Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызваленьне Мікалая Статкевіча ўнесла сумятню ў шэрагі прынамсі часткі апазыцыі. Многія пляны будаваліся з улікам сытуацыі «Беларусь з палітвязьнямі». Ужо наколькі яны былі дзейснымі — гэта асобнае пытаньне, але яны былі па меншай меры ідэалягічна абгрунтаванымі: амаральна ўдзельнічаць у выбарах, калі за кратамі застаюцца людзі, якія трапілі туды за свае перакананьні. З гэтым і раней можна было паспрачацца, але канцэпт быў у наяўнасьці. І сплыў.

Пра што сказаў адразу пасьля вызваленьня і сам Статкевіч. Паводле яго словаў, пакуль ён сядзеў, у яго быў плян дэлегітымізацыі выбараў, а Лукашэнка гэты плян зламаў, «выгнаўшы» палітвязьняў на волю. Цяпер таму ж Статкевічу давядзецца прапаноўваць апазыцыі нешта новае.

Пачаў ён з таго, што даў лёгкія поўхі калегам па апазыцыі, прычым розным. На вакзале заявіў, што «ня мае сэнсу байкот слабакоў, якія не сабралі подпісы» (сяброўскі поціск рукі Анатолю Лябедзьку і Сяргею Калякіну), а на наступны дзень сказаў, што ў сьпісе кандыдатаў, якія здалі подпісы на рэгістрацыі, «сапраўдных апазыцыянэраў і блізка няма» (гарачае прывітаньне Тацьцяне Караткевіч). У сваім праве — з-за кратаў гульні людзей на волі выглядаюць, напэўна, дробнымі і несур’ёзнымі.

Але раздача поўхаў — не варыянт дзеяньняў, а варыянтаў насамрэч няшмат.

У прынцыпе ня выключаны палітычны саюз з Караткевіч. Кандыдатка пазбаўляецца ад кляйма спарынг-партнэра Лукашэнкі, згодніцы, якое на яе ўпарта ставіць частка апазыцыі, Статкевіч атрымлівае магчымасьць удзельнічаць у легальным палітычным працэсе. Паўтор яго тэлевыступу 2010 году, але ўжо ў якасьці даверанай асобы Караткевіч — гэта было б моцнае відовішча. Такі альянс кагосьці зьдзівіў бы, але палітыка наогул — занятак, багаты на нечаканасьці.

Іншы варыянт — гэта альянс з палітыкамі, якія альбо выбылі з выбарчай гонкі (Лябедзька, Калякін) альбо ня ўдзельнічалі ў ёй (Някляеў). Аднак узьнікае пытаньне пра мэту. Складаньне рознага роду кааліцыяў — рэч сама па сабе выдатная, адзінства лепш за сваркі. Але ў краіне адбываюцца выбары. На чыйсьці погляд — «нявыбары -дурыбары». Анатоль Лябедзька, напрыклад, пасьля заявы аб тым, што не сабраў подпісы, прапанаваў дасьціпны, крыху постмадэрнісцкі канцэпт: не сабраў подпісы — так ня вельмі і напружваўся, паколькі выбараў няма, я працягваю сваю кампанію, не траплю на БТ, апублікую свой выступ у ФБ. Па формуле хіпі 60-х — «яны абвесьцяць вайну, а на яе ніхто не прыйдзе». Прыгожа, але мяркуючы па ўсім не зрабіла належнага ўражаньня нават на Статкевіча («слабакі» — памятаеце?). Калі ўчорашні палітвязень, змацаваўшы сэрца, далучыцца да гэтага пэрформансу, ці зробіць гэта яго больш пераканаўчым?

Магчымая і іншая мэта — праславутая «дэлегітымізацыя выбараў», якую Статкевіч згадаў у сваёй першай прамове на Мінскім вакзале. Чамусьці ўяўляю сабе рабацягу з Клімавічаў, гандлярку з Маларыты, ды хоць і ІТ-шніка з Менску, якім кажуць: «Наша мэта — дэлегітымізацыя выбараў». Чаго, родны?

Не, у Брусэлі і Вашынгтоне напэўна адрэагуюць інакш, ім гэтая велічная стратэгія, уласна кажучы, і можа быць адрасаваная. Але, па-першае, пры ўсёй спакусе амэрыканскіх і эўразьвязаўскіх чыноўнікаў іх рашэньне наконт дэлегітымізацыі чаго-небудзь у Беларусі залежыць якраз ад рэакцыі на гэтую ініцыятыву згаданых пэрсанажаў з беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак. Калі такая мэта не запаліць энтузіязмам апошніх, то ня вельмі ўсхвалюе і насельнікаў замежных сталіцаў.

А па-другое, у гэтых самых насельнікаў могуць быць іншыя пляны. Яны даволі доўга рыхтавалі замірэньне з Лукашэнкам, зыходзячы з мноства фактараў, якія моцна зьмяніліся або ўзьніклі з тых часоў, як Мікалай Статкевіч трапіў за краты. Быў камень спатыкненьня ў выглядзе палітвязьняў — цяпер ён ссунуты з дарогі нармалізацыі адносінаў. Якая патрэбна абодвум бакам ў сьвятле і Ўкраіны, і Пуціна, і эканамічнага крызісу, які, магчыма, як у 2008 годзе, накрывае ўсіх, а ня толькі Беларусь і Расею — а тут дэлегітымізацыя. Выбачайце, не да яе.
Застаецца плошча, якая, акрамя ўсяго іншага, і ёсьць адзін з магчымых інструмэнтаў той самай дэлегітымізацыі. Але тут узьнікае шмат «але». Зь якой нагоды? «Скралі перамогу»? У каго? У Караткевіч? Сумнеўна, што яна цёпла павіншуе з перамогай вядома каго, але і заяўляць пра тое, што ў яе скралі належнае ёй па праве месца на Маркса, 38, яна таксама наўрад ці стане. Дык у каго што скралі? Перамогу ў Статкевіча? Моцны матыў, калі меркаваць, што вельмі многія беларусы вельмі хацелі і хочуць гэтай перамогі. Гэта па меншай меры невідавочна. На адмову ў рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы грамадзтва адрэагавала засмучальна спакойна.
Ну і ёсьць кантэкст, так бы мовіць. У гэтым годзе лідэры апазыцыі нікога на плошчу не заклікалі ня толькі і, магчыма, ня столькі з-за страху. Беларусам дастаткова ўключыць тэлевізар і паглядзець па беларускім або расейскім (а хоць бы і па ўкраінскім або польскім) тэлеканале сьвежыя рэпартажы з данбаскага фронту. Не заўсёды, але прынамсі часам наступствам Майдану робіцца і такое. Данбаская карцінка моцна дэматывуе ладзіць дома нешта падобнае нават людзей, якія цярпець ня могуць дзейнага кіраўніка.

У выніку можа атрымацца ня натхнёна і нават не трагічна, а варта жалю. Прыйдзе на плошчу пару тысячаў чалавек, пастаяць і разыдуцца. І мэта?

Зразумела, усе гэтыя варыянты — толькі фармальная схема. Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, аўтар гэтых радкоў ня лічыць, што аглядальнікі, аналітыкі і блогеры разумнейшыя за палітыкаў. Як казаў герой апавяданьня Бабэля, «ён — Кароль, а ў вас на носе акуляры, а ў душы — восень». Асабіста я бачу пакуль без акуляраў, а вось наконт восені ў душы — не без таго. Тое, што палітыкі часам знаходзяць рашэньне там, дзе яго не бачаць людзі, узброеныя толькі фармальнай лёгікай — гэта праўда. І тады яны каралі. Але апісаньне наяўнага стану справаў — занятак прынамсі карысны. Хоць бы для таго, каб зразумець, зь якой сытуацыі, якая ўяўляецца безвыходнай, давядзецца знаходзіць выхад тым, хто хоча стаць Каралём.

Перадрук з парталу TUT.BY

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG