Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як хутка будзе памілаваная «Пагоня»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Памілаваныя нарэшце палітвязьні. Апроч першага нашага палітвязьня, беларускага «рыцара на кані зь мячом».

Дваццаць гадоў безь віны вінаваты. Сёньня відавочна: ня быў бы рэпрэсаваны рыцар, не было б палітвязьняў. Яны па сутнасьці абаранялі рыцарскую дэмакратычную Беларусь, яе рэшткі.

Як жа вярнуць «Пагоню», «не губляючы твару»?

Зараз неабходна гучна заявіць, што Беларусь не на словах належыць да эўрапейскай супольнасьці, а сваімі гістарычнымі каранямі, традыцыямі і рыцарскай сваёй годнасьцю. Таму мы вяртаем у лёсавызначальны час сваю «Пагоню», свайго заступніка. Выбачайце, проста трымалі ў загашніку. Нічога яму не зрабілася, «у цэласьці і захаванасьці». Як быў рыцарам, так і застаўся. Рыцарам да нягодаў не прывыкаць, толькі загартаваўся. Вяртаем на законнае месца, геры, містэры, мсье і сіньёры. Жыве Беларусь!

Што патлумачыць насельніцтву? Насельніцтву нічога тлумачыць не абавязкова. Сказаць, што так трэба. Усё. Яму будзе дастаткова. Што скажа начальства, так і будзе. Тым больш, насельніцтву заўсёды ўсё роўна. Далі «Пагоню». Забралі. Назад вярнулі. Няхай.

Досьвед начальства за дваццаць гадоў: найбольшы эфэкт, калі хочаш нечага ад Эўропы, даюць крокі, якія яму нічога не каштуюць. Росчырк пяра толькі. Вярнуць «Пагоню», напрыклад. Вось ён — старажытны герб беларусаў, годны і надзейны! Усё. І нібы само ўжо на кані, са шчытом і мячом, зусім па-рыцарску. Не па-старамоднаму з каласкамі ў руцэ, як Мікіта Сяргеевіч на чорна-белых газэтных здымках у архаічныя часы хуткаснай пабудовы камунізму. Мы, беларусы — рыцарскі самастойны народ! Ніякага вам дачыненьня да гэтак званага «рускага сьвету», прыдуманага каварнымі і бязьлітаснымі людзьмі, «рыцарамі плашча і кінжала».

Час праявіць сваю зубастасьць у сапраўды вартай, галоўнае — у высакароднай справе. Гістарычнай важкасьці для Беларусі. Іншага выйсьця няма. Толькі быць разам з нашай Маці-Эўропай. Так, яна палахлівая, маланадзейная, але заступаецца так ці інакш за Ўкраіну, не дае зьнішчыць.

За Беларусь ніхто не заступіцца, яна ж сама ўлезла ў Расею, добраахвотна. Але цяпер у іх адзіная з Расеяй дзяржава, «саюзная». Так што за яе ніхто рот не раскрые нават. Сама сябе паляўнічым трафэем зрабіла. Сама лезла ў пашчу дракона, наіўна лічыўшы, што прыручыла. А ў яго проста нястраўнасьць часовая была…

Годзе, нельга марудзіць. Ня час спачываць на ляўрах. Гісторыя нам не даруе страчанага шанцу выправіць памылку. Хутчэй рыцара назад! З кім не здараецца, бывае, не памыляецца той, хто нічога ня робіць.

А калі наш друг з прэтэнзіямі: РБ — частка СДБР!, мы яму — твая была з савецкім гербам, а ў нас рыцарскі, так што арывэдэрчы, аміга, разыдземся палюбоўна, мала табе сёньня санкцый? Ну, а калі ён не стрымаецца, то тады сапраўды «выйдзем шчыльнымі радамі» пад сваім баявым рыцарскім штандарам, кімсьці, здаецца, было абяцана пяцьсот тысяч пад ружжом.

Бо якая можа быць абарона пад сельскагаспадарчым гербам? Пад ім толькі касіць ды бульбу капаць. Ці ня згодныя?

А якія варыянты? Апошнім часам расейскі рубель дрэнна ўплывае на самапачуцьцё беларускага. Пасьля 11 кастрычніка «зайчык» зусім можа страціць здароўе. І ніхто не дапаможа, ні рускія, ні кітайцы. А тут мы ў Эўропу дружыць, са шчытом, з нашай слаўнай «Пагоняй». Народ усё зразумее, ён не такі дурны, як прыкідваецца.

Тым больш: першы крок зроблены — вызваленыя палітвязьні. Зараз неабходна чым хутчэй памілаваць «Пагоню», не спыняцца на паўдарозе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG