таго, што праводзіць грамадзкую праверку нельга, — я хачу сказаць, што гэта не яе справа. Апазыцыя сама знойдзе, як паміж сабой размаўляць і дамаўляцца, а даверу да высноваў, якія робіць Цэнтральная і іншыя выбарчыя камісіі, даўно ўжо ні ў кога няма.

А судзьдзі хто?

Між тым і ў грамадзянскай супольнасьці шмат хто не падтрымлівае ідэю незалежнай праверкі і сумняецца, што грамадзкая камісія, якая за гэта возьмецца, у прынцыпе можа быць аб’ектыўнай.

На думку праваабаронцы Тацяны Равякі, якая выказалася ў інтэрвію Радыё Свабода, канчатковае рашэньне камісіі ўсё роўна будзе вызначацца палітычнай мэтазгоднасьцю.

Тацяна Равяка

Тацяна Равяка

«Я думаю, што гэта камісія ўнутранага недаверу, які зьявіўся пасьля выбараў 2010 году ў апазыцыі. Маё пытаньне: а хто будзе ў гэтай камісіі?

Вось, напрыклад, ва ўчорашнім паседжаньні браў удзел Аляксей Янукевіч, які заявіў, што сябры ягонай партыі сабралі больш за 10 тысяч подпісаў. Калі ў Партыі БНФ такі патэнцыял збору подпісаў, то як яны ў 2010 годзе сабралі больш за 100 тысяч подпісаў? Ці былі яны тады сабраныя? Або тады перамагла палітычная мэтазгоднасьць?

Таму сёньняшняя сытуацыя для мяне — гэта працяг таго недаверу, які зьявіўся ў 2010 годзе, і цяпер ён перайшоў на гэтую камісію. Калі пяць гадоў былі такія палітычна матываваныя рашэньні, то я не выключаю, што і зараз камісія прыме палітычна матываванае рашэньне. Яно можа быць у падтрымку таго, што гэтыя галасы сабраныя, або, наадварот, каб закляйміць, што гэтыя подпісы несапраўдныя. То бок палітычная матываванасьць для мяне ў такіх справах — асноўная перашкода даверу да камісіі», — кажа Равяка.

Учора, 26 жніўня, адбылося першае паседжаньне грамадзкай камісіі дзеля праверкі сапраўднасьці подпісаў, сабраных за вылучэньне на пасаду прэзыдэнта Тацяны Караткевіч.

У паседжаньні ўзялі ўдзел першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец і праваабаронца Валер Шчукін, які прадстаўляў грамадзкую кампанію «Наш дом».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG