Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раіса Баравікова пра Алу Канапельку: Пайшла ад нас сумленная паэтка


Ала Канапелька
Ала Канапелька

24 жніўня ў 3.40 ня стала беларускай паэткі і перакладчыцы Алы Канапелькі.

Калега і сяброўка Раіса Баравікова дзеліцца сваімі ўспамінамі пра Алу Канапельку:

«Вельмі сумная жалобная вестка. Я ў такім стане, калі не магу паверыць, што Алы Канапелькі больш няма з намі, а яна ж значна маладзейшая за мяне.

Я вельмі добра памятаю, наколькі яркім і цікавым быў яе ўваход у беларускую паэзію. Яна адразу ўвайшла ў літаратуру і стала асобай, заняла сваё адметнае месца. Напачатку яна працавала ў Саюзе пісьменьнікаў, а пасьля не адзін год свайго жыцьця аддала часопісу „Крыніца“, у якім была галоўным рэдактарам. Менавіта ў рэдакцыі „Крыніцы“ Ала Канапелька раскрылася ня толькі як выдатная паэтка, але і як рэдактар і арганізатар, як чалавек, які разумее, што такое паэзія і літаратура, як чалавек, які мае сваё сьветаадчуваньне, свой погляд на літаратуру. Можна адзначыць ня толькі яе глыбокае веданьне літаратуры, але і выдатную рэдактарскую інтуіцыю. Ала Канапелька таксама супрацоўнічала з часопісам „Алеся“.

Ала — вельмі яркая і абаяльная, вельмі сымпатычная, вельмі карэктная. Мела такі адметны погляд на жыцьцё, на людзтва, што немагчыма было не адгукнуцца — ня толькі словам, але і душой.

Ала з Гомельшчыны. Жыла ў інтэрнаце па суседзтве з выдатным беларускім паэтам Анатолем Сысом. Вельмі шмат яму дапамагала. Вельмі любіла сваю дачушку Ганну.

Акрамя болю зараз нічога няма. Гэты сыход заўчасны. Вельмі рана. Беларуская літаратура страціла вельмі сумленнага чалавека, а ня проста выдатную паэтку, якая ўсім сваім жыцьцём працавала на карысьць нашага беларускага слова».

Ала Канапелька нарадзілася ў сялянскай сям’і. У 1978 годзе скончыла Лоеўскую пэдагагічную вучэльню і паступіла на філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту працавала мэтадыстам, з 1988 году — загадчыкам сэктару мэтадычнай працы Дома літаратара СП БССР.

Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1985 году.

У рэспубліканскім друку выступіла ў 1977 годзе ў часопісе «Маладосьць». У 1985 годзе выйшаў зборнік вершаў «Цьвет алешыны».

Ала Канапелька перакладала творы ўкраінскіх, курдзкіх, малдаўскіх, баўгарскіх паэтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG