Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі пра абвал рубля: «Што мне тая валюта? Галоўнае – ня страціць працу»


25 жніўня ў многіх банках, каля абменных пунктаў можна было назіраць чэргі. Але перадусім людзі аплачваюць камунальныя плацяжы: 25 жніўня – апошні дзень месяца, калі аплата прымаецца бязь пені за пратэрміноўку. Валюта на продаж была ў абменных пунктах Белаграпрамбанку, Белгазпрамбанку, Беларусбанку: касіры гатовыя былі прадаваць як эўра, так і даляры. Размаўляю зь людзьмі:

Наведнік пэнсійнага веку: «Я рабіў плацяжы. А што тычыцца валюты, то мне абсалютна ўсё роўна, ёсьць яна ці не. Буду я нэрвавацца альбо не – гэта на ўзровень курсу валютаў ніяк не паўплывае. Не мае эмоцыі кіруюць гэтымі працэсамі, а эканоміка».

Карэспандэнтка: «Як вы думаеце, з-за чаго курс даляра расьце адносна беларускага рубля?»

Юначка: «Ад цеснай сувязі з Расеяй. Расеі дрэнна, а нам яшчэ горш».

Спадарыня сярэдняга веку: «У нас няма праблемаў з валютай. Я сама са Стоўбцаў – у нас і там няма, і тут – калі я прыяжджаю сюды, то ніколі не было праблемаў. Зараз я набывала 30 даляраў. Бо курс усясьветны нестабільны з-за Кітая, я чула, і амэрыканскі даляр будзе расьці і ў Беларусі, і ў Расеі. З-за гэтага і набывала, каб не прапалі пазьней».

Карэспандэнтка: «Ці можа гэта быць зьвязана з выбарамі?»

Наведніца маладых гадоў: «Думаю, што не. Нашаму прэзыдэнту нявыгадна зараз абрынуць свой курс. Навошта яму гэта патрэбна?»

Спадарыня сярэдняга веку: «Так, ёсьць валюта, але людзі больш здаюць, чым набываюць – стараюцца здаць. Але камусьці трэба за кватэру заплаціць, хтосьці на вучобу мусіць мець, хтосьці куды едзе, то тады набываюць – усё індывідуальна. А хвалявацца – усе хвалююцца, вядома, што курс даляра расьце. Бо ніхто ня ведае, што будзе далей, наколькі вырастуць кошты, як людзям жыць – перажываюць, канечне. Трэба і ў школу зьбірацца, і ў інстытут – перажываем, канечне. А чаму так здараецца? Прыйшоў крызіс – і ў Эўропе, і ў нас таксама».

Наведнік сярэдніх гадоў: «Вядома, перажываем. Але, пэўна, ужо прывыклі, бо курс даляра расьце даволі часта. Чаму так здараецца? Бо мы прывязаныя да расейскай валюты, а яна – да нафты. І атрымліваецца, што заробкі тыя ж, а кошты вышэйшыя – клясыка».

Карэспандэнтка: «На што ўскладаеце спадзяваньні ў гэтай сытуацыі?»

Наведнік сярэдніх гадоў: «Ні на што. Галоўнае – ня страціць працу. Працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць».

На пытаньне, ці можна набыць валюту, касірка ў адным зь філіялаў Беларусбанку адказала станоўча: так. І неўзабаве дадала: пакуль…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG