Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадаркоўскі заклікаў грамадзян Расеі не выконваць неправавыя законы


Міхаіл Хадаркоўскі падчас кангрэсу "Ўкраіна-Расея: дыялёг" у Кіеве, 24 красавіка 2014 году

Міхаіл Хадаркоўскі падчас кангрэсу "Ўкраіна-Расея: дыялёг" у Кіеве, 24 красавіка 2014 году

Грамадзяне Расеі маюць патрэбу ў дзяржаве, заснаванай на праве, а не на прапагандзе і неабмежаванай уладзе аднаго чалавека, лічыць Міхаіл Хадаркоўскі.

Грамадзяне Расеі маюць поўнае права не выконваць неправавыя, несправядлівыя законы, — з такой заявай выступіў былы кіраўнік кампаніі ЮКАС, былы расейскі палітвязень Міхаіл Хадаркоўскі.

У якасьці прыкладаў такіх законаў Хадаркоўскі прывёў «закон Дзімы Якаўлева» (пра забарону на замежнае ўсынаўленьне) і закон аб зьнішчэньні санкцыйных прадуктаў.

Заява Хадаркоўскага разьмешчаная на сайце «Адкрытай Расеі».

«Амаральна і несправядліва пагражаць пазбавіць усіх грамадзян Расеі доступу да „Вікіпэдыі “, сусьветнага сховішча ведаў, якое ня мае аналягаў. Амаральна і несправядліва прызнаваць „замежным агентам“ і выціскаць з краіны Фонд „Дынастыя“, які падтрымлівае навуку, у той час як „Адзіная Расея“ атрымлівае фінансаваньне з афшору», — піша Хадаркоўскі. «Калі закон несправядлівы, ён не адпавядае праву, і значыць, у грамадзян ёсьць права не выконваць яго», — дадае экс-кіраўнік ЮКАСа.

Хадаркоўскі таксама нагадаў пра прынятыя нядаўна судовыя рашэньні — асуджэньне на тры гады актывіста «Іншай Расеі» Алега Міронава, распыленьне сьлёзацечнага газу на канцэрце Андрэя Макарэвіча, вызваленьне чыноўніцы Мінабароны Яўгеніі Васільевай і 20-гадовы прысуд украінскаму рэжысэру Алегу Сянцову.

«Пасьля гэтых рашэньняў нават тыя, каго перш радавалі жорсткія прысуды іх палітычным праціўнікам, вымушаныя прызнаць: у нашай краіне няма прававой сыстэмы — ні для «чужых», ні для «сваіх», — адзначыў Хадаркоўскі.

На думку экс-кіраўніка ЮКАСа, грамадзяне Расеі маюць патрэбу ў дзяржаве, яквя здольная прымаць зразумелыя, прававыя і справядлівыя законы. У дзяржаве, заснаванай на праве, а не на прапагандзе і неабмежаванай уладзе аднаго чалавека.

Міхаіл Хадаркоўскі правёў у турме больш за 10 гадоў паводле абвінавачваньня ў махлярстве і нявыплаце падаткаў. Праваабаронцы і адвакаты лічылі яго справу палітычна матываванай. 20 сьнежня 2013 году ён быў памілаваны прэзыдэнтам Пуціным і цяпер жыве ў Швайцарыі.

XS
SM
MD
LG