Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас турма — мадэль свабоды, а свабода — копія турмы» — анархісты Аліневіч і Дзядок


Былыя палітвязьні, актывісты анархісцкага руху Ігар Аліневіч і Мікалай Дзядок мяркуюць, што ў Беларусі справа ідзе да мясцовага Майдану, які, аднак, можа значна адрозьнівацца ад падзей ва Ўкраіне, бо беларусы — людзі іншага мэнталітэту.

«Ці магчымы беларускі Майдан?» — такое пытаньне было зададзенае Мікалаю Дзядку і Ігару Аліневічу падчас гутаркі ў менскай студыі Радыё Свабода. Актывісты анархісцкага руху ў Беларусі Ігар Аліневіч і Мікалай Дзядок амаль па 5 гадоў адбылі за кратамі за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў і выйшлі на волю 22 жніўня паводле ўказу аб памілаваньні. Выявілася, і ў зьняволеньні абодва мелі магчымасьць праз прэсу, у тым ліку недзяржаўную, сачыць за падзеямі ва Ўкраіне і маюць адносна іх сваю пэўную пазыцыю.

Мікалай Дзядок: «Беларускі Майдан магчымы — у тым сэнсе, што магчымы масавы пратэст з пазытыўнымі вынікамі. Але, калі казаць пра прагнозы, дык тое, што ў нас адбудзецца, ня будзе дакладнай калькай з Майдану. Бо ва ўкраінцаў іншы мэнталітэт, у нашых краін рознае геапалітычнае становішча. У нас будзе свой Майдан, зь беларускім калярытам».

Карэспандэнт: І калі, на вашую думку, гэта адбудзецца? Пакуль, як здаецца, тых, хто падтрымлівае ў Беларусі ідэю Майдану — адзінкі, а значная большасьць кажа: «Ня дай Бог у нас паўторыцца тое, што ва Ўкраіне». Як быць?

Мікалай Дзядок: «У пачатку ХІХ стагодзьдзя ў Расеі быў такі аўтар Іваноў-Разумнік, які сказаў словы, якія я запомніў. Што ідэі перамагаюць не колькасьцю сваіх прыхільнікаў, а калі вытрымліваюць праверку агнём. Гатовы падпісацца пад гэтымі словамі. Будзе Майдан ці не — гэта залежыць не ад таго, колькі людзей зараз на вуліцы вам адкажуць, што „Так, Майдан — гэта крута“. А ад таго, як павядуць сябе рэвалюцыянэры, як павядуць сябе здаровыя палітычныя і сацыяльныя сілы менавіта у той момант, калі пачне, скажам так, гарэць гэты агонь. Сёньня гэтак — заўтра можа быць інакш. Хто чакаў Майдану ў тым выглядзе, у якім ён адбыўся ва Ўкраіне? Ніхто.

Многія палітолягі казалі, што вось-вось праз пару дзён пратэстоўцы разыдуцца па дамах. Ці хто чакаў арабскую вясну? Ніхто не чакаў».

Ігар Аліневіч: «Таксама згодны зь Мікалаем адносна магчымасьці нашага беларускага Майдану. Дадам пра мэнталітэт беларусаў, які часта абмяркоўваюць. Мэнталітэт ў народаў розны да таго, што для некаторых нават нязначнае пагаршэньне сытуацыі ці нейкае гучнае пагаршэньне пэўнага права людзей, нават ў адзінкавым выпадку, можа выклікаць лавіну пратэсту. Гэтак было ў Грэцыі ў 2008 годзе, дзе паліцыянты забілі падлетка-анархіста. Беларусы, вядома, не такія і гэтак не рэагуюць. Увогуле ня ведаю, адкуль бярэцца меркаваньне, што беларусы ганарлівыя, сумленныя — гэта, паводле маіх назіраньняў, не адпавядае рэчаіснасьці. У нас турма — мадэль свабоды, а свабода — копія турмы. Настроі зэкаў нічым ня розьняцца ад настрояў у грамадзтве. Тыя ж прапорцыі, таму магу прыкладна ўявіць, колькі людзей гатовыя пайсьці на прынцып і колькі тых, хто гатовы падтрымаць тых, хто пойдзе на прынцып. Але справа ня ў колькасьці. Нават 10% актыўнай меншасьці здольная звярнуць горы, а гэта ўсяго некалькі соцень тысяч чалавек».

Паводле Ігара Аліневіча і Мікалая Дзядка, у зьняволеньні яны «толькі загартавалі» свае анархісцкія погляды, ў тым ліку захавалі прыхільнасьць да пэўных мэтадаў палітычнай барацьбы.

Цалкам гутарку з былымі палітвязьнямі Ігарам Аліневічам і Мікалаем Дзядком можна праглядзець на сайце Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG