Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Гомелі ратуюцца ад дэвальвацыі: «Бачыце, беларускія рублі сталі ненадзейныя»


Жнівеньскае абясцэньваньне беларускага рубля падагрэла інтарэс жыхароў Гомеля да больш устойлівай замежнай валюты і складанай бытавой тэхнікі. Рэпартаж з Гомеля.

Абменьнікі валюты на ажыўленых гомельскіх вуліцах не пустуюць. Мясцовыя жыхары і купляюць, і прадаюць замежную валюту. Прадаюць раней набытую валюту найбольш тыя, хто зьбірае дзяцей у школу, бо цяперашніх заробкаў з улікам росту коштаў у людзей хапае збольшага толькі на харчаваньне. Пра гэта кажа спадарыня Сьвятлана, якая зьбірае ў школу дваіх дзяцей:

«Кошты растуць шпарчэй, чым заробак. Заробак багата часу не падымалі, а кошты падвышалі, можа, ужо сто разоў».

Кабета сталага веку з дачкою і ўнучкай стаяць у абменьніку, каб купіць даляры: «Хочам купіць — і ўсё. Каб яны былі ў нас, каб захаваць».

Валюта сёньня была ва ўсіх чатырох абменьніках, якія ўдалося наведаць. Аднак толькі буйнымі купюрамі. Пра гэта, у прыватнасьці, папярэджвалі наведнікаў у абменным пункце Тэхнабанку. Толькі адной гараджанцы ўдалося набыць да сотні яшчэ й дробную купюру — пяць даляраў. Апроч соценных, іншых купюраў тут не было.

У банку Масква-Менск даляр прапаноўвалі за 17950 рублёў.

У банку Масква-Менск даляр прапаноўвалі за 17950 рублёў.

Пакупніца: «Сто пяць даляраў?»

Апэратарка спачатку адказвае, што няма.

Пакупніца перапытвае: «А сто? Давайце сто».

Апэратарка нарэшце знаходзіць патрэбную купюру: «Ёсьць сто пяць». І папярэджвае чаргу: «Толькі буйныя можна набыць».

Гамяльчук сталага веку, які назваўся Мікалаем, апавядае, што ў свой час працаваў у Сыбіры, зарабіў там грошай. Перавёў расейскія ашчаджэньні на беларускія рублі і паклаў на дэпазыты. Дзень таму ў філіяле «Беларусбанку», дзе знаходзяцца яго ўклады, пытаўся пра даляры, дык адказалі, што не прадаюць, але не патлумачылі, чаму — ці таму, што курс абмену на беларускія рублі няпэўны, ці таму, што даляраў у філіяле няма:

Даляраў у банку няма. Эўра яшчэ можна купіць, але эўра ў адносінах да даляра таньнее.

«Даляраў у банку няма. Эўра яшчэ можна купіць, але эўра ў адносінах да даляра таньнее. Тут нават не зразумела, як выходзіць з такога становішча. У мяне ўклады ў беларускіх рублях, а беларускі рубель кожны дзень абясцэньваецца».

У зьвязку з падзеньнем беларускага рубля жвавей пайшоў гандаль у крамах побытавай тэхнікі. Не выключэньне тут і спэцыялізаваная крама «5 элемэнт» у мікрараёне «Стары аэрадром».

Каля абменьніка Франсбанку

Каля абменьніка Франсбанку

Самавіты гамяльчук, які назваўся Міхаілам, набыў сушылку для садавіны. Кажа, што даўно зьбіраўся, але не выпадала. А тут рубель паехаў уніз, і пакуль цэны на тэхніку не падраўняліся пад новыя курсы, самы час, каб набыць неабходную рэч.

На думку суразмоўцы, ёсьць розныя шляхі, каб неяк засьцерагчыся ад дэвальвацыі. Найперш — набыцьцё нерухомасьці, калі ёсьць значныя сумы. У іншым разе — гэта валютныя дэпазыты і складаная тэхніка для дома.

«Два шляхі — тэхніка і валютныя дэпазыты. Класьці трэба грошы, перавёўшы іх у цьвёрдую валюту, на дэпазыты. Зразумела, калі ёсьць што класьці. У мяне летась была буйная купля: купілі дачцэ кватэру ў Менску — усё, што было, сышло. Бачыце, беларускія рублі сталі ненадзейнымі. Таму цьвёрдая валюта — найбольш прыймальны шлях дзеля зьберажэньня грошай».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG