Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыя змагла вылучыць ва ўчастковыя камісіі толькі 800-850 чалавек


Супольныя высілкі апазыцыі па вылучэньні чальцоў участковых камісіяў дазволілі сабраць прыкладна 800–850 чалавек. Гэта меней, чым на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах.

У 2010 годзе дэмакраты вылучылі для падліку бюлетэняў 1073 сваіх актывістаў.

77 036 чалавек выказалі жаданьне лічыць бюлетэні падчас сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Менавіта гэтая лічба зьявілася на афіцыйным сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Алесь Сілкоў

Алесь Сілкоў

Ад грамадзянскай кампаніі «Права выбару — 2015» заяўкі на падлік бюлетэняў падалі 374 чалавекі — паведаміў Свабодзе нацыянальны каардынатар Алесь Сілкоў:

«Калі глядзець па рэгіёнах, то тут у лідэрах горад Менск — паводле нашых падлікаў, 134 чалавекі. Па іншых рэгіёнах — ад 47 да 52. Узьнікла толькі велізарная праблема ў Гомельскай вобласьці. Там фактычна няма зарэгістраваных структураў, таму і вылучылі ўсяго 5 чалавек.

Шчыра скажу, было цяжка знаходзіць ахвотных. Людзі вельмі стомленыя пасьля збору подпісаў за кандыдатаў на прэзыдэнта. Тыя ж партыя БХД, „Гавары праўду“ вымушаныя былі вылучаць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі толькі праз подпісы. Здаецца і няшмат — усяго 10 подпісаў. Але мінімум два пад’езды патрэбна было праходзіць. Усе людзі цяпер вельмі абыякавыя.

Пасьля гэтага ў мяне вялікі сумнеў наконт сабраных сотняў тысячаў подпісаў за прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва. Калі людзі так ставяць подпісы за ўчастковыя камісіі, то як яны ставілі сотнямі тысяч за кандыдатаў?»

Валер Ухналёў

Валер Ухналёў

Самастойна займалася вылучэньнем партыя «Справядлівы сьвет». Згодна з афіцыйнымі дадзенымі Цэнтравыбаркаму, ад гэтай партыі ёсьць 147 ахвотных. З гэтай лічбай не пагаджаецца кіраўнік выбарчага штабу «Справядлівага сьвету» Валеры Ўхналёў:

«Цяпер высьвятляем сытуацыю. ЦВК чамусьці паставіла нам нулі ў Менску і ў Гарадзенскай вобласьці. Пайшлі нашы актывісты высьвятляць у выканкамы, што, чаму, як, бо ўсё паслалі, аддалі. Паводле нашых дадзеных, было больш за 200 вылучэнцаў. А сёньня, калі зьявіліся лічбы ЦВК, то высьветлілася, што ў Гомельскай вобласьці чамусьці на 15 чалавек меней і ў Берасьцейскай — на 13. Вядома, маглі ў нейкім раёне не данесьці. Але гэта літаральна адзінкавыя выпадкі. Такая вялікая розьніца ня можа быць. Разьбіраемся».

Асобна ад іншых займалася вылучэньнем ва ўчастковыя камісіі і Аб’яднаная грамадзянская партыя. ЦВК піша, што ад АГП паступілі заяўкі на 172 чалавекі.

Фармаваньне ўчастковых камісіяў завершыцца да 27 жніўня. Тады і стане вядома, колькі апазыцыянэраў дапусьцяць лічыць бюлетэні. У 2010 годзе з 1073 чалавек у камісіі прапусьцілі толькі 183.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG