Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Магілёва прымусіў «Прыёрбанк» прызнаць беларускія «ў» ды «і»


Будынак Прыёрбанка ў Магілёве.
Будынак Прыёрбанка ў Магілёве.

Жыхар Магілёва Андрэй Кавалёў абараніў беларускую мову ў акцыянэрным таварыстве «Прыёрбанк». Яму падзякавалі за ўвагу ды пільнасьць да працы ўстановы і выправілі хібы ў электронным абслугоўваньні беларускамоўных кліентаў.

Андрэй Кавалёў кажа, што ён, кліент банка, ня змог запоўніць на беларускай мове электронны блянк звароту. Сыстэма выдала яму памылку. Запаўненьне ж блянку па-расейску такой памылкі не выдавала. Неўзабаве пасьля скаргі ў банк моўную хібу выправілі.

«Мне прыйшоў адказ, у якім выбачаліся за тэхнічную памылку. Мяне ён задаволіў. Сапраўды выглядала ўсё на тэхнічны збой праграмы. Яна не ўспрымала нашы адметныя беларускія літары „ў“, і „і“. А на ангельскую мову праграма рэагавала нармальна», заўважае Андрэй Кавалёў.

«Наагул гэта сытуацыя паказальная, — працягвае кліент банку. — Нашы дзяржаўныя і недзяржаўныя ўстановы лічаць беларускую мову другаснай і не зьвяртаюць на яе ўвагі, калі нешта ствараюць, напрыклад, праграмнае забесьпячэньне. Многія проста ня думаюць, што будуць скаргі па моўных праблемах».

Андрэй Кавалёў
Андрэй Кавалёў

Андрэй Кавалёў пагаджаецца, што першапрычынай такой сытуацыі ёсьць малая колькасьць носьбітаў беларускай мовы, а таксама патрабаваньняў, каб яна прысутнічала ў галіне абслугоўваньня.

«У Прыёрбанк, відаць, ніхто і не зьвяртаўся з такімі скаргамі, — кажа ён. — Тыя адзінкі, якія запаўнялі бляк на беларускай мове і ў іх ня выйшла, хуценька пераходзілі на расейскую мову і праблема зьнікала. Калі я запаўняю блянк, а мне сыстэма адпісваюць, што я маю няправільнае прозьвішча, то гэта вельмі непрыемна».

У адказе з Прыёрбанка зазначаецца, што яго кіраўніцтва і супрацоўнікі з павагай ставяцца да абедзьвюх дзяржаўных моваў Беларусі. Адпісалі Кавалёву з банка на беларускай мове.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG