Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Польшча створаць транспамежныя папуляцыі зуброў


Зубры
Зубры

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя сумесна з польскімі спэцыялістамі распрацоўвае праект па стварэньні трансгранічнай папуляцыі зубра. Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі начальнік упраўленьня біялагічнай і ляндшафтнай разнастайнасьці Мінпрыроды Натальля Мінчанка.

Паводле яе словаў, зараз Беларусь займае першае месца па колькасьці зуброў, якія знаходзяцца на свабодзе, у стане натуральнай волі. «Пачынаючы зь 10 зуброў у 1940-х гадах, мы прыйшлі да лічбы больш 1 200, і зараз спрабуем разам з польскімі калегамі падрыхтаваць праект, які дазволіць стварыць трансгранічныя папуляцыі зубра і ўсё ж такі пашырыць арэал пражываньня», — сказала яна.

Раней па ініцыятыве Беларусі доўгі час распрацоўвалася канцэпцыя праграмы Саюзнай дзяржавы «Фармаваньне аптымальнага арэалу эўрапейскага зубра як гарантыі яго доўгачасовага захаваньня» («Дарожная мапа для зубра»), якая прадугледжвала аднаўленьне фрагмэнтаў ранейшага арэалу пасяленьня эўрапейскага зубра на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Аднак, як адзначыла Натальля Мінчанка, Мінпрыроды Расеі спыніла працу па гэтым кірунку.

«Таму мы хутка пераключыліся на польскі бок. Ёсьць разуменьне, ёсьць падтрымка з боку палякаў, ёсьць падтрымка Рады Эўропы па гэтым пытаньні. Мы вельмі спадзяемся, што ў бліжэйшыя некалькі гадоў у нас будзе сумесны праект з палякамі», — сказала яна.

Натальля Мінчанка кажа, што Міністэрства прыроды Беларусі накіроўвае ў Расею шмат праектаў, якія, аднак, не знаходзяць падтрымкі з боку расейскага ведамства, паведамляе БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG