Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Прыйшлі б немцы — навучыліся б па-нямецку, прыйшлі б кітайцы — па-кітайску» — дрыбінцы пра беларускую мову і дзяржаву


25 жніўня 1991 году Дэклярацыі пра незалежнасьць Беларусі быў нададзены канстытуцыйны статус. Другое пакаленьне беларусаў расьце ў незалежнай Беларусі. Ці можа існаваць беларуская дзяржава без нацыянальнай мовы і адукацыі? Зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца тыя, хто наважыўся трымацца беларушчыны? На гэтыя пытаньні адказваюць жыхары райцэнтру Дрыбін, што на Магілёўшчыне.

Пра ролю беларускай мовы ў існаваньні беларускай дзяржавы пяцёра жыхароў Дрыбіна згадалі пры канцы гутаркі, якая тычылася перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Калі мікрафон быў ужо выключаны, суразмоўнікі назвалі Аляксандра Лукашэнку абаронцам мовы беларусаў. Паводле дрыбінцаў, Лукашэнка апошнім часам ня раз заяўляў: безь беларускай мовы ня можа быць беларускай нацыі і дзяржавы.

На пытаньне, што самі суразмоўцы думаюць на гэты конт, першай азвалася адна з жанчын:

У Беларусі мае быць беларуская мова.

«У Беларусі мае быць беларуская мова. І расейская таксама. Мы ж беларусы, дык што ж нам ужо — адмовіцца ад усяго свайго? Калі ёсьць Беларусь, дык і мова павінна быць беларуская», — падкрэсьліла жанчына, пазіраючы па баках, нібы шукаючы падтрымкі сваёй кампаніі.

«Дык калі беларуская мова родная беларусам, чаму яны на ёй не гавораць?», — пытаюся ў старых. Зноў бярэцца адказваць, ужо нібыта асьмялеўшы, тая самая жанчына:

«Чаго ж не гавораць? У школах гавораць».

Да гутаркі далучыўся сусед жанчыны. Ён заяўляе, што вучыўся ў школе на беларускай мове:

«Вывучаў альгебру, фізыку, геамэтрыю па-беларуску. І ўсё было нармальна, — кажа ён. — Цяпер трэба ўводзіць у школы беларускую мову паволі».

«Цяпер трэба зь дзяцей пачынаць, каб яны ведалі і гаварылі на беларускай мове», — выказала меркаваньне яшчэ адна з жанчын.

«А хто іх будзе вучыць? — крыху паразважаўшы, працягнула суразмоўніца. — Ды настаўнікі, якія пэдінстытуты канчаюць. Мае ж дзеці гавораць па-расейску. Нас жа ў свой час не прымушалі вывучаць мовы. Але я ведаю, што я беларуска, і ганаруся сваёй радзімай. Я вось цяпер гляджу на Ўкраіну, дык там таксама на расейскай мове гавораць».

Пытаньне, ці ёсьць у Дрыбіне школы зь беларускай мовай навучаньня, суразмоўцаў зьбянтэжыла. Падумаўшы, яны прызналіся, што ня ведаюць. Адна з жанчын пры гэтым заявіла:

«У нас у раёне ў вёсках усюды беларускія школы, і мова там вывучаецца».

Гаворачы пра стан беларускай мовы, дрыбінцы неаднойчы згадвалі мясцовага яе рупліўца Андрэя Юркова. Паводле іх, ён доўгі час дамагаўся для сваіх дзяцей беларускамоўнага навучаньня. Сам актывіст кажа: пытаньні, зьвязаныя зь беларускай мовай, для яго прынцыповыя.

Я кожны год у жніўні пісаў заяву ў школу, што ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь патрабую стварыць для маіх дзяцей магчымасьць для навучаньня на роднай беларускай мове.

«Я кожны год у жніўні пісаў заяву ў школу, што ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь патрабую стварыць для маіх дзяцей магчымасьць для навучаньня на роднай беларускай мове. Мне адпісвалі: «Так, усё зробім. Дадзім беларускамоўныя падручнікі і будзем дадаткова займацца з вашымі дзецьмі беларускай мовай», — згадвае сваё ліставаньне са школай Андрэй Юркоў.

Актывіст адзначае, што сёлета першы год, калі заяваў у школу ён ня піша, бо малодшая дачка Яніна адвучылася. Юркоў згадвае, што пасьля першага ягонага звароту з патрабаваньнем беларускамоўнага навучаньня быў скліканы бацькоўскі сход.

«Дзьве траціны бацькоў сядзелі на тым сходзе з абыякавай пазыцыяй. Якую мову для іх дзяцей зробяць мовай навучаньня, на такой і будуць вучыцца. Былі, аднак, і такія актыўныя людзі, якія выступалі супраць беларускай мовы — маўляў, а калі нашы дзеці паедуць вучыцца ў Маскву? А калі было галасаваньне, дык большасьць прагаласавала за расейскую мову».

Моўнае пытаньне, на думку суразмоўцы, для цяперашніх дрыбінцаў не галоўнае:

Абсалютная каштоўнасьць для тутэйшых — гэта дабрабыт і каб не ўступаць у канфлікты з уладай. Я перакананы: калі б улада загадала напісаць заявы на беларускае навучаньне, тыя абыякавыя бацькі напісалі б, што ад іх патрабуецца.

«Абсалютная каштоўнасьць для тутэйшых — гэта дабрабыт і каб не ўступаць у канфлікты з уладай. Я перакананы: калі б улада загадала напісаць заявы на беларускае навучаньне, тыя абыякавыя бацькі напісалі б, што ад іх патрабуецца. У нашых людзей разьвіліся ўменьні выжываць пры любых умовах. Прыйшлі немцы — будзем па-нямецку, прышлі б кітайцы — навучыліся б па-кітайску. Прыйшлі расейцы — будзе па-расейску».

Андрэй Юркоў заўважае, што ня ўсе дрыбінскія дзеці разумеюць беларускую мову.

«Яна зьнікла са сродкаў масавай інфармацыі, аздабленьня вуліц. І, галоўнае, на ёй не гаворыць начальства», — тлумачыць сваё бачаньне сытуацыі з мовай актывіст.

Ягоная малодшая дачка Яніна скончыла школу. Дзяўчына прызнаецца, што вучыцца ёй было няпроста. Аднаклясьнікі часам сьмяяліся зь яе, бо яна мела беларускамоўныя падручнікі:

Кпіны былі. А потым усе прызвычаіліся. Напачатку было цяжка. Адчувалася, што я нібы ізгой клясы.

«Кпіны былі. А потым усе прызвычаіліся. Напачатку было цяжка. Адчувалася, што я нібы ізгой клясы. Былі ў мяне і сябры, але яны таксама напачатку не зусім разумелі мяне. Асабліва калі я толькі па-беларуску гаварыла да клясы другой. Потым прызвычаіліся, і я навучылася гаварыць па-расейску. Шмат хто мяне падтрымліваў, асабліва бацькі», — згадвае школьныя гады Яніна.

Азіраючыся назад, дзяўчына не шкадуе, што ёй давялося прайсьці праз моўнае выпрабаваньне. Яна верыць, што сытуацыя зь беларускай мовай будзе лепшаць.

Што да Аляксандра Лукашэнкі, то апошнім часам ён падкрэсьлівае сваю прыхільнасьць да беларускай мовы, дадаючы, аднак, што і расейскую лічыць сваёй роднай.

Я падтрымліваю беларускую мову, бо гэта тое, што адрозьнівае беларуса ад расейца.

«Я падтрымліваю беларускую мову, бо гэта тое, што адрозьнівае беларуса ад расейца. Гэта прыкмета нацыі, — казаў кіраўнік дзяржавы ў адным з сваіх выступаў. — І мы ні ў якім разе не павінны загубіць беларускую мову. Мы павінны ведаць беларускую мову, як і расейскую мову. Гэта будзе вялікі здабытак любога беларуса».

У гэтай жа прамове Аляксандар Лукашэнка заявіў, што для яго моўнае пытаньне вырашана на рэфэрэндуме 1995 году.

«У нас ёсьць дзьве родныя дзяржаўныя мовы: расейская і беларуская. Гэтая праблема закрытая, пакуль прэзыдэнтам Лукашэнка. Расейская мова, як і беларуская — здабытак нашай нацыі. Я лічу яе роднай мовай, і пераважная большасьць беларусаў лічыць яе роднай мовай. І гэта тая спадчына, ад якой мы не павінны адмаўляцца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG