Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія БДІПЧ будзе кантактаваць са Статкевічам пры ўмове, што той будзе браць удзел у выбарах


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, якая 26 жніўня афіцыйна пачала назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі, гатовая кантактаваць з кандыдатам на прэзыдэнта на выбарах 2010 году, былым палітвязьнем Мікалаем Статкевічам. Пра гэта сёньня паведаміў на першай прэсавай канфэрэнцыі ў Менску кіраўнік місіі, францускі дыплямат Жак Фор. Ён сказаў, што экспэрты БДІПЧ будуць вызначаць адпаведнасьць выбарчай кампаніі абавязаньням Беларусі ў рамках АБСЭ, стандартам дэмакратычных выбараў, а таксама нацыянальнаму заканадаўству.

За выбарчай кампаніяй у Беларусі будуць назіраць 11 экспэртаў БДІПЧ, якія ўжо знаходзяцца ў Менску. У бліжэйшы панядзелак да іх далучацца 36 доўгатэрміновых назіральнікаў. А за некалькі дзён да пачатку галасаваньня ў Беларусь прыедуць каля 400 кароткатэрміновых назіральнікаў. Супольна яны і падрыхтуюць выніковую справаздачу.

Беларускія ўлады звычайна не прымаюць міжнародную крытыку за правядзеньне выбараў, спасылаючыся на тое, што выбары ў краіне адпавядаюць беларускаму заканадаўству. Таму карэспандэнт Свабоды спытаўся ў Жака Фора, наколькі для місіі важна, каб сёлетняя кампанія праходзіла і ў межах міжнародных стандартаў.

На гэта кіраўнік місіі адказаў, што экспэрты адсочаць выбарчую кампанію па трох кірунках: ці адпавядае яна абавязаньням, якія ўзяла на сябе Беларусь як сябра АБСЭ, міжнародным дэмакратычным стандартам і нацыянальным законам. Але, дадаў Жак Фор, неабходна, каб і беларускае выбарчае заканадаўства адпавядала міжнародным стандартам.

Чальцы місіі падчас назіраньня сустрэнуцца з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, кандыдатаў на прэзыдэнта, грамадзянскай супольнасьці, мэдыяў, дыпляматамі. А ці ўваходзіць у пляны экспэртаў сустрэча з былым палітвязьнем, удзельнікам папярэдняй выбарчай кампаніі Мікалаем Статкевічам? — спыталіся журналісты. На гэта прагучаў адказ, што калі спадар Статкевіч будзе нейкім чынам удзельнічаць у выбарчым працэсе, напрыклад, як давераная асоба альбо назіральнік, то, безумоўна, сустрэча зь ім адбудзецца.

На просьбу ж даць ацэнку дзеяньням Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая, як лічаць некаторыя юрысты, парушыла заканадаўства, адмовіўшы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча, прагучала адмова — з тлумачэньнем, што экспэрты толькі прыбылі ў Менск, а каб нешта камэнтаваць, патрэбны час.

Місія БДІПЧ будзе працаваць паралельна зь місіяй назіральнікаў ад СНД. Розьніца паміж абедзьвюма місіямі базуецца на дзьвюх рэчах — адзначае юрыст Уладзімер Лабковіч:

«Па-першае, місія БДІПЧ АБСЭ фармуецца сярод валянтэраў, экспэртаў, людзей, якія праходзяць адкрыты конкурс, і людзей, якія не заангажаваныя ў палітычных структурах сваіх краінаў.

Місія СНД фармуецца Міжпарлямэнцкай асамблеяй краінаў СНД. А гэта абсалютна палітычнае наддзяржаўнае ўтварэньне, якое выконвае свае палітычныя функцыі — прызнаньня альбо непрызнаньня тых ці іншых выбараў. Яскравы прыклад 2004 году, калі ва Ўкраіне праходзілі прэзыдэнцкія выбары і дзе ў другім туры спаборнічалі Юшчанка і Януковіч і калі адбылася „аранжавая рэвалюцыя“. Місія СНД прызнала перамогу Януковіча. А нават Вярхоўны суд Украіны прызнаў, што вынікі выбараў былі сфальшаваныя. На жаль, місія СНД служыць адной мэце — апраўдваць вынікі выбараў на карысьць тых урадаў, якія знаходзяцца пры ўладзе ў гэтых краінах.

І другое — місія СНД заўжды непразрыстая для нацыянальных назіральнікаў. Яна ніколі не сустракаецца зь незалежнымі назіральнікамі — ні ў Беларусі, ні ў іншых краінах СНД. Наша праваабарончая кампанія прасіла і прапаноўвала ім працоўныя сустрэчы. Але яны ніколі не адбываліся. І ў той жа час у нас ёсьць добры і канструктыўны кантакт зь місіяй БДІПЧ на працягу ўсёй нашай гісторыі назіраньня».

XS
SM
MD
LG