Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курэйчык пра прысуд украінскаму рэжысэру: «Алег Сянцоў стане вязьнем сумленьня»


Андрэй Курэйчык

Андрэй Курэйчык

25 жніўня Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд прысудзіў украінскага рэжысэра Алега Сянцова да 20 гадоў пазбаўленьня волі ў турме строгага рэжыму, Аляксандру Кольчанку далі 10 гадоў. Алег Сянцоў прызнаны вінаватым у нібыта стварэньні тэрарыстычнай супольнасьці і кіраваньні ёю, двух тэрарыстычных актах і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракту, замаху на набыцьцё выбуховых прыладаў, незаконным захоўваньні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў арганізаванай групай.

Беларускі рэжысэр, драматург, сцэнарыст, прадусар Андрэй Курэйчык перакананы, што такі суровы прысуд Сянцову для ўсясьветнай артыстычнай грамадзкасьці будзе шокам:

«Я ведаю, якая вялікая колькасьць рэжысэраў, актораў па ўсім сьвеце заступалася за яго. Я па Эўропе шмат ежджу і ведаю, што ў кожнай краіне творчыя людзі ў розных формах пратэставалі. Гэта не расейская справа, гэта не ўкраінская справа — гэта ўсясьветны прэцэдэнт.

У нейкай ступені гэта паўтарае сытуацыю з Pussy Riot. Але ў Pussy Riot парушэньне правапарадку было канкрэтнае, і гэта можна абмяркоўваць, спрачацца — наколькі дзікія законы ў Расеі. Але там хоць пад нейкія законы дзеяньні Pussy Riot падводзіліся. А тут я так разумею, што ніякага злачынства не было, ніхто ня ведае ні пра якія тэракты, якія ён быццам бы зьдзейсьніў, ці выбухі — нічога гэтага не было. Мяркуецца, што ён нібыта хацеў гэта зрабіць. Проста абсурд. І прысуджаць 20 гадоў за вось такія меркаваньні — мякка кажучы, гэта ўжо празьмерна.

Я думаю, у любым выпадку Алег Сянцоў стане вязьнем сумленьня. Будуць пратэставаць людзі, і рана ці позна яго вымушаны будуць вызваліць. Як некалі Хадаркоўскага. Што тут скажаш... Такая абсурдная сыстэма ў Расеі».

XS
SM
MD
LG