Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў да радзімы з садранай скурай — маці пра магчымую забарону на мэдычыны імпарт у Расею


Юлія Копцава і яе дачка Насьця

Юлія Копцава і яе дачка Насьця

Расейскія лекары і пацыенты рыхтуюцца да жыцьця бязь імпартных лекаў і мэдычнага абсталяваньня. З прапановай абмежаваць дзяржзакупкі замежных прэпаратаў выступіла Міністэрства прамысловасьці і гандлю (Мінпромторг). Гаворка ідзе пра вырабленыя за межамі Мытнага саюзу рэнтгенаўскія апараты, пратэзы сардэчных кляпанаў, дэфібрылятары, мыліцы, кастылі, хадункі, матрацы, бінты, тампоны, антысэптыкі і прэпараты дэзінфэкцыі, марлевыя маскі, прэзэрватывы і шмат што іншае.

Прапанова Мінпромторгу выклікала шквал крытыкі. Больш за 10 тысяч чалавек падпісалі пэтыцыю супраць забароны на ўвоз імпартных лекаў і мэдычнага абсталяваньня. Кіраўнікі шэрагу расейскіх некамэрцыйных арганізацый зьвярнуліся да прэм’ер-міністра Дзмітрыя Мядзьведзева з просьбай стварыць працоўную групу для дапрацоўкі праекту аб абмежаваньні дзяржзакупак мэдычных сродкаў.

У сувязі з вострай рэакцыяй на магчымае абмежаваньне ўвозу імпартных лекаў яго грамадзкае абмеркаваньне, якое павінна было завяршыцца 17 жніўня, падоўжанае яшчэ на 60 дзён.

Для 6-гадовай Насьці Копцавай, хворай на булёзны эпідэрмаліз, права на імпартныя бінты і антысэптыкі — гэта пытаньне жыцьця і сьмерці. Пры гэтым рэдкім захворваньні на скуры ўтвараюцца пухіры, і яна літаральна рвецца пры лёгкім дотыку. Пазбавіць такіх дзяцей права на якасныя бінты раўназначна масаваму забойству, лічыць мама Насьці Юлія Копцава. Пра гэта яна распавяла ў інтэрвію Радыё Свабода:

Юлія Копцава: "Ёсьць рэчы, якія пры нашай сымптаматыцы незаменныя. Ёсьць плястырныя павязкі, якія выпускае наогул толькі адна кампанія ў сьвеце. На сёньняшні дзень магу сказаць, што для нас яны неабходныя, як хлеб для звычайнага чалавека. У Расеі няма ня тое што аналяга такіх павязак — нават нічога блізкага па тэхналёгіі. Звычайныя плястыры мы са сваіх дзяцей можам здымаць толькі разам са скурай.

Што я скажу дзіцяці? Каб палюбіць радзіму, мы цяпер накруцім на цябе гэты бінт, які ўрасьце ў твае раны і які я буду аддзіраць са скурай?

Цяпер у нас ёсьць стабільны пералік сродкаў, якія мы выкарыстоўваем. У гэтым праекце Мінпромторга нас датычацца перавязачныя матэрыялы і сэптыкі. Калі б усё гэта было ў Расеі — добрай якасьці і таньнейшае, чым імпартнае — мы б з задавальненьнем гэта куплялі. Але калі ты ведаеш, што, зьмяніўшы якасьць прэпаратаў у горшы бок, ты атрымліваеш лішні боль і сьлёзы твайго ўласнага дзіцяці, гэта жудасна. Калі выйшаў гэты праект аб забароне імпартных лекаў, я села і паглядзела. Калі год закупаў не будзе, я думаю, што мы асуджаныя.

Насьця Копцава

Насьця Копцава

Я хачу, каб мая дзяўчынка жыла. Ёсьць рэчы, якія я ўжо не зьмяню ў яе жыцьці. Але можна зрабіць так, каб ёй не было балюча. Знайсьці столькі сродкаў — праблема. Закупіць іх — праблема. А калі яны будуць недаступныя... Расейскія бінты — жахлівай якасьці... Іх трэба вязаць вузламі. На дзіцяці-«матыльку» ня можа быць ніякіх лішніх швоў і вузлоў. А тэхналёгіі самафіксавальных бінтоў ў Расеі няма наогул. Што я скажу дзіцяці? Каб палюбіць радзіму, мы цяпер накруцім на цябе гэты бінт, які ўрасьце ў твае раны і які я буду аддзіраць са скурай?"

Алёна Куратава з фонду «Дзеці Бэла» тлумачыць, што новы праект, які абмяжоўвае дзяржзакупкі імпартнага мэдычнага абсталяваньня і прэпаратаў, на працу дабрачынных фондаў не паўплывае: у іх па-ранейшаму застаецца права купляць замежныя медычныя тавары. Пад пагрозай — пацыенты, якія цяпер атрымліваюць лячэньне за кошт дзяржавы:

Алёна Куратава: Нас як фонд гэта не закране. Мы як мелі магчымасьць купляць замежныя лекі, так мы яе і будзем мець. Але вось тыя дзеці, якія знаходзяцца на фінансаваньні ў дзяржавы, трапляюць у зону рызыкі, таму што аналягаў гэтых прэпаратаў у Расіі няма. Ёсьць некаторыя бінты, ёсьць нейкія аналягі павязак. Але калі здароваму чалавеку яны яшчэ могуць падысьці пры апёку або пролежнях, то нашым дзецям, на жаль, не. Тут мы можам выступаць як экспэрты — за амаль 5 гадоў працы мы пераспрабавалі ўсё павязкі на расейскім рынку на нашых дзецях. І расейскія аналягі не падыходзяць...

Пра тое, як забарона на ўвоз імпартных лекаў адаб’ецца на яе хворых, РС расказала доктар-эндакрыноляг маскоўскага Цэнтру паліятыўнай мэдыцыны Вольга Дземічава:

Вольга Дземічава: Гэтае рашэньне адаб’ецца ня толькі на хворых дыябэтам. У нас шмат пацыентаў, якія атрымліваюць лячэньне з нагоды эндакрынных захворваньняў тымі прэпаратамі, якія на сёньняшні дзень у Расеі пакуль у той колькасьці і якасьці, якую патрабуем, не вырабляецца. Гэтыя прэпараты мы атрымліваем з-за мяжы. Іх можна замяніць падобнымі прэпаратамі, якія вырабляюцца цяпер, але гэта не абсалютны аналяг. Некаторыя прэпараты інсуліну, якія нам цалкам неабходныя для лячэньня цукровага дыябэту, у нас таксама ў дастатковай колькасьці ня будуць выраблены, калі мы цалкам адмовімся ад імпартных прэпаратаў. Акрамя таго, некаторыя віды інсуліну, у прыватнасьці, аналягавы інсулін, якія цяпер вырабляюцца ў Расеі зноў жа з дапамогай нашых эўрапейскіх партнэраў — яны ня змогуць забясьпечыць расейцаў той колькасьцю, якая ім трэба.

Прапанова абмежаваць ўвоз імпартных лекавых прэпаратаў і абсталяваньня — гэта адказ на санкцыі, уведзеныя супраць расейскіх чыноўнікаў пасьля анэксіі Крыму. Расейская ўлада ўжо забараніла ўвозіць у краіну шэраг прадуктаў харчаваньня і пачала зьнішчаць санкцыйныя прадукты. Акрамя таго, чыноўнікі прапануюць увесьці крымінальную адказнасьць для расейцаў, якія паспрабуюць прывезьці з-за мяжы забароненую ежу.

Цалкам матэрыял чытаць ТУТ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG