Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Працуюць без заробку: помнік трэба ставіць такім людзям», — працаўнікі збанкрутаванага заводу ў Магілёве


Прададзены будынак прадпрыемства

Прададзены будынак прадпрыемства

У Магілёве намагаюцца ўратаваць збанкрутаваны завод «Строммашына». Пасьпяховае некалі прадпрыемства пасьля абвалу расейскага рубля канчаткова загібела. Празь нясплату даўгоў кіраўніцтва заводу мусіла прадаць адміністрацыйны будынак. Частка грошай пайшла на заробкі, якія не выплачваліся некалькі месяцаў. Цяпер сытуацыя паўтараецца. Працоўныя зноў чакаюць заробку — ужо далёка ня першы месяц.

Прадпрыемства працуе тры дні на тыдзень. Пра гэта кажуць самі працоўныя. Паводле іх, за месца на заводзе трымаюцца людзі перадпэнсійнага веку і тыя, хто мае спэцыяльнасьці, запатрабаваныя толькі на вялікіх прадпрыемствах. Звольніўшыся, знайсьці сабе занятак на іншым прадпрыемстве гораду няпроста, зазначае адзін з працаўнікоў:

«Людзі засталіся пераважна сталага ўзросту. Каму год, каму два ці пяць да пэнсіі. Ёсьць спадзеў, што прыедзе нейкі багацей ды дасьць заводу грошы», — кажа ён.

На пытаньне, калі апошні раз выплачваўся заробак, суразмоўца пэўнага адказу не дае:

Калі ня згодны, можаш звальняцца. Людзям няма куды падацца.

«Апошні, відаць, у траўні давалі. Месяцы тры не выплачвалі. Я ўжо і зь ліку зьбіўся. Людзі ў нас прыходзяць, працуюць і сыходзяць без заробку. Помнік трэба ставіць такім людзям. Мяне, да прыкладу, сям’я корміць. Сталі менш есьці. Эканомім на ўсім.

Цяпер я раблю прыборку на працоўным месцы і чацьвер-пятніцу буду сядзець дома. Ёсьць адпаведны загад. Калі ня згодны, можаш звальняцца. Людзям няма куды падацца. У нас цяпер на заводзе новы антыкрызісны дырэктар».

«Заробкі нам як не плацілі, так і ня плацяць», — працягвае апавядаць пра сытуацыю на заводзе адна з працаўніц.

«Далі частку чэрвеньскага заробку, і ўсё на гэтым. А за ліпень дык і не разьлічылі яшчэ нас, — кажа жанчына. — Людзі выжываюць за кошт сваіх родзічаў. Пазычаюць, у даўгі залазяць. Хто ў крэдытах, дык тыя ня могуць зь імі разабрацца. Вось уявіце, узяў чалавек крэдыт — і цяпер яго ня можа аддаць».

«Мы рады былі б, каб завод застаўся і была праца, і заробкі выплачвалі ў час, — працягвае суразмоўніца. — Але мы пакуль не заўважалі, каб нехта клапаціўся пра завод. Мо мы чаго не разумеем. Толькі прымушаюць парадак, культуру наводзіць на заводзе. Але мы ня ведаем, дзеля чаго яе наводзім. Мы зьмірыліся з тым, што ёсьць. Стаміліся і скардзіцца. Мы скардзіліся, але плёну ад гэтага было няшмат».

Працаўніца зазначае, што пра пэрспэктывы прадпрыемства працоўны калектыў нічога канкрэтнага ня ведае. Заўважае: завод поўніцца чуткамі, што яго частку нехта купіў альбо зьбіраецца купіць. На думку суразмоўніцы, вінаватых у банкруцтве прадпрыемства ніхто не пакараў:

Калі нехта завод разваліў, то яны мусяць адказаць за гэта перад законам. Ён жа сам не разваліўся, і працоўныя яго не развалілі.

«Па-мойму, калі нехта завод разваліў, то яны мусяць адказаць за гэта перад законам. Ён жа сам не разваліўся, і працоўныя яго не развалілі. Яго разваліла кіраўніцтва», — мяркуе жанчына.

Атрымаць камэнтар у адміністрацыі наконт цяперашняга стану прадпрыемства не ўдалося. Паводле ж публікацыяў у мясцовай прэсе, завод вінаваты крэдыторам амаль сто сорак мільярдаў рублёў. Прызнаецца і факт запазычанасьці па заробках.

Ад 2 ліпеня Эканамічны суд Магілёўскай вобласьці разглядае заяўку заводу аб прызнаньні яго неплатаздольным. На дадзены момант у прадпрыемства няма ўласных абаротных сродкаў.

«Пэўныя памылкі мэнэджмэнту. Закрэдытаванасьць. Прадпрыемства захапілася крэдытамі. Гэта прывяло да фактычнай яго неплатаздольнасьці», — кажуць пра сытуацыю на заводзе ў эканамічным судзе Магілёўскай вобласьці.

Заяўляецца, што антыкрызісны кіраўнік мае распрацаваць плян санацыі прадпрыемства або яго ліквідацыі. Увосень зьбяруцца крэдыторы, якія будуць вырашаць лёс заводу.

З эканамічнымі цяжкасьцямі прадпрыемства сутыкнулася ў 2013 годзе. Тады працаўнікі таксама наракалі на нявыплату заробкаў. Адміністрацыя прызнала, што праблема такая ёсьць, і патлумачыла, што з прадпрыемствам не разьлічваюцца за пастаўленую прадукцыю.

Праблемы абвастрыліся, калі ў Расеі, дзе асноўныя гандлёвыя партнэры прадпрыемства, рэзка абвалілася валюта. Пры канцы 2014 году адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі прызнаваў, што праз высокі курс беларускага рубля завод штодня губляе да аднаго мільярда рублёў.

«Строммашына» — адно з найстарэйшых прадпрыемстваў Беларусі. Выпускае машыны для вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў, горныя і будаўнічыя машыны, вежавыя краны. На заводзе працуе больш за 1300 чалавек. Дзяржаўная доля ў статутным фондзе прадпрыемства складае 99 працэнтаў.

XS
SM
MD
LG