Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца ПАРЭ: Мы чакаем ад Менску далейшых крокаў

  • Аляксандар Лукашук

Прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Ан Брасэр выказала задавальненьне з нагоды вызваленьня беларускіх палітвязьняў і заклікала беларускія ўлады зрабіць наступныя крокі ў бок выкананьня стандартаў Рады Эўропы.

Ан Брасэр: Я вельмі задаволеная, што тых шасьцярых вызвалілі. Але, нягледзячы на гэта, у Беларусі застаюцца сыстэмныя праблемы, і застаюцца іншыя ў турме. Ніхто не павінен знаходзіцца ў турме па палітычных прычынах або па прычынах, зьвязаных са свабодай выказваньня. А гэта ўвесь час мае месца.

Гэты крок можа быць зьвязаны з надыходзячымі выбарамі, але ён быў зроблены ў правільным кірунку. Мы павінны працягваць размову зь беларускімі ўладамі і пераканаць рэжым зрабіць далейшыя крокі, каб Беларусь магла стаць сябрам Рады Эўропы.

РС: Ці пытаньне вяртаньня Беларусі ў Раду Эўропы можа быць пастаўленае на павестку дня ў агляднай будучыні?

Ан Брасэр: Пакуль у Беларусі будзе выконвацца сьмяротнае пакараньне, мы не пагодзімся ўзьняць гэтае пытаньне. Першым крокам павінен стаць мараторый на выкананьне пакараньня сьмерцю. Я горача заклікаю беларускія ўлады зрабіць гэты першы крок на шляху да адмены сьмяротнага пакараньня.

РС: Шмат хто ў Беларусі баіцца, што пры цяперашняй геапалітычнай сытуацыі, расейскай агрэсіі ва Ўкраіне і патрэбе ўтрыманьня прыярытэтаў у эўрапейскай бясьпецы, кіраўнікі Эўропы могуць прыплюшчыць вочы на правы чалавека ў Беларусі...

Ан Брасэр: Мы ніколі не заплюшчым нашы вочы на пытаньні правоў чалавека. Нельга спалучаць правы чалавека зь іншымі пытаньнямі, нельга гандляваць правамі чалавека дзеля вырашэньня іншых пытаньняў. Якраз таму Рада Эўропы зьяўляецца такой важнай арганізацыяй, бо яна займаецца выключна пытаньнямі правоў чалавека і дэмакратыі. Мы не займаемся эканамічнымі пытаньнямі, і пытаньні бясьпекі таксама не ўваходзяць у наш мандат. Таму мы можам пра сябе сказаць з большым правам, чым хто іншы, што мы зьяўляемся абаронцамі правоў чалавека.

Ан Брасэр сёньня была ў Бібліятэцы Вацлава Гаўла ў Празе, дзе абвясьцілі тры кандыдатуры да сёлетняй праваабарончай прэміі Вацлава Гаўла. Імі сталі расейская праваабаронца Людміла Аляксеева ды дзьве арганізацыі — балканская «Моладзевая ініцыятыва» і Арганізацыя аўганскіх жанчын. Гэтая прэмія, якую дае Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы у партнэрстве зь Бібліятэкай Вацлава Гаўла і Фондам Хартыя-77, прысуджаецца грамадзкаму актывісту або недзяржаўнай арганізацыі за заслугі ў праваабарончым руху. Першую прэмію Вацлава Гаўла, у 2013 годзе, атрымаў беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, а другую — азэрбайджанскі праваабаронца Анар Мэмэдлі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG