Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унікальны прыватны фэстываль «Жнівень» сабраў гасьцей пад Лепелем


Шосты год запар пасьля жніва лепельцы і госьці зь іншых рэгіёнаў сабраліся на сядзібе Васіля Шкіндзера ў вёсцы Вялікі Поўсьвіж, што ў Віцебскай вобласьці.

«На Лепельшчыне захаваліся песьні жніва. З аднадумцамі мы ладзілі этнаграфічныя вандроўкі на самы край раёна, да доўгажыхарак, якія і навучылі нас сьпяваць ды танчыць па-лепельску. Культура ў нас жывая, а ня згінулая, не рэканструяваная», — расказвае гаспадар аграсядзібы. У спадара Васіля ёсьць дуда, зробленая менскім майстрам на ўзор музэйнай лепельскай дуды. Ён граў на ёй ад раніцы да позьняга суботняга вечара, зачароўваючы гукамі гасьцей ды ўдзельнікаў фэстывалю.

Хто прыехаў?

На сьвяце, між іншым, лішніх людзей не было. Сабраліся разьбяры па дрэве, мастакі, майстры, сьпевакі, людзі, якія жывуць беларускай мовай і культурай у штодзённым жыцьці.

Працы разьбяра Ігара Будрэвіча
Працы разьбяра Ігара Будрэвіча

Майстрыха па саломапляценьні Сьвятлана Чэрнікава прывезла з сабой свае саламяныя вырабы. Чаго тут толькі няма! І лялькі, і сьвяточныя маскі, і нават цмок зь пэрлінкай мудрасьці. Сярод незвычайных саламяных вырабаў — барада. Яна мае архаічную форму. Спадарыня Сьвятлана прывезла бараду з творчых вандровак у Галяндыю. Па словах рамесьніцы, у земляробчых народаў барада сымбалізуе багацьце і ўраджай. Таксама бараду можна заплятаць і ў полі. Толькі тады яна будзе ўяўляць сабой жывы, нязрэзаны снапок, перавязаны стужкамі — падарунак для духа поля, каб залагодзіць яго на новы добры ўраджай ды падзякаваць за ўжо сабраны.

Майстар-кляс па саломапляценьні ад Сьвятланы Чэрнікавай
Майстар-кляс па саломапляценьні ад Сьвятланы Чэрнікавай
Стол з саламянымі вырабамі Сьвятланы Чэрнікавай
Стол з саламянымі вырабамі Сьвятланы Чэрнікавай

З саламянымі вырабамі суседнічаюць дэкаратыўныя кошыкі ды вазы, зробленыя з газэтнай паперы. Адразу і не зразумееш, зь якога матэрыялу зробленыя каляровыя вырабы. Майстрыха Сьняжана Аўтушка прыехала зь Лепеля разам са сваёй маці, Дзямко Тацянай. Жанчыны на фэстывалі ўжо ня першы год, кажуць, што атмасфэра сьвята ім вельмі падабаецца.

Вырабы з газэтнай паперы Сьняжаны Аўтушкі
Вырабы з газэтнай паперы Сьняжаны Аўтушкі
Кветкі з плястыка Дзямко Тацяны
Кветкі з плястыка Дзямко Тацяны

Для мясцовага разьбяра Івана Будзіча ўдзел у жнівеньскім сьвяце на сядзібе Шкіндзера ўжо традыцыя. Майстар трэці год запар выразае з цэлага бервяна фігуры. Гэтым разам у двары гаспадара зьявілася сава, начны ахоўнік сядзібы.

Іван Будзіч выразае саву, начнога ахоўніка аграсядзібы “Поўсьвіж”
Іван Будзіч выразае саву, начнога ахоўніка аграсядзібы “Поўсьвіж”
Пярун і Вялес, якіх выразаў Іван Будзіч, глядзяць на гару Перуна
Пярун і Вялес, якіх выразаў Іван Будзіч, глядзяць на гару Перуна

З традыцыйнымі песьнямі ды танцамі прыехалі з Полацку гурт «Варган» і студэнцкае этнаграфічнае аб’яднаньне «Поўнач» зь Віцебска. Дзяўчаты, каб павесяліць людзей, запрашалі гуляць у беларускія гульні «Бабыль», «На рэчаньку» ды іншыя.

Гурт “Варган” з Полацка
Гурт “Варган” з Полацка
Гульня “Рэчанька”
Гульня “Рэчанька”

Што рабілі?

Акрамя гульняў, сьпеваў ды танцаў, спадар Васіль арганізаваў гасьцям фэстывалю экскурсію ў свой этнаграфічны музэй, што месьціцца на яго падворку. Хата гаспадара побач, за плотам аграсядзібы «Поўсьвіж». Таму далёка ісьці не давялося — як кажуць, за агароды. Сельскагаспадарчыя прылады, рыцарскі рыштунак, калекцыя драўляных колаў ды самавараў, выстава газовак — гэта толькі невялікая частка таго, што кідаецца ў вочы. Экспанаты Васіль Шкіндзер шукае па ўсім раёне. Многае ён набывае. Для ўсіх знаходак аднаго хлява мала, таму гаспадар рыхтуе і другі — для ткацкіх вырабаў. Ды і двухпавярховы дом Васіля і яго жонкі Ірыны, нібы музэй, у якім шмат старых гадзіньнікаў, самавараў, жывапісу.

Частка экспазыцыі этнаграфінага музэя Васіля Шкіндзера
Частка экспазыцыі этнаграфінага музэя Васіля Шкіндзера

Дзённыя забавы скончыліся вячоркамі за агульным сталом. Спадар Васіль Шкіндзер кажа, што ён не падтрымлівае пітную культуру, таму застольля, якое існуе ў звычайным яго паняцьці, не было. Аднак кожны, хто застаўся на вячэру, мусіў устаць ды сказаць колькі слоў пра фэстываль ці адмысловы тост. Спадар Васіль тлумачыць гэтую традыцыю тым, што «чалавек мае сваю вышыню. Таму слова даваць трэба кожнаму. Магчымасьць быць заўважаным яшчэ больш узвышае чалавека».

Дзяўчаты з гурта “Варган” рыхтуюцца пекчы дранікі на вячэру. Зьлева направа: Мая Клёс і Наташа Шыпіла.
Дзяўчаты з гурта “Варган” рыхтуюцца пекчы дранікі на вячэру. Зьлева направа: Мая Клёс і Наташа Шыпіла.
Вячэра за агульным сталом
Вячэра за агульным сталом

Другі дзень сьвята

Самавар пыхціць. Яму больш за сто год
Самавар пыхціць. Яму больш за сто год

На начоўку засталіся толькі гурт «Варган» і этнаграфічнае аб’яднаньне «Поўнач». Сьнедалі за тым жа сталом, што і вячэралі. Першае, за што ўзяўся гаспадар — гэта самавар! Безь яго жыцьцё ў вёсцы было б не такім чароўным. Смак гарбаты зь зёлак бадзёрыць нават болей за звыклую ранішнюю каву. Глыток за глытком, і я ўспамінаю сваю першую сустрэчу са спадаром Васілём на міёрскім фэстывалі прысмакаў. Там Васіль Шкіндзер паіў усіх ахвочых сваёй гарбатай з гэтага ж самавара, якому больш за сто год.

Пасьнедалі, пагутарылі ды паехалі глядзець ваколіцу. Вёска Вялікі Поўсьвіж раскінулася паміж пяці азёр. Містычнае месца з паганскімі багамі Перуном і Вялесам, якія глядзяць на сваю Перунову гару зь лесу. А побач зь імі ляжыць камень-сьледавік. Ёсьць легенда пра тое, што біблейская Ева ішла ў сьпёку па зямлі ды пакінула на камені сьляды сваіх гарачых ножак. Старыя жыхары вёскі ходзяць сюды, каб узяць сілы, вылекавацца ад хваробаў. Расказаў спадар Васіль і пра дзеда, які прыходзіў да каменя зь зернем, насыпаў яго ў сьлядкі Евы, шаптаў замову на добры ўраджай, а пасьля забіраў са сьлядкоў зерне і кідаў у мяхі, перамешваў. Толькі пасьля гэтага сееў зерне ў полі.

Каля каменя-сьледавіка
Каля каменя-сьледавіка

Васіль Шкіндзер — прыхільнік паганства, і не хавае гэтага: «Паганства — гэта прырода, тутэйшая культура, хоць цкуецца прышлым хрысьціянствам. Нічога ня маю супраць хрысьціянства, бо яно аб’яднала народы, аднак я прыхільнік паганства. Чалавек сам вызначае, у каго яму верыць. Кажуць жа людзі: бога баяцца і чорта не гнявіць».

На фоне Перуновай гары. Зьлева направа: Аляксандар і Алёна Субоціны, Васіль Шкіндзер, Марына Латоўская, Анастасія Кірылава, Караліна Цярэнцьева
На фоне Перуновай гары. Зьлева направа: Аляксандар і Алёна Субоціны, Васіль Шкіндзер, Марына Латоўская, Анастасія Кірылава, Караліна Цярэнцьева

Пра фэстываль

Танцоры на адпачынку. Алёна і Аляксандар Субоціны з этнаграфічнага аб’яднаньня “Поўнач” зь Віцебска
Танцоры на адпачынку. Алёна і Аляксандар Субоціны з этнаграфічнага аб’яднаньня “Поўнач” зь Віцебска

Фэстывалю «Жнівень» ужо шэсьць год. Аграсядзібе — восем. «Першы раз давялося цяжка, — прызнаўся спадар Васіль. — Пазычалі апаратуру. Наступныя фэстывалі атрымлівалі фінансавае падтрыманьне ад Эўразьвязу. Сёлета фінансаваньня не было, арганізоўвалі фэстываль сваімі сіламі. Таму і людзей было менш, чым звычайна. Дарогу да аграсядзібы кожны арганізоўваў самастойна», — распавёў спадар Васіль.

Першы фэстываль быў скіраваны на рамесьнікаў і мастакоў, праводзіўся плэнэр. Пасьля сталі больш увагі надаваць фальклёру. А сёлета было шмат песень ды танцаў. Спадар Васіль прызнаўся, што раней не разумеў народныя сьпевы, не краналі яны яго сэрца так, як цяпер. Кажа, што падрос духоўна.

Пра Васіля Шкіндзера

Спадар Васіль паводле адукацыі настаўнік фізыкі і матэматыкі. Аднак у школе працаваў толькі паўтара гады. Кажа, што «адукацыйная сыстэма яму крылы абрэзала». Грае на дудцы, скрыпцы. Былы ўдзельнік лепельскага ансамблю. У дзевяностых гадах падаўся ў камэрсанты. Калі пачалася хваля турызму, набыў дом суседа, каб зрабіць зь яго аграсядзібу. Спадар Васіль расказаў, што таргаваўся з суседам дзесяць год, бо той прасіў зашмат грошай толькі за сьцены і дах.

Васіль Шкіндзер і Уладзімер Крыцкі сьпяваюць: "Хмель-віно зялёнае – усё маё пахмелейка"
Васіль Шкіндзер і Уладзімер Крыцкі сьпяваюць: "Хмель-віно зялёнае – усё маё пахмелейка"

Спадар Васіль зьдзівіў сваёй увішнасьцю і гасьціннасьцю. На кожную просьбу альбо пытаньне рэагуе вокамгненна. Падаецца, што чалавек гэты ня ведае стомы, і, як ваўчок, усё круціцца-завіхаецца ў сваіх справах. Больш за два гады будаваў сваю аграсядзібу. Пасьля заняўся жнівеньскім фэстывалем. Аднак і гэта яшчэ ня ўся дзейнасьць спадара Васіля. Разам зь сябрамі-аднадумцамі ходзіць у паходы, ладзіць роварныя паездкі па Лепельскім раёне і заплывы на байдарках па мясцовых рэках. Гукаюць вясну, адзначаюць Купальле. Усё робяць сяброўскім колам, а яно «дужа крэпкае», — адзначае спадар Васіль.

Кнігі і мёд краязнаўцы і гісторыка Валера Тухты
Кнігі і мёд краязнаўцы і гісторыка Валера Тухты
Саламяныя вырабы Святланы Чэрнікавай
Саламяныя вырабы Святланы Чэрнікавай
Бард Аляксандар Астроўскі выбірае для дачкі хусьцінку, расьпісаную тэхнікай батык
Бард Аляксандар Астроўскі выбірае для дачкі хусьцінку, расьпісаную тэхнікай батык


Марына Яўсейчык для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG