Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Люксэмбуру кіраўнікі эўрапейскіх МЗС будуць абмяркоўваць лёс санкцыяў адносна Беларусі


Напярэдадні расейскае агенцтва ТАСС, спасылаючыся на крыніцу ў інстытутах Эўразьвязу, паведаміла, што кіраўнікі МЗС краінаў ЭЗ на нефармальнай сустрэчы 4-5 верасьня ў Люксэмбургу «разгледзяць магчымасьць прыпыненьня санкцыяў адносна Беларусі».

Сёньня гэтую інфармацыю пацьвердзіў карэспандэнт нашага радыё ў Брусэлі Рычард Юзьвяк. Яму гэта таксама на ўмовах ананімнасьці паведаміла крыніца ў апараце кіраваньня ЭЗ.

Суразмоўца нашага карэспандэнта нагадаў, што 31 кастрычніка — дата, калі Зьвяз павінен прымаць рашэньне па санкцыях. Крыніца ў ЭЗ мяркуе, што санкцыі калі і будуць замарожаныя, то толькі пасьля выбараў.

У рэакцыі на вызваленьне палітвязьняў у Беларусі Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў зьнешняй палітыцы Фэдэрыкі Магерыні і эўракамісара па эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні Эўразьвязу Яганэса Гана падкрэсьліваецца:

«Цяпер мы спадзяемся, што ўлады Беларусі зьнімуць усе абмежаваньні на ажыцьцяўленьне ў поўным аб’ёме іх грамадзянскіх і палітычных правоў».

Эўрапейскі дыплямат нагадаў нашаму журналісту, што патрабаваньне ня толькі вызваленьня, але і рэабілітацыі палітвязьняў Эўразьвяз выстаўляў ўвесь час. Аднак пакуль нявядома, ці стане рэабілітацыя былых палітвязьняў умовай замарожваньня санкцыяў, ці адно іх вызваленьня і незьяўленьня новых да выбараў будзе дастатковым для таго, каб прыпыніць дзеяньне санкцыяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG