Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі пакупнік: Замест якасных прадуктаў падсоўваюць мясцовы неліквід


Расейскае ведамства кантролю за якасьцю прадукцыі — Рассельгаснагляд — рапартуе пра чарговыя перамогі ў змаганьні з гусямі ды памідорамі падазронага паходжаньня.

Паводле інфармацыі на сайце ведамства, ад пачатку жніўня, калі набыў моц указ прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна пра барацьбу з санкцыйнымі таварамі, спынена амаль 600 тон кантрабанднай расьліннай харчовай прадукцыі, зь іх 555 тон зьнішчана. Затрымана 315 тон харчовай прадукцыі жывёльнага паходжаньня, утылізавана блізу 60 тон. Такім чынам, агулам выведзена з абароту каля тысячы тон харчоў, якія падпадаюць пад расейскае эмбарга ў адказ на санкцыі Захаду за расейскую агрэсію ва Ўкраіне.

У розных рэгіёнах Расеі адбыліся паказальныя расправы над таматамі, пэрсікамі, сырамі, тушкамі гусей і нават качанятамі, якія выклікалі ў супрацоўнікаў наглядных органаў падазрэньне, што іх паходжаньне не адпавядае таму, што пазначана ў суправаджальных дакумэнтах. Акцыі пратэсту ў розных гарадах Расеі ды сотні тысяч подпісаў супраць падобнага барбарства плёну ня мелі — санкцыйныя харчы па-ранейшаму душаць каткамі і паляць у адмыслова абсталяваных печах. Хоць, дзеля справядлівасьці, актыўнасьць ліквідатараў істотна зьменшылася ў параўнаньні зь першымі днямі дзеяньня пуцінскага ўказу.

Актывіст беларускага руху з Іркуцку Алег Рудакоў, які мае расейскае грамадзянства, засмучаны такімі радыкальнымі захадамі — перадусім таму, што мільёны людзей у Расеі жывуць за рысай беднасьці:

Алег Рудакоў, жыхар Іркуцку

«Тое, што адбываецца апошнім часам — я маю на ўвазе загад зьнішчаць прадукты, якія нейкім чынам трапілі ў Расею і ляжаць на паліцах, — асабіста ў мяне выклікае, калі сказаць мякка, вялікае зьдзіўленьне. Я ўвогуле не разумею, як у краіне, якая зусім не жыруе, „ворагамі народа“ можна абвяшчаць гусей, качак, яблыкі ці пэрсікі. Абсурд у тым, што гэтыя прадукты ўжо завезеныя, прадпрымальнікі, якія гэтым займаюцца, уклалі грошы і разьлічвалі на пэўны прыбытак. Я ня думаю, што разам з санкцыйным таварам „згарэлі“ дзяржаўныя сродкі. Хутчэй за ўсё, гэтым займаліся сярэдняй рукі бізнэсоўцы, якія рызыкнулі даставіць прадукцыю ў Расею і якім трэба вярнуць укладзенае, то бок прадаць тавар. Я б яшчэ зразумеў, каб „забаронены“ асартымэнт завярнулі назад, але зьнішчаць? Я супраць гандлёвых войнаў у прынцыпе, гэта не дае эканамічнага разьвіцьця дзяржаве, не дае права выбару людзям. Усе штучныя абмежаваньні ідуць толькі на шкоду».

Шкоднымі для страўніка расейскага чалавека прызнаныя мясныя і рыбныя прадукты, а таксама сыры, малочныя вырабы, гародніна, садавіна, арэхі з ЗША, Канады, краінаў Эўразьвязу, а таксама Альбаніі, Ісьляндыі, Ліхтэнштэйну, Нарвэгіі, Чарнагорыі, Аўстраліі і на асаблівых умовах — Украіны. Расейка зь беларускімі каранямі, кіраўніца моладзевага гурту «Крывічы» з Іркуцку Воля Галанава згодная з тым, што зьнішчаць прадукты ў той час, як мільёны людзей ва ўсім сьвеце пакутуюць ад голаду, само па сабе амаральна:

Вольга Галанава

Вольга Галанава

Воля Галанава, жыхарка Іркуцку

«Калі разважаць па-гаспадарску, то зразумела, што гэта вялікае глупства. Ніякія гэта не атручаныя ці сапсаваныя прадукты, якія нельга ўжываць „дзеля бясьпекі для здароўя“. А нам увесь час даводзяць менавіта гэта. У Расеі дастаткова людзей, якія маюць патрэбу ў нашмат лепшым харчаваньні, чым яны могуць сабе дазволіць. І нават калі пад гэта падводзіцца палітычная аснова — маўляў, нельга ўвозіць у краіну прадукты з санкцыйнага сьпісу — у любым выпадку можна іх разьмеркаваць крыху інакш. Напрыклад, у дзіцячыя ўстановы, асабліва ў тыя, дзе выхоўваюцца дзеці-сіроты, якія адназначна не расьпешчаныя добрай ежай, перадусім садавіной. Школы, інтэрнаты, дзіцячыя садкі — там гэтыя прадукты сапраўды пойдуць на карысьць. А то душаць, паляць, зьнішчаюць. Ну ці ж ня глупства?»

Зьнішчэньне тавараў з «чорнага сьпісу» апраўдваюць тым, што ў мясцовых вытворцаў зьявіцца стымул больш энэргічна выходзіць на ўнутраны рынак. Аднак, як кажа Алег Рудакоў, на практыцы выяўляецца, што адсутнасьць канкурэнцыі — яшчэ не падстава для вялікага аптымізму:

Калі мне пачынаюць казаць, што на хвалі імпартазамяшчэньня будзе разьвівацца расейская прамысловасьць, то я гэтаму ня веру. Асабіста я падтрымліваю тых людзей (а сярод іх і сьвяцілы эканамічнай навукі), якія кажуць, што вытворчасьць будзе разьвівацца толькі тады, калі будзе канкурэнцыя.

«Калі мне пачынаюць казаць, што на хвалі імпартазамяшчэньня будзе разьвівацца расейская прамысловасьць, то я гэтаму ня веру. Асабіста я падтрымліваю тых людзей (а сярод іх і сьвяцілы эканамічнай навукі), якія кажуць, што вытворчасьць будзе разьвівацца толькі тады, калі будзе канкурэнцыя. А калі мы проста возьмем і загадам абмяжуем рынак, ліквідуем канкурэнцыю ўнутры Расеі, дык сама па сабе вытворчасьць усё роўна не разьвіваецца, сыстэму трэба выпрацоўваць гадамі. Нейкі прадукт з канвэера сыходзіць, безумоўна, будзе, але гэта будзе прадукт няякасны. Хіба толькі ў адсутнасьць альтэрнатывы спажывуць усё. То бок мы зноў вернемся да савецкай безаблічнасьці, калі, як трапна казаў геніяльны сатырык Райкін, у нас два віды кефіру — новы і стары».

Суразмоўца ўдакладняе, што з увядзеньнем харчовага эмбарга ўзьніклі сапраўдныя «прадуктовыя дзіркі». Шэраг пазыцыяў, асабліва рыбнага і малочнага асартымэнту, нельга замяніць фізычна, бо паўнавартасных аналягаў францускаму сыру, гішпанскаму хамону, нарвэскаму ласосю і нават польскім яблыкам не існуе:

«Безумоўна, агалілі цэлы шэраг пазыцыяў. Шмат што страчана, шмат што загублена, а тое, што прыходзіць на вызваленае месца, часьцяком не вытрымлівае ніякай крытыкі. Напрыклад, да мінулага году паўсюль былі польскія яблыкі: вельмі добрыя, смачныя, усе іх куплялі. Цяпер замест іх зьявіліся кітайскія. Зусім іншы прадукт: не такія смачныя, не такія салодкія, не такія прыгожыя. Карацей, ляжаць, бо нікому такія яблыкі не патрэбныя. Ці знойдзецца хто, каб пачаць вырошчваць свае — сумняюся. Хоць бы таму, што ў Іркуцку яблыкі не растуць — дакладней, растуць, але яны зусім дробныя. Ці рызыкне хто іх прывозіць у тое ж Прыбайкальле з Краснадарскага краю ці яшчэ адкуль — сказаць цяжка. Так, павінны ж недзе быць якасныя яблыкі і ў Расеі, але ці можна заваліць імі ўсю краіну? Расея — вялізная тэрыторыя, і ці хопіць на ўсіх свайго — пытаньне няпростае. Усё нашмат складаней, чым спрабуюць прадставіць».

У тлумачэньнях Рассельгаснагляду гаворыцца, што ўся асуджаная на зьнішчэньне прадукцыя мае нявызначанае паходжаньне і ўяўляе сабой небясьпеку для жыцьця спажыўцоў. Таму, як кажа прадстаўнік ведамства Аляксей Аляксеенка, няма іншага варыянту, як змагацца зь ёй радыкальным чынам:

«Шкадаваць нічога ня трэба, бо рэальна няма ніякага сэнсу нешта ратаваць, раздаваць бедным і г. д. Возьмем хоць бы аб’ёмы: некалькі сотняў тон — насамрэч гэта мізэр у любых маштабах. У кожным буйным горадзе зьнішчаецца больш прадукцыі, у якой скончыўся тэрмін прыдатнасьці. А для нас, для ведамства, якое займаецца бясьпекай насельніцтва, гэта прадукцыя невядомага паходжаньня. Гэта ўсё роўна як вы на вуліцы знайшлі піражок — вы ж яго ня станеце есьці? Вось і мы ня ведаем, што гэта за прадукцыя, у якіх умовах яна была вырашчаная, што ўжывалася пры яе вырошчваньні. А спадзявацца на тое, што кантрабандысты набывалі ўсё самае лепшае — ведаеце, на гэта разьлічваць ніяк не выпадае».

Аднак, як лічыць расейскі беларус Алег Рудакоў, прычыну трэба шукаць не ў санітарных нормах, а ў палітыцы — ужо не аднойчы шкоднымі для здароўя прадукты станавіліся менавіта ў той час, як абвастраліся міждзяржаўныя адносіны:

Ведаеце, мы гэта ўжо праходзілі шмат разоў. Калі ў расейскага кіраўніцтва пагаршаюцца адносіны з Грузіяй, то неадкладна „Баржомі“ становіцца атрутным напоем.

«Ведаеце, мы гэта ўжо праходзілі шмат разоў. Калі ў расейскага кіраўніцтва пагаршаюцца адносіны з Грузіяй, то неадкладна „Баржомі“ становіцца атрутным напоем. Стасункі паляпшаюцца — о цуд, усё клясна, усё добра, выдатны напой, рэкляма ідзе па тэлебачаньні з заклікам набываць надзвычай карысны прадукт, вядомы яшчэ ад савецкіх часоў. Канфлікт з Украінай — дрэнныя цукеркі ад Парашэнкі. Дый зь Беларусьсю тое ж самае: як пачалося пагаршэньне адносінаў, на НТВ пра Лукашэнку выходзілі ўсялякія страшныя фільмы, а беларускае малако станавілася горш не бывае — зараджанае чарнобыльскай радыяцыяй ды ўсімі іншымі атрутамі. Таму гэта ўсе мэтады вядомыя, і яны, апроч засмучэньня, нічога больш не выклікаюць».

Паказальнае зьнішчэньне санкцыйных прадуктаў пачалося 6 жніўня. Ратаваць дабро даводзілася нават уцёкамі: так, кіроўца фургона, дазнаўшыся пра пастанову аб канфіскацыюі нібыта забароненай гародніны, даў па газах і схаваўся на тэрыторыі Беларусі. Прынамсі паўтары тоны таматаў ён так уратаваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG