Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Барадулін гадзіньнік па крыку ішака зьвяраў


Шарж Міхаіла Лісоўскага.

Шарж Міхаіла Лісоўскага.

Сёлета пабачыў сьвет першы выпуск дзёньнікаў і запісаў Рыгора Барадуліна. У кнігу, якая ахоплівае 1951-1969 гады, увайшлі ня толькі дзёньнікі, зацемкі, чарнавыя накіды, але і вершы, якія раней не друкаваліся (прыкладам, паэма «Зацьвітаюць купавы»), эпіграмы, віншаваньні, малюнкі і аўтографы сяброў і знаёмых Барадуліна. Укладальніца кнігі Натальля Давыдзенка запэўнівае ў прадмове, што праца па выданьні дзёньнікаў апошняга народнага паэта Беларусі будзе доўжыцца.

Свае першыя прыватныя нататкі Рыгор пачаў рабіць, калі вучыўся ў восьмай клясе, прычым па-руску. Праз чатыры гады ён, цяпер ужо студэнт першага курсу філфаку БДУ, пачне весьці дзёньнік толькі на роднай мове. З запісаў перад намі паўстае энэргічны, кемлівы, здольны да самааналізу і самаіроніі юнак, які ўвесь час аточаны надзённымі клопатамі, сябрамі, дзяўчатамі. Напышлівых словаў аб жыцьці і літаратуры тут нямашака — толькі жыцьцё, якое яно ёсьць, дзень за днём, ноч за ноччу. Да высокай паэзіі яшчэ як да зор — пакуль у запісах сустракаюцца толькі сатырычныя вершы-забаўкі, немудрагелістыя паэтычныя віншаваньні з надыходам новага году, зарыфмаваныя аповеды пра цаліну, а таксама сьціслыя згадкі аб прачытаных кнігах са спробамі крытычнага аналізу. Рыгор нязмушана распавядае пра заняткі ў школе і настаўнікаў; нэрвова занатоўвае ўсе драбніцы свайго першага каханьня; праклінае ўласную няўважлівасьць, з-за якой нярэдка атрымлівае дрэнныя адзнакі і губляе грошы; аніяк ня можа налюбавацца на матулю — Акуліна Андрэеўна выкарыстоўвае кожную магчымасьць, каб праз добрых людзей перадаць пасылку сыну-студэнту (аднойчы яна, ня маючы зусім нічога пад рукою, пазычыла для Рыгора сала ў суседзяў).

Студэнт БДУ. 1955 год. Здымак з сайту baradulin.by

Студэнт БДУ. 1955 год. Здымак з сайту baradulin.by

Раптоўна і зусім не з чырвонага радка ў дзёньніках Барадуліна зьяўляюцца запісы пра яго працоўныя і творчыя паездкі па Беларусі, блізкім і далёкім замежжы; амаль будзёна падаюцца назвы рэдакцыяў СМІ і выдавецтваў, дзе адзін за адным цяпер друкуюцца ягоныя вершы і паэмы. Згадкі пра таварышаў-пісьменьнікаў, апісаньні прыроды і паэтычныя вобразы (альбо нават шэрагі рыфмаў) пачынаюць дамінаваць над аповедамі пра прыватнае жыцьцё, жонку Валянціну і дачку Ілону. Усё больш зьяўляецца гісторыяў, пачутых ад іншых людзей, а таксама трапных выслоўяў, прыказак. Іншым разам у дзёньніках замест цэласнага запісу за той ці іншы дзень дадзены сьпіс прадметаў, зьяў, прозьвішчаў ці просты напамін самому сабе аб нечым важным: «павіншаваць», «адаслаць», «сустрэцца». Гады мінаюць, шамацяць старонкі дзёньнікаў — па-ранейшаму бачым сьветлага, аптымістычнага чалавека, закаханага ўадначас у простыя зямныя рэчы і высакароднае паэтычнае слова.

Давайце крыху паслухаем самога Рыгора Барадуліна, паспрабуем калі не спасьцігнуць, дык пабачыць водбліск ягонай душы ў няўмольна імклівай плыні Часу.

*** Уехал наш Геннадий Тимофеевич [Мялешка]. Очень и очень жаль. И вот сегодня пришла к нам новая физичка. Мы решили побалагурить: ведь первый урок. Но пришед, она начала кричать. Я хотел послать на Камчатку [апошнюю парту] муху, но так закричала, что муха выпала. Вызвала одного. Целый урок объясняла. Оказывается, все есть в учебнике. Говорит тихо, медленно, а потом как заорет. Перепонки лопаются (1 лістапада 1951 г.).

*** Так и не заметил, как каникулы улетели. Сегодня в школу ходил. С первого дня по литературе двойки. Сдали сочинение на тему «Характеристика барской Москвы» по комедии Грибоедова «Горе от ума». Я написал 7 листов (11 студзеня 1952 г.).

Рыгор Барадулін (у цэнтры) з суседзямі па інтэрнаце БДУ. 1950-я гады

Рыгор Барадулін (у цэнтры) з суседзямі па інтэрнаце БДУ. 1950-я гады

*** Вушы мерзнуць, ногі адубелі. Едзе машына са студэнтамі. Зьляцеў галош. Я падбег падняць і не заўважыў, што на мяне прэ грузавая машына. Шафёр тармозіць, я разгубіўся і не магу і кроку зрабіць. Ужо нават уявіў, як па мне праедзе машына. Нарэшце рвануўся ўбок. Усё гэта праходзіла за якую паўмінуты. Выскачыў. Мне радасць — усім смех. Моў, цяцера — пад машыну лезе (12 снежня 1955 г.).

*** У абед елі да адвалу. Я памешаны на рысавай кашы з цукрам (можа, гэта і мяшчанства крыху, але я буду любіць гэтае блюда і пры камунізме, калі дажыву да яго) (3 жніўня 1956 г.).

*** Калі мяне адвучалі ад грудзей, паклалі грошы (грашовы чалавек будзе), паперу (канцылярыст) і буракі парэзаныя (араты, з зямлёю), я схапіўся за буракі (красавік 1963 г.).

*** Восень. Халодная раса. Босая дзяўчына становіцца на чаравікі хлопцу, і цёпла, і блізка. Холад, як ціхае воблачка.

Крывуха — жоўтае дно, на каранях зялёная трава. Рунь, жоўтая зямля кратоў. Бацькава ігрушына (1963 г.).

Рыгор Барадулін выступае ў Туве. Зьлева Максім Танк. 1964 год.

Рыгор Барадулін выступае ў Туве. Зьлева Максім Танк. 1964 год.

*** Нялоўка заўсёды выступаць на заводах у час работы (1964 г.).

*** Наконт робатаў. Робаты з поспехам заменяць графаманаў. Прынамсі, спакойна можна адключаць. А графамана — не.

У доме паэта пра вершы не гавораць.

Местачковец Даўгаполаў насіў паліто з сапраўды даўжэзнымі поламі (1964 г.).

*** Ёсць Сусвет, на галактыкі вельмі багаты, але што ён у параўнанні з другім Сусветам дабрыні, цеплыні, самай шчырай спагады, падтрымкі, імя яму — маці. Бедны той, хто яго не ведае (13 кастрычніка 1965 г.).

*** Звяраў гадзіннік па крыку ішака (дакладна праз 20 хвілін). Ляпёшкі — чараты. Тугаі — чаратовыя гаі. Пяндж.

У Саюз таджыкскіх пісьменнікаў прымаюць строга. Са школьнай парты вывучаюць, ведаюць сусветна вядомых сваіх паэтаў. Што ў нашых першапачатковых падручніках?

Стары белагаловы, як Памір, чорны кудлаты казёл. Стагуюць баваўнянік, як сена.

На Паміры плача стары (96 год). «Чаго?» — «Бацька пакрыўдзіў, кіем выцяў». (Бацьку 136 год.) «Калі навучу не вырывацца ўперад?!»

Дзяўчынкі ідуць са школы і нясуць кнігі на галовах (22 лістапада 1965 г.).

*** Чарговая літаратурная дэкада. Вітаўтас Бложэ [літоўскі паэт, перакладчык] будзіць карэла-фінскага пісьменніка:

— Тайсто, прачынайся, праспаў сацыялістычную рэспубліку, праспіш і аўтаномную.

Той у адказ:

— А ты прап’еш Літву.

— Вітаўт Вялікі не прапіў, і я не прап’ю (11 мая 1966 г.).

*** Спалі позна. Валодзя [Караткевіч] па інерцыі мінеральную ваду запіў каньяком. Ера Стулпан [латыскі паэт] прыйшоў мірыцца (17 чэрвеня 1966 г.).

*** Спяшаюцца ў магілёўскую аперэту. Нарады [строі] старамодныя. Цішыня ў разамлелай Гродні. Чуваць, як лопаюцца стручкі акацыі, і адна за адной вылятаюць гарошынкі. Палавінкі стручкоў і гарошынкі храбусцяць і хрумсцяць пад нагамі.

Сон у Гродні: жаўтароцік (падлётак) выпаў з гнязда, спачатку глядзеў на мяне вялікім круглым вокам. Я стаяў на ганку. Выпырхнуў. Вярнулася ластаўка і пытае: «Вы не бачылі, дзе мой неслух?» Пасля спахапілася: «Ой, прабачце, зусім забылася, што вы па-ластаўчынаму не разумееце». Я толькі рот адкрыў сказаць «разумею», — але яна знікла (20 ліпеня 1966 г.).

*** Ёсць на Ушаччыне Навасёлкі, вясёлкі, дарогі прасёлы вясёлы золкі зёлкі волкі колкі. Малеча — Шлях Млечны. На хвалях — шалях. Вуліца — цыбуліцца. Прасіла слёзна — Лёзна (18 жніўня 1966 г.).

*** Як зрудзелае лісце з рабіны, Асыпаюцца вераб’і, Вераб’і маіх слоў Будуць вылятаць, Каб ты ўсміхнулася.

Здымаю з цябе сукенку, як супер з кнігі.

Бяссонніца. Стары гадзіннік з боем параўнаць з будзільнікам. У халадзільніка абрываецца сэрца. Маладзік, як член таварыства за няўплату членскіх узносаў.

Асенні ліст танцуе твіст.

З запою выходжу, як з забою, рызыкую сабою. У мяне асенні запой — ап’янілі бары асеннія (6 кастрычніка 1966 г.).

*** Камароўка позняй восенню. Раненька. Прылаўкі заінелыя — белыя. Паляць у бочках для смецця скрынкі, як у лагеры бежанцам, цыганы грэюць рукі. Яблыкі ў скрынках перасцеленыя саломай, як парасяты, як у закрачаных машынах вязні.

Свінню вязуць у клетцы, як паўстанца. <...>

Белыя прылаўкі, апошні зялёны кроп. Рабіны, семкі. У капусты да хрусту сціснутыя кулакі. На качарэжцы качана алоўкам цана, як у працвярэзніку нумар на пятцы.

Кавун разрэзаны. Халодны, як заінелы. Кавун выбіраюць і хлопаюць па попе, як дзіця пасля купання. Кукуруза на заінелай зямлі, як без чуба.

Твар у міліцыянера, як заход на марознае надвор’е, нездаровы.

Негр з чырвоным шалікам на шыі, як на абвугленым дрэве апошні язык агню (2 снежня 1966 г.).

*** Дзядзька каля Дома ўрада мые ў веснавой лужынцы галёшы на вайлаках (з раёна, відаць, былы партызан) (15 сакавіка 1967 г.).

*** Паэт любіў пісаць у пацёмках, каб не чырванець самому за ўласную прадукцыю (21 сакавіка 1967 г.).

XS
SM
MD
LG