Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мошас: За адно вызваленьне палітвязьняў вялікіх грошай Менску не дадуць


Аркадзь Мошас

Аркадзь Мошас

Рэакцыю Эўразьвязу на вызваленьне палітвязьняў у Беларусі мы папрасілі пракамэнтаваць дырэктара дасьледчых праграмаў Фінскага інстытуту міжнародных дачыненьняў Аркадзя Мошаса.

РС: У Беларусі ўказам прэзыдэнта Лукашэнкі былі вызваленыя ўсе асобы, якія фігуравалі ў заходніх сьпісах як палітвязьні. Але наперадзе выбары і невядома, як яны пройдуць. Акрамя таго, пасьля вызваленьня палітвязьняў Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў зьнешняй палітыцы Фэдэрыка Магерыні і эўракамісар па эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні Эўразьвязу Яганэс Ган выступілі з супольнай заявай, у якой віталі крок афіцыйнага Менску, але разам з тым дадалі, гаворачы аб вызваленых людзях — «цяпер мы спадзяемся, што ўлады Беларусі зьнімуць усе абмежаваньні на ажыцьцяўленьне ў поўным аб’ёме іх грамадзянскіх і палітычных правоў».

Як вы лічыце, вызваленьне палітвязьняў прыбірае апошні «камень спатыкненьня» на шляху нармалізацыі адносінаў ці застаюцца нейкія катэгарычныя ўмовы Эўразьвязу і калі нейкае пацяпленьне і адбудзецца, то нязначнае?

Мошас: Я мяркую, што ня варта казаць пра тое, што прыбіраецца апошняя перашкода, што выкананая апошняя катэгарычная ўмова. Сытуацыя вяртаецца на нейкі рубеж, адыгрываецца крыху назад. Сапраўды, здымаецца найбольш абуральная перашкода, пры наяўнасьці якой наагул нічога нельга было зрабіць. Але трэба памятаць, што рэабілітацыя палітвязьняў, а ня толькі іх вызваленьне, было патрабаваньнем, якое фігуравала, і дастаткова важка, ад пачатку.
І я б сказаў, што існуе агульнае меркаваньне, што ўнутрыпалітычная сытуацыя ў Беларусі павінна паступова лібэралізавацца. Тое, як адбылося вызваленьне палітвязьняў, як ім было дадзенае прэзыдэнцкае памілаваньне, хутчэй падкрэсьлівае адсутнасьць вяршэнства права ў Беларусі і выводзіць на першы плян пытаньні правоў чалавека і палітычных свабодаў.

Рэабілітацыя палітвязьняў, а ня толькі іх вызваленьне, было патрабаваньнем, якое фігуравала, і дастаткова важка, ад пачатку.

Безумоўна, цяпер у Эўропе адбываецца лябіяваньне нармалізацыі стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Аднак усе выдатна памятаюць, як адбываўся аналягічны працэс да прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году і чым ён скончыўся. Цяперашняя сытуацыя адрозьніваецца ад таго, што было тады, але тым ня менш урокі таго вопыту нікуды не падзеліся.

Пакуль можна гаварыць толькі пра тое, што мы бачым з боку некаторых краінаў ЭЗ і бюракратыі ЭЗ жаданьне нармалізаваць адносіны і такім чынам адрапартаваць аб посьпеху. Але я мяркую, што пытаньне яшчэ не вырашанае, і рана прадказваць, што старонка будзе перагорнутая ў бліжэйшы час.

РС: Рашэньню Менску аб вызваленьні палітвязьняў папярэднічала шматмесячная дыпляматычная актыўнасьць, шматлікія перамовы, той жа эўракамісар Ган прыяжджаў у Менск. Ці ня думаеце вы, што зьдзелка «нешта за нешта» была падчас гэтых перамоваў заключаная? На ваш погляд, што афіцыйны Менск можа атрымаць за гэты крок?

Мошас: Некалькі тыдняў таму адносна 24 прадстаўнікоў рэжыму было спыненае дзеяньне санкцыяў. Гэта цяжка разглядаць у якасьці прамога разьмену на палітвязьняў, але свой крок насустрач ЭЗ ужо зрабіў. Я не выключаю, што пасьля 11 кастрычніка вынікі выбараў будуць прызнаныя. І гэта будзе вельмі істотным зрухам у пляне зьмены палітыкі ЭЗ. Бо пасьля выбараў 2010 году размова ішла пра непрызнаньне іх вынікаў і пра тое, што Беларусьсю кіруе нейкі грамадзянін Лукашэнка. У кастрычніку сёлета, як мне падаецца, вынік выбараў будзе прызнаны, прагрэс будзе адзначаны. І адбудзецца легітымізацыя вынікаў выбараў, што вельмі важна, таму што гэта адбудзецца ўпершыню за 20 гадоў.

Што тычыцца масіраванай эканамічнай дапамогі, а, як мне ўяўляецца, менавіта на гэта і робіць стаўку афіцыйны Менск, гэтага я б зараз не прадказваў з розных прычынаў.

РС: Аркадзь, і вы, і многія іншыя гавораць пра прызнаньне выбараў. А што гэта такое? І пасьля выбараў 2010 году ўсе ізноў прызначаныя паслы краінаў ЭЗ і пасол ЭЗ спраўна ўручалі даверчыя лісты чамусьці таму самаму «грамадзяніну Лукашэнку». І на менскія перамовы па Ўкраіне спадарыня Мэркель і спадар Алянд ехалі таксама на фармальнае запрашэньне гэтага грамадзяніна. Дык хіба дэ-факта прызнаньня няма?

Мошас: Вы абсалютна маеце рацыю. Дэ-факта статус Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі як кіраўніка і прэзыдэнта Беларусі па вялікім рахунку ніколі ня ставіўся пад сумнеў. Але тым ня менш у міжнародных стасунках ёсьць адрозьненьне паміж прызнаньне некаторых рэчаў дэ-факта і дэ-юрэ. Я мяркую, што ў кастрычніку можа адбыцца зьмена гэтых акцэнтаў і прызнаньне дэ-юрэ.

Можа адбыцца скасаваньне візавых санкцый адносна асабіста прэзыдэнта.

Гэта рэч для эўрапейцаў істотная. Іншая справа, што за гэтым не абавязкова адбудзецца, а хутчэй за ўсё не адбудзецца, нейкі фінансавы прарыў. Хаця рашэньняў аб аказаньні мінімальнай фінансавай падтрымкі таксама выключаць нельга. Урэшце мы памятаем, як Усходняя Нямеччына выдатна гандлявала сваімі палітвязьнямі з Заходняй. Прэцэдэнты знайсьці лёгка. Але стратэгічных зьменаў у пляне аказаньня эканамічнай дапамогі вызваленьне палітвязьняў у Беларусі не спародзіць.

А ў палітычным сэнсе ёсьць розьніца паміж прызнаньнем дэ-факта і дэ-юрэ. Можа адбыцца скасаваньне візавых санкцый адносна асабіста прэзыдэнта, ператварэньне яго ў фігуру, якую дапусьцяць у Эўропу, і палічаць, што яму можна паціскаць руку. На такія рэчы прынята зьвяртаць увагу.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG