Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэдні заробак беларусаў зьнізіўся да 392 даляраў, а ў сфэры адукацыі — да 269 даляраў


Намінальная сярэднямесячная заработная плата беларусаў у студзені-ліпені 2015 г. склала 6 млн 542,1 тыс. рублёў, у тым ліку ў ліпені — 7 млн 8,6 тыс. рублёў (460 даляраў паводле курсу на 1 жніўня).

У ліпені ў параўнаньні з чэрвенем намінальная зарплата вырасла на 1,8%, або на 124,9 тыс. рублёў. Пра гэта паведамляе Белстат.

Рэальная заработная плата (заработная плата, разьлічаная з улікам росту спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі) у студзені-ліпені 2015 у параўнаньні са студзенем-ліпенем 2014 зьменшылася на 3,1%, у ліпені 2015-га ў параўнаньні з чэрвенем 2015-га павялічылася на 1,6%.

Аднак пасьля жнівеньскай дэвальвацыі сярэдні заробак беларусаў зноў зьнізіўся — да 392 даляраў паводле сёньняшняга курсу.

У даляравым эквіваленце сярэдні заробак настаўніка ў Беларусі складае 320 даляраў, а ў цэлым у сфэры адукацыі — да 269 даляраў. У Беларусі адукацыя — самая малааплатная галіна.

Сярэдні заробак у сфэры аховы здароўя — 328 даляраў, у тым ліку ў лекараў — 541 даляр.

Сярэдні заробак у сфэры прамысловасьці — 412 даляраў, у будаўніцтве — 459, у транспарце і сувязі — 448 даляраў, у сельскай і лясной гаспадарцы — 301 даляр.

XS
SM
MD
LG