Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатаў на прэзыдэнта назавуць да 1 верасьня


Цэнтральная выбарчая камісія плянуе падвесьці вынікі праверкі сапраўднасьці подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў да 1 верасьня. Такую заяву зрабіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Яна таксама паабяцала зарэгістраваць прэтэндэнтаў 10 верасьня, каб з 11 верасьня яны маглі пачаць агітацыю.

Ужо зразумела, што ў бюлетэнях для галасаваньня на гэтых выбарах ня можа быць болей за пяць прозьвішчаў. А вось меней магчыма. Каб трапіць у лік афіцыйна зарэгістраваных кандыдатаў, трэба мець багаж у 100 тысяч сапраўдных подпісаў.

Лідзія Ярмошына патлумачыла, што вызначаць іх праўдзівасьць будуць тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, якія створаныя ў раёнах і гарадах. А ЦВК толькі падсумуе вынікі ўсіх праверак:

«Для праверкі бяруцца ня менш 20% сабраных подпісаў. У выпадку, калі болей за 15% зь іх прызнаюцца несапраўднымі, правяраюць яшчэ 15%. Калі болей 15% подпісаў па выніках дзьвюх праверак аб’яўляюцца несапраўднымі, то ўсе подпісы ў дадзеным раёне будуць прызнаныя несапраўднымі і не ўвойдуць у агульны балянс подпісаў за канкрэтнага патэнцыйнага кандыдата».

Найбольшую працу камісіям тэарэтычна мусіць даць каманда Аляксандра Лукашэнкі, якая нібыта сабрала 1.761.145 подпісаў. Астатнія прэтэндэнты маюць куды больш сьціплыя вынікі: Мікалай Улаховіч — 159.805, Сяргей Гайдукевіч — 140.735, Віктар Цярэшчанка — 130.404, Тацяна Караткевіч — 107.299.

Праверыць аб’ектыўнасьць тэрытарыяльных камісіяў у апазыцыі магчымасьцяў практычна няма. На ўсю Беларусь у гэтыя камісіі ўключылі толькі 10 апазыцыянэраў. Калі хтосьці што даведваецца, то толькі выпадкова. Так, напрыклад, здарылася з намесьнікам кіраўніка моладзевага крыла Аб’яднанай грамадзянскай партыі «Маладыя дэмакраты» Дзьмітрыем Кавалгіным:

«Я заносіў учора дакумэнты аб вылучэньні нашых актывістаў у склад участковых камісіяў у адміністрацыю Маскоўскага раёну Менску. Я зайшоў у пакой, дзе сядзелі сябры тэрытарыяльнай камісіі. Я іх добра ведаю, бо падчас апошніх парлямэнцкіх выбараў я пісаў на іх скаргі і прысутнічаў на пасяджэньнях. Зараз я зноў пабачыў тых жа самых людзей. Яны сядзелі за сталом і правяралі подпісы, якія толькі што здалі кандыдаты. Я пацікавіўся: ці шмат падробленых подпісаў? І мужчына, мабыць, аўтаматычна мне адказвае: хапае. А пасьля паўзы раптам кажа: я гэта пажартаваў. Спачатку сказаў, а пасьля апомніўся, што сказаў лішняе і пачаў апраўдвацца».

Сёньня апраўдвацца давялося і цяпер ужо былому кандыдату на прэзыдэнта ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку і кіраўніку ягонай ініцыятыўнай групы Віктару Карняенку. У іх актыве толькі 52 тысячы подпісаў.

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка

Спадар Карняенка патлумачыў такі вынік наступным чынам:

«У параўнаньні з папярэднімі кампаніямі сёлета вельмі слаба спрацаваў такі мэтад збору подпісаў як ад дзьвярэй да дзьвярэй. Людзі фактычна адсутнічаюць у сваіх кватэрах, жывуць на лецішчы, зьехалі ў адпачынак. Тыя людзі, якія на папярэдніх кампаніях свабодна зьбіралі за вечар 30, а то і 50 подпісаў, гэтым разам абмяжоўваліся 10-12.

І яшчэ ня спраўдзіліся надзеі на збор подпісаў на прахадных прадпрыемстваў. Мы думалі, што людзі, якім пагражае беспрацоўе, будуць больш актыўнымі. Але яны, схіліўшы галаву, праходзілі міма».

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

А Анатоль Лябедзька заявіў журналістам, што людзі, якія не пабаяліся паставіць за яго подпісы, стануць актывам партыі на выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG